Ара́бская культу́ра — сярэдневяковая культура, якая склалася ў Арабскім халіфаце ў VII—X стагоддзях у працэсе культурнага ўзаемадзеяння арабаў і заваяваных імі народаў. У навуковай літаратуры гэты тэрмін ужываецца як для абазначэння культуры ўласна арабскіх народаў, так і ў дачыненні да сярэдневяковай арабамоўнай культуры іншых народаў, што ўваходзілі ў Халіфат.
Гісторыя фарміравання Фарміраванне ўласна арабскай культуры адносіцца да перыяду ўзнікнення ісламу (VII стагоддзе) і стварэння Халіфата, які ў выніку арабскіх заваяванняў ператварыўся ў велізарную дзяржаву. Заснаваная арабамі дзяржаўна-палітычная супольнасць, дапоўненая рэлігійнай, а ў большасці раёнаў і моўнай супольнасцю, стварыла ўмовы для ўзнікнення агульных форм культурнага жыцця. У VIII—IX стагоддзях на арабскую мову было перакладзена шмат навуковых і літаратурных помнікаў старажытнасці (сірыйскіх, сярэднеперсідскіх, індыйскіх), якія ў перакладах і апрацоўках увайшлі ў арабскае пісьменства і спрыялі пераемнай сувязі з культурай эліністычнага свету, а праз яе — з антычнай і старажытнаўсходнімі цывілізацыямі.
Галоўнымі цэнтрамі фарміравання арабскай культуры ў канцы VII — сярэдзіне VIII стагоддзя адначасова з Дамаскам, сталіцай Амеядаў, былі Мека і Медзіна ў Аравіі, Куфа і Басра ў Іраку. Адсюль арабская культура распаўсюдзілася і далей развівалася ў правінцыях Амеядскага халіфата, на велізарнай тэрыторыі ад Пірэнеяў да ракі Інд. З утварэннем Халіфата Абасідаў (750) цэнтр арабскай культуры перамясціўся з Сірыі ў Ірак, у заснаваны ў 762 годзе Багдад.
У IX—X стагоддзях арабская культура дасягнула найвышэйшага росквіту. Яе здабыткі ўзбагацілі сусветную культуру; найбольш значнымі яны былі ў філасофіі, медыцыне, матэматыцы, астраноміі, геаграфіі, філалогіі, гісторыі, хіміі, мінералогіі, у сферы матэрыяльнай культуры і мастацтва (архітэктура, мастацкія рамёствы). Распад халіфата Абасідаў і ўтварэнне на яго тэрыторыі самастойных дзяржаў прывялі да змяншэння ролі арабскай культуры ў свеце.
У мусульманскай Іспаніі, якая аддзялілася ад Халіфата яшчэ ў VIII стагоддзі, пачала развівацца самастойная, так званая араба-іспанская культура. Ва ўсходніх правінцыях Халіфата з канца IX стагоддзя фарміравалася асяроддзе іранскага культурнага і нацыянальнага адраджэння. Персідская мова выцясняла арабскую, якая заставалася ў асноўным мовай Карана, тэалогіі, філасофіі і некаторых прыродазнаўчых навук. Цэнтры арабскай культуры перамясціліся ў Егіпет і Іспанію. Да канца X стагоддзя Багдад саступіў першынство Каіру. У Паўночнай Афрыцы пры Фацімідах (X—XII стст.) і Айюбідах (XII—XIII стст.) працягвалася развіццё лепшых традыцый арабскай культуры. Значэнне культуры VIII—X стагоддзяў абумоўлена адкрыццём яе стваральнікамі новых сродкаў навуковага, рэлігійна-філасофскага і мастацкага пазнання свету і чалавека. Хоць традыцыі не перарываліся, у творчасці дзеячаў з 2-й паловы XIII стагоддзя запанаваў эпігонскі кірунак, назіралася адставанне ад тэмпаў культурнага прагрэсу ў іншых краінах мусульманскага Усходу і Еўропы.
