Фрыдэрык Геткант або Фрыдрых Геткант ( або Gettkant, , , Bridžius Getkants; ) — ваенны інжынер, картограф і артылерыст на службе Рэчы Паспалітай у XVII стагоддзі.

Біяграфія Звычайна лічаць, што нарадзіўся ў Рэйнландзе Свяшчэннай Рымскай імперыі. Аднак у матрыкуляцыйным спісе Кёнігсбергскага ўніверсітэта ён пазначаны як «Fridericus Gedkanth Ragnetensis Borussus», то-бок паходзіў з Рагніта ў Прусіі. На думку літоўскіх даследчыкаў ён быў літоўнікам (прускім літоўцам) і нарадзіўся каля 1602—1604 года. Дзед Фрыдэрыка — Томас, быў пастарам і супрацоўнікам Марцінаса Мажвідаса, а бацька — Ёнас, пастарам у Шырвінтах і ўдзельнікам падрыхтоўкі Бібліі Браткунаса, абодва таксама скончылі Кёнігберскі ўніверсітэт.

Лічаць, што раннія дакументы і рукапісы Гетканта загінулі ў 1662 годзе падчас пажару ў Львове, таму яго ранняе жыццё вядома мала. З 1621 года вывучаў матэматыку ў Кёнігсбергскім універсітэце. У 1625 годзе прафесійна зрабіў план Пілавы.

У 1634 годзе згаданы ўжо як каралеўскі інжынер, у сувязі з падрыхтоўкай да вайны са Швецыяй. Па даручэнні караля Уладзіслава Вазы разам з Янам Плейтнерам і Эліяшам Арцішэўскім зрабіў планы наваколля Пуцка і Тчэва, таксама Гетканту даручана мадэрнізаваць фартэцыю ў Пуцку.

У 1634 годзе, 1 чэрвеня ў Кёнігсбергу, Геткант (Bridžius Getkants) зрабіў запіс у альбоме сяброўства (album amicorum) матэматыка і інжынера , свайго «суседа» (susiedui), знаёмага з дзяцінства ў Рагніце. Запіс цалкам літоўскай мовай, працяглы час яго лічылі першым запісам народнай песні, аднак, на думку Аўшры Жычкене, тэкст «Ne visi medžiai artojams priduoti» (Не ўсе дрэвы аратым аддадзены) варта разглядаць як парэмію (прымаўку), а мелодыю — як фрагмент каталіцкай антыфоны «Salve Regina». Сам Геткант падкрэсліў неафіцыйны характар запісу, называў яго «mažmožis» (дробязь, пусцяковіна), што паказвае на стаўленне як да сяброўскага напаміну, без патэтыкі.

Фраза не была гульнёй слоў, законы Прусіі забаранялі сялянам-аратым самавольную высечку дрэў, асабліва каштоўных, выраз мог быць алегорыяй сацыяльным і прававым абмежаванням, якія абодва «суседы» добра ведалі. У такім кантэксце літоўская мова выступала сродкам прыватнай і сімвалічнай камунікацыі, незразумелай большасці тагачасных чытачоў альбома, была ўжыта як свайго роду «тайны код», што падкрэслівала асаблівую блізкасць і супольную ідэнтычнасць землякоў. Запісаная ж Геткантам мелодыя антыфоны «Salve Regina» захавалася ў літоўскай народнай пабожнасці да нашых дзён: яе варыянты, вельмі блізкія да запісу 1634 года, дагэтуль граюць падчас пахавальных абрадаў.

У 1635 годзе Геткант склаў планы Грудзёндза, Гнева і . У 1634 годзе пераапрануты рыбаком прабраўся ў захопленую шведамі Пілаву і сабраў звесткі, якімі удакладніў свой план 1625 года пры складанні новага ў 1635 годзе. У 1637 годзе склаў карту Пуцкага заліва з фартыфікацыямі Уладзіславава і Казімежава..

У другой палове 1640-х гадоў Геткант займаў урад цэйхмайстра (кантралёра) кароннай артылерыі. У 1646 годзе быў трэцім у артылерыйскай іерархіі з гадавым заробкам у 1800 злотых. У 1646 годзе генерал артылерыі Крыштаф Арцішэўскі абвінаваціў Гетканта ў бессправаздачнасці па сродках, выдадзеных на львоўскі цэйхгаўз, і загадаў яго арыштаваць, калі Геткант самавольна выехаў у Гданьск.

У 1648 годзе кіраваў рэканструкцыяй абарончых збудаванняў Вільні і склаў план гарадскіх муроў і прадмесцяў. План прадмесця Лукішкі, створаны ў гэты час, вылучаецца асаблівай лаканічнасцю і не мае дэкору. У 1651 годзе ўдзельнічаў у бітве пад Берастэчкам. У 1654 годзе атрымаў званне оберстлейтэнанта артылерыі.

