Рудо́льф Казімі́равіч Жуко́ўскі (, ; ) — мастак, які дзейнічаў у Санкт-Пецярбургу. Жывапісец-жанрыст, малявальшчык, літограф, ілюстратар, карыкатурыст і педагог. Асацыяваны член («прызначаны ў акадэмікі») Імператарскай Акадэміі мастацтваў (з 1853).
Біяграфія Паходзіў са шляхецкага роду, звязанага са светам мастацтва. Бацькі — Казімір і Юстына (з Краўзаў) Жукоўскія. Нягледзячы на тое, што ў метрычных запісах пачатку XIX стагоддзя яны часам пазначаліся як мяшчане, у пазнейшых дакументах сям’я фігуруе як шляхта. Сям’я пражывала ў Беластоку на вуліцы Зялёнай. Рудольф меў старэйшых братоў Яна і Казіміра (нар. 1810), а таксама брата-мастака Караля Жукоўскага (нар. 1814).
Нарадзіўся ў 1814 годзе ў Беластоцкай вобласці (паводле генеральнага каталога Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі — у горадзе Кнышын Беластоцкага павета). Пасля заканчэння гімназіі ў Беластоку ў 1832 годзе разам з братам Каралем пераехаў у Санкт-Пецярбург.
У 1833 годзе (афіцыйна залічаны 1 студзеня 1834 года) разам са сваім братам, мастаком Каралем Жукоўскім, паступіў у Імператарскую Акадэмію мастацтваў. Вучыўся на жывапісным аддзяленні ў партрэтыста Аляксандра Варнека. У 1835 годзе быў удастоены малога сярэбранага медаля за малюнак з натуры. У 1838 годзе атрымаў званне настаўніка малявання, а ў 1839 годзе — званне някласнага мастака. Дэбютаваў на акадэмічнай выстаўцы ў 1839 годзе з акварэллю «Рускі інвалід 1812 года», якую пазней перавёў у літаграфію.
З 1864 года апекаваў удаву свайго брата Караля з двума малалетнімі дзецьмі. Жыў у Санкт-Пецярбургу па адрасе: Кухарскі завулак, 15. Апошнія гады жыцця правёў у беднасці і невядомасці. Скончыў жыццё самагубствам 6 (18) лістапада 1886 года, утапіўшыся ў рацэ Няве.
Творчасць і дзейнасць
У 1840—1844 гадах уваходзіў у пецярбургскі літаратурна-мастацкі гурток выхадцаў з Польшчы і Беларусі, якія групаваліся вакол польскамоўнага альманаха «Niezabudka» («Незабудка»), што выдаваўся пісьменнікам і фалькларыстам Янам Баршчэўскім. Выканаў гравюры для кнігі Яна Баршчэўскага «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях» (Т. 1—4, Санкт-Пецярбург, 1844—1846).
У 1840 годзе мастак пачаў ствараць серыю малюнкаў і аўталітаграфій сатырычнага характару «Рускія народныя сцэны», якая прынесла яму шырокую вядомасць. Працуючы ў «натуралістычнай манеры», блізкай да творчасці Паўла Фядотава і Аляксандра Агіна, ён адлюстроўваў тыповыя сюжэты з пецярбургскага вулічнага жыцця, прадстаўнікоў розных саслоўяў і прафесій. Сярод работ гэтага цыкла: «Купецкая сям’я на прагулцы», «Тэатральная каса», «Непамятная зіма ў Пецярбургу 1842—1843», «Служанка выгульвае сабачак», «Купецкая сустрэча на стрэлцы Васільеўскага вострава», «Гасцінадворцы», «Пачастунак у тракціры да сёмага поту», «Раз’езд Александрынскага тэатра», «Мацыён з пахмелля», «Прадавец мяса для катоў». Літаграфіі існавалі ў двух варыянтах — чорна-белыя і расфарбаваныя акварэллю, некаторыя з іх мелі іранічныя подпісы. Яго альбом «Рускія народныя сцэны» («Scènes populaires russes»; 48 літаграфаваных лістоў; 1842—1843) быў выпушчаны ў Санкт-Пецярбургу выдавецкай установай Дацыаро. Сярод іншых яго вядомых твораў — сцэна палявання на зуброў у Белавежскай пушчы.