Бліскучы росквіт перажыла араба-іспанская цывілізацыя ў X—XV стагоддзях. У яе цэнтрах (Кордава, Андалусія, Севілья, Малага, Гранада) найбольшыя поспехі былі дасягнуты ў астраноміі, матэматыцы, хіміі, медыцыне, філасофіі. Літаратурныя творы гэтага перыяду — лепшыя помнікі арабскай культуры. Сусветную вядомасць набылі іспана-маўрытанскае дойлідства і прыкладное мастацтва (гл. Маўрытанскі стыль). У XVI стагоддзі, калі арабскія краіны ператварыліся ў правінцыі Асманскай імперыі, арабская культура прыйшла ў заняпад.
Дакладныя і прыродазнаўчыя навукі Матэматычныя і астранамічныя веды арабаў фарміраваліся пад уплывам старажытнагрэчаскай навукі і ў сувязі з развіццём яе ў народаў Сярэдняй Азіі, Закаўказзя, Індыі, Персіі і Егіпта. Навуковыя працы Эўкліда, Архімеда, Пталамея сталі вядомыя ў Заходняй Еўропе дзякуючы арабскім перакладам. Уяўленне аб шарападобнасці Зямлі дало магчымасць арабскім вучоным правесці вымярэнні дугі зямнога мерыдыяна (827). Яны ўнеслі папраўкі і дапаўненні ў астранамічныя табліцы, далі назвы многім зоркам (напрыклад, Альдэбаран, Міцар, Працыён і іншыя).
Выкарыстоўваючы індыйскія лічбы (дзесяць матэматычных знакаў), арабскія вучоныя пачалі праводзіць вылічэнні з вялікімі лікамі. У X стагоддзі гэтыя лічбы сталі вядомыя ў Еўропе і атрымалі назву арабскіх. Арабскія матэматыкі ўвялі паняцце «алгебра» (М. Харэзмі), трыганаметрычныя функцыі, устанавілі залежнасці паміж імі, зрабілі шэраг адкрыццяў у геаметрыі і астраноміі. У Багдадзе, Самаркандзе і Дамаску існавалі астранамічныя абсерваторыі.
Значны ўклад зрабілі арабы і ў развіццё медыцыны. Ібн аль-Байтар апісаў больш за 2600 лекавых прэпаратаў, лекавых і іншых раслін. «Канон медыцыны» Ібн Сіны (Авіцэны) стаў настольнай кнігай заходнееўрапейскіх медыкаў. Шэраг адкрыццяў у фармакалагічнай хіміі зрабіў алхімік Джабір ібн Хаян (VIII ст.).
Геаграфія Арабская геаграфічная літаратура не мела сабе роўных па змястоўнасці і разнастайнасці жанраў. У ёй захавалася апісанне ўсяго мусульманскага Усходу, краін Еўропы, Паўночнай і Цэнтральнай Афрыкі, узбярэжжа Усходняй Афрыкі і Азіі (да Карэйскага паўвострава), Малайскага архіпелага. Працы арабскіх географаў і падарожнікаў з’яўляюцца найважнейшымі, часам унікальнымі сведчаннямі аб народах Сярэднявечча. Геаграфічны светапогляд даісламскіх арабаў адлюстраваны ў старажытнай паэзіі і Каране.
Арабская навуковая геаграфія ўзнікла на мяжы VIII—IX стагоддзяў, калі з’явіліся пераклады і апрацоўкі астранома-геаграфічных прац антычных аўтараў, асабліва Пталамея. Вучоныя (Аль-Батані, М. Харэзмі і асабліва Біруні) выкарыстоўвалі разліковыя правілы і табліцы сферычнай астраноміі. Іх карты паўтаралі карты Пталамея або нагадвалі старажытнаіранскія. У IX стагоддзі імі была створана апісальная геаграфія (Ібн Хардадбех, Кудама ібн Джафар, Аль-Якубі), якая развівалася і ў X—XIV стагоддзях (запіскі Ібн Фадлана і Абу Дулафа, дыярыушы Абу Хаміда аль-Гарнаці, Ібн Джубайра і Ібн Батуты, апісанні падарожжа ў Расію Макарыя Антыяхійскага і іншыя).