Падчас вайны 1654—1667 гадоў пасля аблогі Кракава (1655) Геткант перайшоў на шведскі бок. Удзельнічаў у аблозе Яснай Гуры на баку шведаў, паводле сведчанняў, паказваў слабыя месцы ўмацаванняў манастыра. Аднак ужо ў 1656 годзе вярнуўся на бок Рэчы Паспалітай, у 1658 годзе кіраваў аблогай занятай шведамі Торуні. У 1658 годзе атрымаў званне палкоўніка артылерыі.

Пасля падпісання міру са Швецыяй у 1660 годзе пасяліўся ў Львове. За ваенныя заслугі ў 1663 годзе атрымаў права на даходы з перавозу праз Віслу пад Варшавай і шэсць ланаў зямлі ў Мальбарцкай эканоміі. У 1662 годзе падчас пажару ў Львове Геткант страціў навуковыя працы, падрыхтаваныя да друку і ўпаў у меланхолію.

Памёр у Львове ў 1666 годзе.

Дзейнасць

Картаграфія Галоўная праца Гетканта — рукапісны ваенны атлас «Topographia practica conscripta et recognita per Fridericum Getkant, mechanicum». Атлас складаецца з дэкаратыўнага тытульнага аркуша з партрэтам Уладзіслава IV і 14 карт і планаў фартыфікацый Рэчы Паспалітай. Перарысаваны Геткантам у 1638 годзе ў адзіным фармаце (62,5 на 44,5 см) на загад караля Уладзіслава Вазы.

Картаграфічныя творы Гетканта вылучаюцца не толькі дакладнасцю, але і высокім мастацкім узроўнем. Ён часта ўпрыгожваў свае карты мініяцюрнымі выявамі жывёл, раслін і дынамічнымі фігурамі людзей (напрыклад, тапографаў з вымяральнымі прыладамі) . Адметным элементам яго стылю была выява зрэзанага або зламанага дрэва, а на карце Гданьска ён нават намаляваў міфічную рыбу з галавой савы.

У складзе атласа:

Планы Пуцка і Тчэва з наваколлем (1634) — зроблены разам з Янам Плейтнерам і Эліяшам Арцішэўскім у межах падрыхтоўкі да вайны са Швецыяй і мадэрнізацыі фартыфікацый. План Пілавы (1635) — Геткант нанёс актуальныя на той час шведскія ўмацаванні на свой больш ранні план гэтай тэрыторыі. Планы Грудзёндза, наваколля Гнева і Цыпеля Мантоўскага (1635) — складзены падчас інспекцыі і ўмацавання берагоў Віслы. План Львова («Situs Leopoliensis», верасень 1635 года). Карта Пуцкага заліва (1637) — з падрабязным апісаннем фартыфікацый Уладзіславава і Казімежава. Планы гарадоў Новэ і Кёнігсберга (1638) — перамаляваны Геткантам у адзіным фармаце пры фінальным складанні атласа. План вострава Врубля (Wyspa Wróbla каля Тчэва, 1638). План Мальбарка (1639) — дададзены ў атлас як пазнейшае дапаўненне. Геаграфічная карта Украіны («Tabula Geographica Ukrainska») — ахоплівае тэрыторыю ад Дуная да Дона, уключана ў атлас у 1639 годзе . План фартэцыі («Demensia Fortecy Na Kodackie Porohu», каля 1639) — зроблены разам з Гіёмам дэ Бапланам, імаверна, падчас экспедыцыі 1639 года.

Атлас вывезены шведамі ў Стакгольм у 1655 годзе, цяпер захоўваецца ў Ваенным архіве (Krigsarkivet) .

Таксама ў 1648 годзе склаў план Вільні і, магчыма, тым самым часам планы Коўна, Таўрогаў і Вярбілава.

Вынаходніцтвы Геткант быў вядомы інавацыямі ў ваеннай тэхніцы. Пры аблозе Торуні ў 1658 годзе вынайшаў «земляныя марціры» — выкапаныя ў зямлі і ашаляваныя дрэвам, якія адначасова выкідвалі вялікую колькасць снарадаў: звязкі гранат (да 70 штук), млынавыя камяні, запальныя і хімічныя матэрыялы.

Сканструяваў інавацыйную гармату і эксперыментаваў з новым тыпам лафету для марцір, які мусіў вырашыць праблему аддачы.

Зрабіў два вынаходніцтвы ў запальванні снарадаў для ўнікання «падвойнага агню».

Пры жыцці яго сябар Казімір Семяновіч у працы «Artis magnae artilleriae pars I» (1650) назваў Гетканта «польскім Архімедам». Таксама Семяновіч апісаў вынайдзеную Геткантам кідальную прыладу з механізмам запаволенага пуску.

Вынаходніцтвы Гетканта апісалі ў падручніках па артылерыі Эрнэст Браўн (1682) і Юзаф Якубоўскі (1781).

Крыніцы

Літаратура

Катэгорыя:Картографы Вялікага Княства Літоўскага