Беларусазна́ўства ў По́льшчы — комплекс навуковых даследаванняў Беларусі і беларусаў у галіне беларускай мовы, літаратуры, гісторыі, культуры, этнаграфіі і грамадскіх навук, а таксама звязаная з імі навукова-адукацыйная, выдавецкая і арганізацыйная дзейнасць у Польшчы. У вузкім філалагічным значэнні беларусазнаўства ўключае беларусістыку — даследаванне беларускай мовы і літаратуры і падрыхтоўку спецыялістаў у гэтай галіне. Развіццё беларусазнаўства ў Польшчы было звязана з палітычнымі і сацыяльнымі працэсамі на беларускіх землях, у тым ліку паўстаннямі XIX стагоддзя, фарміраваннем беларускага нацыянальнага руху, абвяшчэннем Беларускай Народнай Рэспублікі, беларусізацыяй 1920-х гадоў, пасляваенным развіццём беларускай культуры і навукі, Чарнобыльскай катастрофай і распадам СССР у 1991 годзе.
Гістарычна найбольш развітыя пасляваенныя асяродкі беларусістыкі склаліся ў Варшаве, Беластоку і Любліне. У XXI стагоддзі да іх далучыўся інстытуцыянальна аформлены цэнтр у Познані, а беларусазнаўчыя даследаванні ў розных формах праводзіліся таксама ў Аполе, Уроцлаве, Ольштыне, Зялёнай Гуры, Кракаве, Торуні, Гданьску, Быдгашчы і іншых гарадах.Zarządzenie Nr 122/2020/2021 Rektora Uniwersytetu im. Adama Mickiewicza w Poznaniu z dnia 22 czerwca 2021 roku.
Гісторыя даследаванняў
XIX стагоддзе
Пачаткі польскіх філалагічных даследаванняў, прысвечаных мове і культуры беларусаў, сягаюць XIX стагоддзя. Адным з пачынальнікаў быў Самуіл Багуміл Ліндэ. Пад уплывам прац расійскіх і чэшскіх даследчыкаў, у прыватнасці манаграфіі Васіля Сопікава «Опыт российской библиографии» (1813), ён зацікавіўся мовай Статутаў Вялікага Княства Літоўскага і прадмовамі да Бібліі Францыска Скарыны. На аснове ўзораў тэкстаў Ліндэ адрозніваў беларускую, царкоўнаславянскую і польскую мовы і звярнуў увагу на беларускія асаблівасці мовы Статутаў ВКЛ.
Зацікаўленасць польскіх літаратуразнаўцаў беларускай літаратурай узрасла ў эпоху рамантызму. Гэта было звязана са зваротам да беларускага фальклору, народнай песеннасці і фарміраваннем так званай «беларускай школы» ў польскай літаратуры. Сярод важных прац гэтага часу — кніга Аляксандра Рыпінскага «Беларусь. Колькі слоў пра паэзію простага люду гэтае нашае польскае правінцыі...» (1840), уступ Яна Чачота да «Сялянскіх песень з-над Нёмана і Дзвіны» (1837), «Нарыс Паўночнай Беларусі» Яна Баршчэўскага, змешчаны ва ўступе да кнігі «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях», артыкулы Казіміра Буйніцкага «Беларускія народныя песні» (1843), Ігнацыя Храпавіцкага «Погляд на паэзію беларускага люду» (1845) і Рамуальда Падбярэскага «Беларусь і Ян Баршчэўскі».
Этнаграфічныя і фальклорныя даследаванні на беларускіх землях у XIX стагоддзі праводзілі Марыя Чарноўская, Зарыян Даленга-Хадакоўскі, Ігнацы Шыдлоўскі, Рамуальд Зянкевіч, Яўстах Тышкевіч і Міхал Федароўскі. Асабліва вялікі корпус этнаграфічных, фальклорных і моўных матэрыялаў сабраў Міхал Федароўскі, спадчына якога пазней стала аб'ектам навуковага выдання і даследавання ў Польскай акадэміі навук.
