Ніна Тарасаўна Пятрэнка () — тынкоўшчыца, поўны кавалер ордэна Працоўнай Славы.
Біяграфія Скончыла Лапіцкую сярэднюю школу. З 1958 года працавала рабочай Лапіцкага лясніцтва ў Асіповіцкім раёне. Асвоіла прафесію тынкоўшчыка, атрымала чацвёрты разрад. З 1960 года наведвала падрыхтоўчыя курсы, вучылася на будаўнічым аддзяленні Мінскага політэхнічнага тэхнікума.
У 1963 годзе Ніна Пятрэнка прыехала ў Бабруйск і была прынята на працу тынкоўшчыкам у будаўнічае ўпраўленне № 27 будаўнічага трэста № 13.
Першым будаўнічым аб’ектам быў жылы дом па вуліцы Лынькова ў мікрараёне № 1 (мікрараён Даманскі), які тады толькі забудоўваўся. У далейшым Пятрэнка працавала на гарадскіх будоўлях па Кастрычніцкай, Інтэрнацыянальнай, Мінскай і Сацыялістычнай вуліцах.
У 1971 годзе Ніну Пятрэнка прызначылі брыгадзірам тынкоўшчыкаў будаўнічага ўпраўлення № 27 будтрэста № 13.
Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 21 красавіка 1975 гады і ад 19 сакавіка 1981 года Ніну Пятрэнка ўзнагародзілі ордэнамі Працоўнай Славы трэцяй і другой ступені.
Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 9 ліпеня 1986 года за поспехі, дасягнутыя ў выкананні заданняў адзінаццатай пяцігодкі і сацыялістычных абавязацельстваў, Пятрэнка ўзнагародзілі ордэнам Працоўнай Славы першай ступені.
Ніна Тарасаўна актыўна праводзіла настаўніцкую працу сярод рабочай моладзі, брала ўдзел у грамадскім і партыйным жыцці горада і вобласці. За выдатныя заслугі ў навучанні маладых будаўнікоў прафесійнаму майстэрству Ніна Пятрэнка была ўдастоена звання «Заслужаны настаўнік працуючай моладзі БССР».
Выбіралася дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР дзясятага склікання (1979—1984), дэлегатам партыйных з’ездаў, неаднаразова выбіралася дэпутатам мясцовых Саветаў дэпутатаў працоўных.
Апошнія гады працавала інжынерам па тэхніцы бяспекі. У 1995 годзе выйшла на пенсію.
Ніна Тарасаўна жыве ў Бабруйску. Выбіралася дэлегатам чацвёртага (2010) і пятага (2016) Усебеларускага народнага сходу.
Узнагароды Ордэн «Знак Пашаны» (1971). Ордэн Працоўнай Славы 3-й ступені (1975). Заслужаны настаўнік працуючай моладзі Беларускай ССР (1978). Ордэн Працоўнай Славы 2-й ступені (1981). Ордэн Працоўнай Славы 1-й ступені (1986).
Крыніцы
Катэгорыя:Дэпутаты Вярхоўнага Савета СССР 10-га склікання Катэгорыя:Дэлегаты XXVII з’езда КПСС Катэгорыя:Дэлегаты Усебеларускага народнага сходу 4-га склікання Катэгорыя:Дэлегаты Усебеларускага народнага сходу 5-га склікання