Касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Дзевы Марыі — колішні рымска-каталіцкі храм у Маладзечне.

Гісторыя Манастыр трынітарыяў з’явіўся ў Маладзечне ў XVIII стагоддзі, калі ўладальнікі горада Тадэвуш і Ганна Агінскія ахвяравалі сродкі на ўзвядзенне драўлянага храма Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі. Ахвяраванне было зафіксавана ў 1753 годзе. Меркавана, ініцыятарам гэтага была менавіта Ганна. Побач з касцёлам быў узведзены і будынак кляштара.

У будынку манастыра не толькі ўласна жылі манахі, якія сачылі за касцёлам і праводзілі там літургіі, але таксама знаходзілася прыходская школа і шпіталь для бедных. У школе вучылі грамаце, арыфметыцы, латыні, спевам і ігры на музычных інструментах.

У 1823 годзе касцёл і часткова будынак манастыра згарэлі. Аднаўляць касцёл было немэтазгодна, і, фактычна будынак быў узведзены новы. На гэты раз у стылістыцы збудавання панаваў класіцызм. З’явілася трох’ярусная званіца. Пасля паўстання 1831—1832 гадоў кляштар быў зачынены, праўда, касцёл яшчэ дзейнічаў. Зрэшты, пасля паўстання 1863 года пад кіраўніцтвам К. Каліноўскага касцёл рашэннем уладаў таксама быў зачынены. Храм у 1864 годзе быў перададзены Праваслаўнай царкве. У будынку кляштара размясцілася Маладзечанская настаўніцкая семінарыя.

Калі Маладзечна апынулася на тэрыторыі Заходняй Беларусі, будынак касцёла быў вернуты католікам (храм быў асвечаны ў гонар Святога Казіміра), у манастыры ж размясцілася гімназія. Але падчас Другой сусветнай вайны і храм, і кляштар былі разбураны, а ў пасляваенны час на іх месцы быў пабудаваны станкабудаўнічы завод. Затым будынак быў зачынены і не выкарыстоўваецца.

У 1984 годзе на будынку ўстаноўлена мемарыяльная дошка ў гонар былых вучняў семінарыі. Помнік архітэктуры Корпус манастыра трынітарыяў (анцітрынітарыяў) уключаны ў Спіс помнікаў гісторыі і культуры рэспубліканскага значэння Беларускай ССР, які зацверджаны пастановай Савета Міністраў БССР за № 32 ад 18 лютага 1988 года (Кніга першая, раздзел «Помнікі архітэктуры» № 363).

Архітэктура Касцёл і кляштар фактычна ўяўлялі сабой адзіную архітэктурную кампазіцыю.

Касцёл стаяў на каменным фундаменце. Яго фасад упрыгожвалі дзве высокія вежы, увянчаныя крыжамі. Дах быў крыты гонтай. Хоры касцёла размяшчаліся ўжо ў будынку кляштара. У храме было ўстаноўлена сем алтароў.

Будынак кляштара прамавугольны ў плане, двухпавярховы, з бакавымі рызалітамі, вуглы якіх раскрапаваны лапаткамі. Аконныя праёмы прамавугольныя з простым плоскім абрамленнем з замковымі камянямі. Памяшканні першага паверха перакрыты цыліндрычнымі скляпеннямі з распалубкамі. На другім паверсе перакрыцці плоскія, бэлечныя. Планіроўка анфіладная.

Трох’ярусная званіца квадратная ў плане.

Спасылкі Корпус былога кляштара трынітарыяў

Катэгорыя:Збудаванні Беларусі ў стылі класіцызм Катэгорыя:Храмы Маладзечна