Паралелі́зм (ад  — той, хто ідзе побач) — аднародная сінтаксічна-кампазіцыйная пабудова аднатыпных элементаў паэтыкі (з’яў, вобразаў, матываў), якія супастаўляюцца паміж сабой і размяшчаюцца паралельна ў двух ці трох сумежных сказах, радках, строфах; адна са стылістычных фігур.

У некаторых сваіх формах паралелізм бывае блізкі да параўнання, але ў адрозненне ад яго не толькі супастаўляе з’явы, а выконвае і кампазіцыйную функцыю. Здаўна пашыраны ў вуснай народнай творчасці (быліны, песні, прымаўкі, прыказкі), засвоены пісьмовай літаратурай (на ім у многім заснаваны паэтычны стыль Бібліі).

Віды Выдзяляюць паралелізм: псіхалагічны — суаднясенне з’яў чалавечага жыцця са з’явамі прыроды:

Над ракою ў спакою Зацвітала каліна; У сяле за ракою Вырастала дзяўчына; Да зялёнай каліны Прылятала зязюля; Да дзяўчыны-каліны Удаваўся Януля.

сінтаксічны — аднолькавая сінтаксічная будова суседніх радкоў; страфічны — аднолькавая сінтаксічная будова суседніх строф; адмоўны — адмаўленне падкрэслівае не розніцу, а блізкасць асноўных адзінак супастаўляемых з’яў, прадметаў:

Не лясы шумяць, Не дубравы гамоняць, Плача бацька, маці: На паход, бач, звоняць.

Па аналогіі са славесна-вобразным, або сінтаксічным, паралелізмам гавораць пра наступныя тыпы паралелізму: славесна-гукавы (алітэрацыя, рыфма), рытмічны (страфа і антыстрафа ў старажытнагрэчаскай лірыцы), кампазіцыйны (паралельныя сюжэтныя лініі ў рамане).

Крыніцы

Катэгорыя:Рытарычныя фігуры