У 1840—1860-я гады Жукоўскі актыўна працаваў як мастак-ілюстратар і карыкатурыст. Ён супрацоўнічаў з часопісамі «Рэпертуар і Пантэон», «Заноза», «Ілюстрацыя», «Сусветная ілюстрацыя», маляваў для выдадзеных Мікалаем Някрасавым альманахаў «Фізіялогія Пецярбурга» (сем малюнкаў да нарыса Някрасава «Пецярбургскія вуглы»; 1845) і «Пецярбургскі зборнік» (1846). Выканаў малюнкі да кніг Мікалая Палявога пра Аляксандра Суворава і Барадзінскую бітву, твораў Івана Скобелева, гістарычных аповесцей для дзяцей Пятра Фурмана (пра Артамона Мацвеева, Рыгора Пацёмкіна, Аляксандра Суворава і Міхаіла Ламаносава), аповесці Мікалая Семянтоўскага. Таксама праілюстраваў «Басні» Івана Крылова (36 ілюстрацый, 1867), казку Пятра Яршова «Канёк-Гарбунок» (1840, 1856), казку Ганса Крысціяна Андэрсена «Ёлка і Снежны Балван» (1875) і ўласны твор для дзяцей «Прыгоды Барбоскі» (1875). Некаторыя ілюстрацыі, у тым ліку малюнкі да рамана Аляксандра Герцэна «Хто вінаваты?» і другога тома паэмы Мікалая Гогаля «Мёртвыя душы», засталіся нявыдадзенымі. У 1856 годзе выканаў альбом натурных замалёвак «Віды парку пры сяле Шаблыкіна Арлоўскай губерні ў маёнтку Мікалая Васілевіча Кірэеўскага» (15 літаграфій у два тоны). У 1856—1858 гадах удзельнічаў у стварэнні карыкатурнага альбома «Знаёмыя», у 1867 і 1868 гадах рабіў карыкатуры для «Календара „Искры“». Свае працы падпісваў ініцыяламі «Ж-ий» або «Р. К.».
У 1850-я гады Жукоўскі пісаў сцэны з жыцця рускай правінцыі і цыганскага побыту, звяртаўся да партрэта («Партрэт паэта Нестара Кукальніка з жонкай Соф’яй», 1847; «Партрэт генерала Рыгора Шварца») і батальнага жанру. Ён стаў адным з першых мастакоў, якія адлюстравалі эпізоды пачатковага этапу Крымскай вайны. Увосень 1853 года мастак звярнуўся ў Імператарскую Акадэмію мастацтваў з прашэннем прызначыць яму ў якасці праграмы на званне акадэміка напісанне карціны «на адну з нацыянальных сцэн якога-небудзь народа, што насяляе Расію». У тым жа годзе быў прызнаны «прызначаным у акадэмікі» за карціны «Высадка 2-й брыгады 13-й пяхотнай дывізіі 22 ліпеня 1852 года ў Адэскім порце» і «Праект заезнага дома». У 1854 годзе на акадэмічнай выстаўцы экспанаваліся яго палотны «Рускі фрэгат „Флора“ прымушае ўцякаць тры турэцкія параходы 9 лістапада 1853 года», «Паштамт у сталіцы» і іншыя. У 1856 годзе прадставіў на званне акадэміка карціну аб паражэнні турэцкага корпуса Абдзі-Пашы, аднак Савет Акадэміі прызнаў яе нездавальняючай (цяпер захоўваецца ў Севастопалі, як і яго карціна «Сінопскі бой 18 лістапада 1853 года»). У 1860 годзе зноў падаў прашэнне, прадставіўшы карціны «Хрэсьбіны ў сельскай царкве ў Арлоўскай губерні», «Паміраючы Збавіцель» і «Багародзіца ў смутку», але зноў атрымаў адмову. У 1867 годзе беспаспяхова прасіў залічыць яго ў Дэпартамент геральдыкі пры Сенаце на пасаду жывапісца для вырабу дыпломаў і гербаў.
У 1861—1881 гадах выкладаў у Рысавальнай школе Таварыства заахвочвання мастацтваў, дзе сярод яго вучняў быў вядомы мастак Ілля Рэпін, які з цеплынёй згадваў свайго настаўніка ў мемуарах. Таксама мастак выкладаў у Тэхналагічным інстытуце.
Спадчына Творы Жукоўскага цяпер захоўваюцца ў Дзяржаўным Рускім музеі, Дзяржаўным Эрмітажы, Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі, Дзяржаўным музеі выяўленчых мастацтваў імя А. С. Пушкіна, Дзяржаўным гістарычным музеі, Дзяржаўным літаратурным музеі Расіі, а таксама ў прыватных калекцыях. Месцазнаходжанне многіх работ застаецца невядомым. Архіўныя матэрыялы мастака захоўваюцца ў Расійскім дзяржаўным гістарычным архіве.
Галерэя
Крыніцы
Літаратура
Спасылкі
Катэгорыя:Нарадзіліся ў 1814 годзе Катэгорыя:Памерлі 18 лістапада Катэгорыя:Памерлі ў 1886 годзе Катэгорыя:Мастакі Расійскай імперыі Катэгорыя:Мастакі-жанрысты Расійскай імперыі Катэгорыя:Мастакі-ілюстратары Расійскай імперыі Катэгорыя:Мастакі-партрэтысты Расійскай імперыі Катэгорыя:Выпускнікі Імператарскай Акадэміі мастацтваў Катэгорыя:Выкладчыкі Санкт-Пецярбургскага тэхналагічнага інстытута Катэгорыя:Мастакі-самазабойцы Катэгорыя:Утапіліся Катэгорыя:Мастакі-жанрысты Расіі