Пачатак XX стагоддзя і міжваенны перыяд
У пачатку XX стагоддзя з'явіўся шэраг аглядных прац па гісторыі беларускай літаратуры. Былі выдадзены «Нарыс беларускай літаратуры» Багдана Жыраніка (1921), «Кароткі нарыс гісторыі беларускай літаратуры» Максіма Гарэцкага (Вільня, 1921), «Нарыс гісторыі літаратур і літаратурных славянскіх моў» Аляксандра Брукнера і Тадэвуша Лера-Сплавінскага (Львоў, 1929). У 1933 годзе Юзаф Галомбак апублікаваў агляд беларускай літаратуры ў чацвёртым томе «Вялікай усеагульнай літаратуры», а ў 1936 годзе выйшла праца Марыі Рудзінскай-Фроліхавай «Заўвагі аб беларускай літаратуры».
Важным цэнтрам беларусазнаўства ў міжваеннай Польшчы быў Універсітэт Стэфана Баторыя ў Вільні, дзе даследаваліся беларуская мова, літаратура, этнаграфія і гісторыя. Першы лектарат беларускай мовы быў арганізаваны ў 1920/1921 навучальным годзе пад кіраўніцтвам Марыяна Масоніуса, а з 1930/1931 года пастаянны лектарат вёў Ян Станкевіч. У 1938/1939 навучальным годзе выкладаўся таксама курс новай беларускай літаратуры.
Прафесар Фелікс Канечны чытаў курс «Агляд гісторыі Літвы і Беларусі», а Цэзарыя Бадуэн дэ Куртэнэ-Эрэнкройцава выкладала этнаграфію беларусаў. З універсітэтам былі звязаны даследчыкі гісторыі і права Вялікага Княства Літоўскага Стэфан Эрэнкройц, Ян Адамус, Севярын Віславух і Генрык Лаўмяньскі. У Вільні выходзілі беларусазнаўчыя працы і зборнікі, у тым ліку «Вільня і Віленская зямля» і «Падручны беларуска-польскі слоўнік» Баляслава Друцкага-Падбярэскага, выдадзены ў 1929 годзе пад рэдакцыяй Вінцэнта Грышкевіча.
Акадэмічныя і навуковыя цэнтры пасля Другой сусветнай вайны
Варшаўскі цэнтр
Пасля Другой сусветнай вайны першым спецыялізаваным навуковым асяродкам стала Лабараторыя беларускай філалогіі, створаная ў 1953 годзе ў Польска-савецкім інстытуце пад кіраўніцтвам Антаніны Абрэмбскай-Яблонскай. У снежні 1957 года лабараторыя была ўключана ў структуру славяназнаўчых устаноў Польскай акадэміі навук, з якіх сфарміраваўся сучасны Інстытут славяназнаўства Польскай акадэміі навук. Даследчыкі гэтага асяродка падрыхтавалі дзесяцітомны «Атлас усходнеславянскіх гаворак Беласточчыны» (1980—2012) і навуковыя тамы працы Міхала Федароўскага «Люд беларускі».
У 1956 годзе ў Варшаўскім універсітэце была створана самастойная Кафедра беларускай філалогіі, арганізатаркай і першай кіраўніцай якой была Антаніна Абрэмбская-Яблонская. У 1969—1975 гадах яна дзейнічала як Аддзел беларускай філалогіі, пасля зноў як кафедра, а з 2005 года мае назву Кафедра беларусістыкі.Historia Katedry Białorutenistyki // Uniwersytet Warszawski.
У 1971—1975 гадах кафедрай кіравала Эльжбета Смулкова, даследчыца беларуска-польска-літоўскага моўнага памежжа. У 1975—2004 гадах яе ўзначальваў Аляксандр Баршчэўскі, які развіваў даследаванні беларускай літаратуры, польска-беларускіх літаратурных сувязей і эміграцыйнай пісьмовасці; у 2004—2009 гадах — Мікалай Цімашук. Ніна Баршчэўская кіравала кафедрай з кастрычніка 2009 да мая 2014 года і паўторна з верасня 2016 да верасня 2018 года; у 2014—2016 гадах абавязкі кіраўніка выконвала Катажына Дрозд, у 2018—2019 — Вольга Траццяк, у 2019—2024 — Радаслаў Калета, а з кастрычніка 2024 года кафедру ўзначальвае Андрэй Масквін.
Сярод асноўных кірункаў кафедры — гісторыя і сучасны стан беларускай мовы, беларускія гаворкі Беласточчыны, лексікаграфія і тапанімія памежжа, беларуская літаратура, літаратура эміграцыі, фальклор, перакладазнаўства і методыка выкладання беларускай мовы. З 2015 года пры кафедры дзейнічае Майстэрня беларусістычнай глотадыдактыкі. Кафедра з 1998 года выдае навуковы штогоднік «Acta Albaruthenica», які з'яўляецца найстарэйшым дзейным спецыялізаваным беларусістычным навуковым часопісам у Польшчы.Acta Albaruthenica // Uniwersytet Warszawski.
