Ру́сціс Камунта́вічус (; , Каўнас) — літоўскі гісторык, выкладчык. Доктар гуманітарных навук (2002), дацэнт (2008). Дырэктар Інстытута Вялікага Княства Літоўскага, сузаснавальнік Міжнароднага кангрэса даследчыкаў Беларусі.

Біяграфія Нарадзіўся 6 верасня 1975 года ў Каўнасе.

Скончыў бакалаўрыят ва Універсітэце Вітаўта Вялікага ў Каўнасе, абараніўшы працу па тэме «Французская культура пры двары Яна Сабескага». Навучанне ў магістратуры працягнуў у Цэнтральна-Еўрапейскім універсітэце ў Будапешту, дзе ў 2000 годзе абараніў магістарскую дысертацыю «Французскія падарожнікі ў Літве XVII стагоддзя».

З 1998 года пачаў працаваць на гістарычным факультэце Універсітэта Вітаўта Вялікага, дзе ў 2008 годзе атрымаў навуковае званне дацэнта. У межах выкладчыцкай дзейнасці ва ўніверсітэце чытае курсы па гісторыі Літвы, Францыі, Італіі, а таксама еўрапейскай гістарыяграфіі, эканамічнай гісторыі, гісторыі дыпламатыі і палітычнай філасофіі. Чытаў асобныя лекцыі і курсы ў шэрагу ўніверсітэтаў Польшчы, Беларусі, Францыі, Вялікабрытаніі і Швейцарыі. З 2025 года з’яўляецца запрошаным прафесарам у Сілезскім універсітэце ў Катавіцах.

У 2002 годзе ва Універсітэце Вітаўта Вялікага сумесна з Інстытутам гісторыі Літвы абараніў доктарскую дысертацыю на тэму «Вялікае Княства Літоўскае ў французскай і італьянскай літаратуры XVI—XVII стагоддзяў». Праходзіў шматлікія стажыроўкі ў навуковых і даследчых установах Італіі (Універсітэт Пармы, Інстытут эканамічнай гісторыі Ф. Даціні), Францыі (Сарбона), Швейцарыі (Фрыбурскі ўніверсітэт), Венгрыі і Польшчы (Варшаўскі ўніверсітэт).

У 2004—2013 гадах займаў пасаду генеральнага сакратара Нацыянальнага камітэта гісторыкаў Літвы. З 2005 года ўваходзіць у савет дырэктараў клуба Усходнееўрапейскай летняй школы пры Варшаўскім універсітэце. З’яўляецца сябрам акадэмічнай карпарацыі «Convent Ludenia» (Лятучы ўніверсітэт, Мінск), нефармальнага клуба інтэлектуалаў «Santara-Šviesa», Асацыяцыі славянскіх, усходнееўрапейскіх і еўразійскіх даследаванняў (ЗША).

З 2009 года з’яўляецца дырэктарам Інстытута Вялікага Княства Літоўскага ў Каўнасе. Таксама ўзначальвае Цэнтр Чэслава Мілаша пры Універсітэце Вітаўта Вялікага.

Валодае літоўскай, англійскай, рускай, польскай, французскай, італьянскай і нямецкай мовамі. На базавым узроўні ведае беларускую, іспанскую, лацінскую, старажытнагрэчаскую, венгерскую і арабскую мовы.

Навуковыя інтарэсы і стаўленне да Беларусі Асноўныя кірункі навуковай дзейнасці Русціса Камунтавічуса ўключаюць гістарычныя сувязі паміж Літвой і Заходняй Еўропай, а таксама гісторыю, культуру, палітыку і нацыянальныя наратывы Польшчы, Беларусі і Літвы.

З 2011 года выступае адным з галоўных арганізатараў штогадовага Міжнароднага кангрэса даследчыкаў Беларусі, які праводзіцца як незалежная інтэлектуальная пляцоўка і садзейнічае шчыльным кантактам паміж беларускай і літоўскай навуковымі супольнасцямі.

З’яўляецца аўтарам першай кнігі па гісторыі Беларусі, напісанай на літоўскай мове — «Гісторыя Гудзіі. Гісторыя Беларусі» (, 2021). У ёй аўтар выкарыстоўвае арыгінальную метафарычную перыядызацыю гісторыі Беларусі («Белы, Чырвоны, Белы»), дзе белы колер сімвалізуе свабоду і эпоху ВКЛ, а чырвоны — перыяд пасля 1795 года і змаганне за незалежнасць.

Камунтавічус імкнецца растлумачыць літоўскаму чытачу адрозненні ў поглядах беларусаў і літоўцаў на агульную гісторыю. Ён паслядоўна выступае за выкарыстанне ў літоўскай мове гістарычнай назвы «Gudija» (Гудзія) у дачыненні да Беларусі, лічачы форму «Baltarusija» русізмам савецкага часу. Гісторык разглядае беларускую ідэнтычнасць як унікальную, пабудаваную на сумяшчэнні супрацьлегласцей, прыводзячы ў якасці метафары карціну Казіміра Малевіча «Чырвоны квадрат» (афіцыйная назва якой — «Даярка ў двухмерным вымярэнні»).

У 2023 годзе Камунтавічус выступіў аўтарам ідэі і галоўным арганізатарам першага перакладу Трэцяга Статута ВКЛ на літоўскую мову.

Гісторык неаднаразова крытыкаваў радыкальныя праявы літоўскага нацыяналізму і выступаў супраць штучнага раздзімання пагрозы «ліцвінізму» ў Літве. Ён абараняе права беларусаў на ўласнае бачанне гісторыі ВКЛ і выкарыстанне нацыянальнага герба «Пагоня».

Узнагароды Прэмія газеты «Rzeczpospolita» імя Ежы Гедройца (Варшава, 1 снежня 2015) — уручана Інстытуту ВКЛ за папулярызацыю спадчыны і традыцый суіснавання розных культур у сучаснай Літве, Польшчы, Беларусі і Украіне. Медаль «За плённую працу на карысць Беларусі» (7 студзеня 2026) — узнагарода Аб’яднанага пераходнага кабінета Беларусі.

Бібліяграфія

Суаўтар кніг пра гістарычныя сувязі Літвы з Аўстрыяй і Швейцарыяй (разам з Юдыт Левоніг).

Крыніцы

Катэгорыя:Нарадзіліся 6 верасня Катэгорыя:Нарадзіліся ў 1975 годзе Катэгорыя:Нарадзіліся ў Коўне Катэгорыя:Выпускнікі Універсітэта Вітаўта Вялікага Катэгорыя:Выпускнікі Цэнтральна-Еўрапейскага ўніверсітэта Катэгорыя:Гісторыкі Літвы Катэгорыя:Выкладчыкі Універсітэта Вітаўта Вялікага