Дуалі́зм (ад — «дваісты») — філасофскае вучэнне, якое прызнае існаванне двух раўнапраўных пачаткаў — матэрыі і духу, матэрыяльнага і ідэальнага. Выступае як антыпод розных форм манізму, прадстаўнікі якога тлумачаць свет на падставе сцвярджэння першаснасці матэрыі або духу.
Гісторыя і сутнасць У гісторыі філасофіі дуалізм быў накіраваны на прымірэнне маністычных поглядаў і іх сінтэз у межах дуалістычнай сістэмы. Тэрмін «дуалізм» увёў нямецкі філосаф К. Вольф і выкарыстаў яго для азначэння матэрыяльнай і духоўнай субстанцый.
Адным з найбуйнейшых прадстаўнікоў дуалізму з'яўляецца Р. Дэкарт, які лічыў, што быццё падзяляецца на мыслячую (дух) і працяглую (матэрыя) субстанцыі. Суадносіны гэтых субстанцый у чалавека ён вырашаў з пазіцыі псіхафізічнага паралелізму, дзе матэрыяльны і духоўны пачаткі выступаюць незалежна адзін ад аднаго.
І. Кант развіваў вучэнне аб антынамічнасці розуму, якое было падставай дуалістычнага размежавання «рэчаў у сабе» і «з'яў». Для філасофіі Новага часу характэрны формы гнасеалагічнага дуалізму (Дж. Лок, Д. Юм і іншыя). Ён зыходзіць не з проціпастаўлення матэрыяльнай і духоўнай субстанцый, а з проціпастаўлення пазнаючага суб'екта пазнавальнаму аб'екту, што вядзе да абсалютызацыі свядомасці і яе адрыву ад сваёй матэрыяльнай асновы.
Паняцце «дуалізм» сустракаецца таксама ў разнастайных маральных, эстэтычных, палітычных і іншых канцэпцыях, дзе аб'ядноўваюцца несумяшчальныя пачаткі (напрыклад, дабро і зло, прыгожае і агіднае).
Крыніцы
Літаратура