Росквіт арабскай геаграфічнай літаратуры прыпадае на X стагоддзе, калі ў працах вучоных класічнай школы (Аль-Істахры, Ібн Хаукаль, Аль-Мукадасі), прысвечаных апісанню гандлёвых шляхоў і мусульманскага свету, змяшчаўся багаты геаграфічны і гісторыка-культурны матэрыял. У XI—XIV стагоддзях узніклі жанры геаграфічных слоўнікаў (аль-Казвіні, Якут, Аль-Бакры) і касмаграфіі (працы аль-Казвіні, Аль-Дзімашкі, Абу-ль-Фіды). У Еўропе найбольш вядомыя былі працы Аль-Ідрысі (1100—1165 ці 1161), творы якога з 70 картамі (дзе пазначана і рака Прыпяць) лічацца лепшым геаграфічным трактатам Сярэднявечча.
У далейшым развіццё геаграфіі ішло па шляху стварэння шматлікіх кампіляцый (творы Аль-Макрызі). Геаграфічныя раздзелы ў творах Ан-Нувайры, Аль-Умары, Аль-Калкашандзі, Ібн Маджыда (лоцман Васка да Гамы, XV ст.) і аль-Мехры (XVI ст.) абагульнілі тэорыю і практыку мараплавання.
Філасофія Працяглы час арабская філасофія была цесна звязана з тлумачэннем ісламу. На мяжы VII—VIII стагоддзяў у яе асяроддзі вяліся дыскусіі пра сутнасць і атрыбуты Бога, абсалютную прадвызначанасць свету, свабоду чалавека ў ім, паходжанне Карана і іншае, што прывяло да ўзнікнення мусульманскай рацыяналістычнай тэалогіі — калама.
Асноўныя школы і кірункі У межах калама вылучылася школа мутазілітаў (заснавальнік Васіль ібн Ата, тэарэтыкі аль-Алаф, ан-Назам, аль-Джахіз). Яе прадстаўнікі арыентаваліся на традыцыі Арыстоцеля і неаплатонікаў, сцвярджалі прыярытэт веры над розумам, спрадвечнасць Карана, праводзілі ідэі монатэізму.
Рэакцыяй на мутазілізм стала ханбаліцкая школа (заснавальнік Ахмад ібн Ханбала) прыхільнікаў суніцкага традыцыяналізму, якія заклікалі арыентавацца на лад жыцця прарока Мухамеда і яго «праведных продкаў», выступалі супраць новаўвядзенняў у веравучэнні і праве. На пачатку X стагоддзя прадстаўнікі новага кірунку каламу — ашарызму (заснавальнік Абу-Хасан аль-Ашары) зрабілі спробу кампрамісу з вучэннем традыцыяналістаў-дагматыкаў.
Другой формай апазіцыі артадоксам і прыхільнікам рацыяналізму стаў містыка-аскетычны кірунак у ісламе — суфізм. Злучыць ісламскі традыцыяналізм з суфійскімі ідэаламі імкнуліся Абу-Хамід аль-Газалі (1058—1111) і Ібн Арабі (1163—1240). У гэты ж перыяд распрацоўвалася і рэлігійна-філасофская сістэма шыізму.
Усходні перыпатэтызм Жаданне навукова абгрунтаваць ісламскую тэалогію абумовіла цікавасць да антычнай філасофскай спадчыны. Асновай арабскай філасофіі стаў «неаплатанізаваны» арыстоцелізм — усходні перыпатэтызм. Ідэі ўсходняга перыпатэтызму развіты ў творах Фарабі і Ібн Сіны. Тайнае рэлігійна-філасофскае таварыства «Браты чысціні» (2-я палова X стагоддзя) імкнулася спалучыць іслам з эліністычнай філасофіяй.
Заходне-арабская філасофія У XII стагоддзі цэнтр арабскай філасофіі перамясціўся ў мусульманскую Іспанію і Паўночную Афрыку. Заснавальнікам заходне-арабскай філасофіі лічыцца сарагоскі філосаф Ібн Бадж (каля 1070—1138). Яго рацыяналістычную лінію працягваў Ібн Туфайль (1110—1185).
