Грэцы́зм — слова, запазычанае з грэчаскай мовы, а таксама тэрмін, утвораны з грэчаскіх каранёў і афіксаў.
Гісторыя Грэцызмы сустракаюцца ў помніках беларускага пісьменства XIV—XVI стагоддзяў, куды яны траплялі са старажытнарускай мовы, а таксама праз пераклады з грэчаскай мовы рэлігійнай і навуковай літаратуры. Да такіх запазычанняў адносяцца, напрыклад, словы адъ, аксамитъ, ангелъ, антихристъ, канон, мира і іншыя.
Вялікая колькасць грэцызмаў пранікла ў беларускую мову на працягу XVII—XX стагоддзяў праз рускую або польскую мовы-пасрэдніцы.
Характэрныя прыкметы Лексіка грэчаскага паходжання ў сучаснай беларускай мове характарызуецца наступнымі прыкметамі: зычны гук [ф] у пачатку слова: фаза, філасофія; спалучэнні зычных -кс- (сінтаксіс), -ск- (дыск), -пс- (эліпсіс), -мв- (сімвал), -мп- (сімптом) у сярэдзіне слова; спалучэнні -ос (-ас) і -іка (-ыка) у канцы слова: пафас, батаніка; суфіксы -ад(а), -ід(а), -іск: лампада, піраміда, абеліск; пачатковыя гукі [а], [э]: акіян, аўтамат, этап, эпоха; прыстаўкі а-, ан- (ана-), анты-, эў-: агамонія, ангідрыд, антысептык, эўфемізм.
Прадуктыўнымі з’яўляюцца таксама штучныя ўтварэнні слоў на аснове грэчаскіх каранёў і афіксаў, напрыклад, антонім (ад anti — «супраць» і onyma — «імя», «назва»). Большасць грэцызмаў у беларускай мове папаўняюць навуковую тэрміналогію.
Грэчаскі лексічны і міфалагічны матэрыял ляжыць у аснове шэрагу беларускіх афарызмаў, фразеалагізмаў і ўстойлівых словазлучэнняў (альфа і амега, аўгіевы стайні, дамоклаў меч, кануць у Лету). У мастацкай літаратуры грэцызмы выконваюць намінатыўную функцыю.
Гл. таксама Лацінізм
Крыніцы
Літаратура
Катэгорыя:Грэчаская мова Катэгорыя:Беларуская мова Катэгорыя:Запазычанні