Узро́ўні мо́вы — 1) метамоўная катэгорыя-тэрмін для агульнага, зыходнага апісання ўнутранай структуры сістэмы мовы (узроўні лінгвістычнага аналізу); 2) іерархічна суаднесеныя падсістэмы агульнай сістэмы мовы, кожная з якіх характарызуецца пэўнай сукупнасцю ізафункцыянальных адзінак, правіл іх размеркавання па класах і падкласах на прынцыпах апазіцыі (проціпастаўлення) і тоеснасці, а таксама правіл іх выкарыстання для пабудовы адзінак больш высокага ўзроўню (узроўні моўнай сістэмы).
Структура Традыцыйна ў сістэме мовы вылучаюць чатыры узроўні: фаналагічны, марфалагічны, лексічны, сінтаксічны.
Адпаведна з узроўнямі вылучаюць чатыры тыпы адзінак: фанемы, марфемы (будуюцца з фанем), лексемы (складаюцца з марфем), сінтаксемы (утвараюцца лексемамі).
На падставе аднабаковасці/двухбаковасці ўзроўневыя адзінкі падзяляюцца на: фігуры — аднабаковыя адзінкі, што не нясуць значэнняў і маюць толькі план выражэння (фанемы); знакі — двухбаковыя адзінкі, што маюць план выражэння і план зместу, гэта значыць перадаюць пэўныя значэнні (марфемы, лексемы, сінтаксемы).
Пры канкрэтным увасабленні чатырох узроўневых тыпаў адзінак іх аднароднасць можа парушацца. Напрыклад, сэнсаадрознівальную функцыю можа выконваць не толькі фанема, але і склад; простыя марфемы аказваюцца побач са складанымі, з асновай слова; слова аказваецца побач з неаднаслоўным фразеалагізмам; сінтаксема ўвасабляецца ў розныя мадэлі сказа-выказвання, які можа будавацца і з аднаго непаўназначнага слова. Грунтуючыся на неаднароднасці рэалізацыі ўзроўневых адзінак, некаторыя лінгвісты вылучаюць дадатковыя, прамежкавыя ўзроўні (напрыклад, узровень службовых элементаў).
У лінгвістыцы ідэя ўзроўневай арганізацыі мовы і яе пашырэнне з сярэдзіны 1920-х гадоў падрыхтавана, з аднаго боку, традыцыяй выдзялення ў апісаннях моў фанетыкі, марфалогіі, лексікі і сінтаксісу; з другога — агульнанавуковымі ўяўленнямі пра ўзроўневую арганізацыю складаных сістэм, у прыватнасці, у біялогіі.
Стратыфікацыя моў Стратыфіка́цыя моў — суадносіны ўзаемадзеяння моў у выніку міграцыі насельніцтва, каланізацыі або заваявання аднаго народа іншым.
У залежнасці ад вынікаў узаемадзеяння моў вылучаюць тры стратыфікацыйныя тыпы: субстрат, суперстрат і адстрат.
Субстрат — рэшткі мовы карэннага насельніцтва, якая была выцеснена мовай чужынцаў, але паўплывала на яе і выклікала змены ў фанетыцы і граматыцы. Суперстрат — фанетычныя і граматычныя элементы мовы прышлага народа, што ўвайшлі ў мову карэннага насельніцтва. Адстрат — элементы мовы іншаземнага народа ў мове карэннага насельніцтва ў выпадку, калі захаваліся абедзве мовы. Напрыклад, элементы нямецкай мовы ў мове лужыцкіх сербаў.
Крыніцы
Літаратура
Спасылкі Яковлева А. Ф., Шестакова Л. Л. Стратификация лексики современного русского языка и её отражение в толковом словаре: основные методологические подходы (обзор круглого стола) // Научно-технические ведомости СПбГПУ. Гуманитарные и общественные науки. Т. 10, № 4, 2019 Хауген Э. Языковой контакт // Новое в лингвистике. — Вып. 6. — М.: Прогресс, 1972. — С. 61—80. Норанович, А. И. Исторические рамки дивергенции языков и диалектов / А. И. Норанович // Лингвистические и культурологические аспекты многоязычной деятельности (состояние и перспективы). — Ростов-на-Дону, 2006. — С. 90—96.
Катэгорыя:Узроўні мовы