Вяршыні заходне-арабская філасофія дасягнула ў вучэнні Ібн Рушда, які лічыў, што бессмяротны толькі агульны чалавечы розум у яго гістарычным развіцці. Заснавальнікам філасофіі гісторыі і арыгінальнай сацыялагічнай тэорыі быў Ібн Хальдун.
Арабская філасофія аказала значны ўплыў на еўрапейскую філасофію і сусветную духоўную культуру.
Гістарычная навука Арабская гістарыяграфія як самастойная дысцыпліна вылучылася на мяжы VIII—IX стагоддзяў. Першыя запісы гістарычнага зместу адносяцца да канца VII стагоддзя. Матэрыялам для ранніх помнікаў гістарычнай літаратуры на арабскай мове служылі гісторыка-генеалагічныя паданні арабскіх плямёнаў, напаўлегендарныя паведамленні пра даісламскія дзяржавы ў Паўднёвай Аравіі і пра арабскія княствы ў Сірыі і Іраку, а таксама рэлігійна-гістарычныя паданні пра ўзнікненне і пашырэнне ісламу. Значную ролю адыгралі астранамічныя веды (устанаўленне храналогіі сусветнай гісторыі), іранскія гісторыка-эпічныя і іўдзейска-хрысціянскія паданні.
Ідэю дыдактычнай каштоўнасці гісторыі, прынятую большасцю мусульманскіх гісторыкаў, найбольш дакладна сфармуляваў Ібн Міскавайх. Спробу выкладаць гістарычныя падзеі ў іх прычыннай сувязі зрабіў Ібн Хальдун, распрацаваўшы арыгінальнае вучэнне пра агульныя законы развіцця грамадства.
Асноўныя этапы і прадстаўнікі Найбуйнейшым прадстаўніком ранняга перыяду арабскай гістарыяграфіі з’яўляецца Мухамед аз-Зухры (памёр у 741 ці 742). Першы вялікі гістарычны твор на арабскай мове (гісторыя старажытных прарокаў і жыццяпіс Мухамеда) стварыў Ібн Ісхак (каля 704—768 ці 767). Значныя працы пакінулі Аль-Вакідзі (747—823), Ібн Сад (памёр у 845) і іншыя. Гісторыкі VIII—IX стагоддзяў прысвячалі свае творы арабскім заваяванням, грамадзянскім войнам у Халіфаце VII — пачатку VIII стагоддзя.
Цэнтрам арабскай гістарыяграфіі доўгі час быў Ірак. Найбольш значныя працы па ўсеагульнай гісторыі пакінулі Аль-Белазуры (каля 820 — каля 892), Абу Ханіфа ад-Дынаверы (памёр каля 895), Аль-Якубі, Ат-Табары (832 ці 839—923, аўтар шматтомнай «Гісторыі прарокаў і цароў»), Аль-Масудзі (памёр у 956 ці 957), Хамза аль-Ісфахані (памёр у 2-й палове X стагоддзя) і іншыя. Гісторыкі IX—X стагоддзяў вылучаліся энцыклапедычнасцю ведаў (Якубі і Масудзі).
Рэгіянальнае развіццё З 2-й паловы X стагоддзя ў гістарыяграфіі пераважалі дынастыйныя і мясцовыя хронікі: У гістарычнай энцыклапедыі еменскага гісторыка Аль-Хамдані (памёр у 2-й палове X стагоддзя) сабраны звесткі па генеалогіі, гісторыі, археалогіі, геаграфіі і літаратуры Паўднёвай Аравіі. У XII—XIII стагоддзях дынастыйная гісторыя найбольш развіта ў Сірыі, дзе створана ўсеагульная гісторыя Абу-ль-Фіды (1273—1331). У XV—XVI стагоддзях вядучае месца занялі егіпецкія гісторыкі (працы па гісторыі мамлюкаў, гістарычныя энцыклапедыі і ўсеагульныя хронікі), асабліва плеяда гісторыкаў-палігістараў (Аль-Макрызі, 1364—1442), якія пакінулі шматтомныя працы па палітычнай, сацыяльна-эканамічнай і культурнай гісторыі Егіпта.