Крызіс у Венесуэле — маштабнае эканамічнае і палітычнае ўзрушэнне, якое пачалося ў Венесуэле падчас праўлення Нікаласа Мадуры пасля 2013 года. Крызіс характарызуецца гіперінфляцыяй, катастрафічным падзеннем узроўню жыцця, недахопам тавараў першай патрэбнасці і маштабнай эміграцыяй насельніцтва.
Прычыны Асноўным фактарам дэстабілізацыі стала празмерная залежнасць дзяржавы ад экспарту энерганосьбітаў. Нафта забяспечвала амаль увесь прыток замежнай валюты ў краіну. Калі ў 2014 годзе сусветныя кошты на нафту рэзка знізіліся, валютныя даходы дзяржавы скараціліся, што прывяло да немагчымасці аплачваць імпарт харчавання і тавараў першай патрэбнасці.
Дзяржаўная палітыка папярэдніх гадоў таксама адыграла ключавую ролю. Масавая нацыяналізацыя прыватных прадпрыемстваў прывяла да зніжэння эфектыўнасці вытворчасці і адтоку інвестыцый. Жорсткі дзяржаўны кантроль над цэнамі к зрабіў вытворчасць многіх тавараў стратнай, што выклікала хранічны дэфіцыт у гандлёвых сетках.
Гіперінфляцыя была справакавана бескантрольнай эмісіяй грошай Цэнтральным банкам для пакрыцця дэфіцыту бюджэту. Гэта прывяло да поўнай страты даверу да нацыянальнай валюты і разбурэння фінансавай сістэмы. Сітуацыю пагоршыла сістэма валютнага рэгулявання, якая спрыяла развіццю карупцыі і ўзнікненню чорнага рынку валюты.
Наступствы Адным з самых цяжкіх наступстваў стаў хранічны дэфіцыт харчавання. З-за высокай інфляцыі і адсутнасці тавараў у крамах значная частка насельніцтва сутыкнулася з праблемай недаядання. Гэта з’ява атрымала ў народзе назву «дыета Мадуры». Паводле даных гуманітарных арганізацый, сярэдняя вага жыхара краіны істотна знізілася, а ўзровень беднасці перавысіў 90%.
Сістэма аховы здароўя краіны апынулася ў стане поўнага заняпаду. У бальніцах назіраецца востры недахоп базавых медыкаментаў, антыбіётыкаў і перавязачных матэрыялаў. Гэта выклікала рост дзіцячай смяротнасці і вяртанне хвароб, якія раней лічыліся пераможанымі, такіх як малярыя, дыфтэрыя і коклюш. Рэгулярныя адключэнні электраэнергіі зрабілі немагчымым нармальнае функцыянаванне рэанімацый і дыялізных цэнтраў.
Крызіс выклікаў беспрэцэдэнтную міграцыйную хвалю, вядомую як венесуэльскі зыход. Краіну пакінулі болей 4 мільёнаў грамадзян, што стала найбуйнейшым міграцыйным крызісам у гісторыі Паўднёвай Амерыкі. Большасць бежанцаў накіравалася ў суседнія Калумбію, Бразілію, Перу і Эквадор, што стварыла значную нагрузку на эканоміку гэтых дзяржаў.
Рост злачыннасці і гвалту таксама стаў характэрнай рысай крызісу. Венесуэла стабільна ўваходзіць у лік краін з самым высокім узроўнем забойстваў у свеце. Эканамічная безвыходнасць прывяла да росту вулічнай агрэсіі і ўзмацнення ўплыву ўзброеных груповак, якія кантралююць цэлыя раёны.
Палiтычны крызiс Эканамічны заняпад краіны суправаджаўся вострым палітычным супрацьстаяннем. Пасля смерці Уга Чавеса ў 2013 годзе пасаду прэзідэнта заняў яго пераемнік Нікалас Мадура. Апазіцыя і міжнародныя назіральнікі неаднаразова абвінавачвалі яго ўрад у фальсіфікацыі выбараў, узурпацыі ўлады і падаўленні дэмакратычных свабод.
У 2019 годзе краіна ўвайшла ў стан двоеўладдзя. Старшыня Нацыянальнай асамблеі Хуан Гуайдо абвясціў сябе часовым прэзідэнтам, яго легітымнасць прызналі больш за 50 краін свету, уключаючы ЗША і большасць дзяржаў ЕС. Аднак пры падтрымцы арміі і сілавых структур Мадура здолеў захаваць кантроль над дзяржаўным апаратам.
Важным фактарам крызісу стала ўвядзенне міжнародных санкцый. ЗША і Еўрапейскі Саюз увялі абмежаванні супраць нафтавай кампаніі PDVSA і вышэйшых службовых асоб краіны. Урад Мадуры выкарыстоўвае гэты факт для тлумачэння эканамічных праблем, называючы іх «эканамічнай блакадай». У сваю чаргу, апазіцыя і праваабаронцы падкрэсліваюць, што асноўныя прычыны калапсу ўзніклі яшчэ да ўвядзення санкцый з-за карупцыі і неэфектыўнага кіравання.
Крыніцы
Катэгорыя:Гісторыя Венесуэлы