Станам на 2026/2027 навучальны год кафедра вядзе трохгадовае навучанне першай і двухгадовае навучанне другой ступені па кірунку «беларуская філалогія з англійскай мовай» ().Rekrutacja 2026/2027 // Katedra Białorutenistyki Uniwersytetu Warszawskiego.
Люблінскі цэнтр
У Любліне беларусістыка развівалася ў двух буйных універсітэцкіх асяродках — Люблінскім каталіцкім універсітэце Яна Паўла II (KUL) і Універсітэце Марыі Складоўскай-Кюры (UMCS). У KUL у 1989/1990 навучальным годзе славянская філалогія была адкрыта з русістычнай, украіністычнай і беларусістычнай спецыялізацыямі; развіццё апошняй было звязана з Рышардам Лужным, Аляксандрам Баршчэўскім, Міхалам Лесьёвам, Тэатынам Рот-Жаброўскім і Міхалам Саевічам.
Пасля спынення асобнага набору на беларусістычную спецыялізацыю даследаванні беларускай літаратуры ў KUL працягваліся ў літаратуразнаўчых кафедрах. З 2013 года дзейнічала Кафедра ўкраінскай і беларускай літаратуры, а з 1 кастрычніка 2019 года — Кафедра рускай, украінскай і беларускай літаратуры Інстытута літаратуразнаўства. У 2026 годзе з ёй звязана Беата Сівек, даследчыца беларускай драматургіі, тэатра, літаратуры аб'яднання «Белавежа» і прозы Івана Пташнікава.Beata Siwek — dorobek // Katolicki Uniwersytet Lubelski Jana Pawła II.
У UMCS у 1993 годзе была створана Лабараторыя беларускай мовы і літаратуры і адкрыта пяцігадовая магістарская беларуская філалогія. У 2005—2018 гадах адзінка дзейнічала як Аддзел беларусістыкі, у 2018—2019 гадах — як Аддзел беларусістыкі і балгарыстыкі; на працягу існавання аддзела ім кіраваў Міхал Саевіч. Апошні выпуск асобнай беларускай філалогіі скончыў навучанне ў 2004/2005 навучальным годзе, пасля чаго беларусістычныя дысцыпліны выкладаліся ў межах шырэйшых славістычных, русістычных і ўкраіністычных праграм.
Даследаванні UMCS ахопліваюць беларускія гаворкі і антрапанімію Беласточчыны, словаўтварэнне, польска-беларуска-ўкраінскае моўнае памежжа, шматмоўную літаратуру Вялікага Княства Літоўскага, сучасную беларускую літаратуру і драматургію. З люблінскім асяродкам звязаны, сярод іншых, Міхал Саевіч, Сяргей Кавалёў, Ядвіга Казлоўская-Дода, Наталля Русецкая, Агнешка Гораль і сацыёлаг Рышард Радзік. Пасля рэарганізацыі 2019 года гэтыя даследаванні працягваюцца ў Кафедры славянскага мовазнаўства і Кафедры славянскага літаратуразнаўства Інстытута мовазнаўства і літаратуразнаўства UMCS.Katedra Językoznawstwa Słowiańskiego // UMCS.Katedra Literaturoznawstwa Słowiańskiego // UMCS.
У 2007 годзе з ініцыятывы супрацоўнікаў Аддзела беларусістыкі і ў супрацоўніцтве з сацыёлагамі UMCS пачаў выходзіць міждысцыплінарны штогоднік «Studia Białorutenistyczne»; яго першымі рэдактарамі былі Міхал Саевіч, Рышард Радзік і Сяргей Кавалёў.
Беластоцка-падляшскі цэнтр
Асноўным універсітэцкім цэнтрам беларусазнаўства на Падляшшы з'яўляецца Беласток. У 1997 годзе ў Беластоцкім універсітэце была створана Кафедра беларускай культуры. У 1997—2002 гадах ёю кіравала Эльжбета Смулкова, пазней з кафедрай былі звязаны гісторыкі Яўген Мірановіч і Алег Латышонак, Алена Глагоўская, Ірэна Матус, Гражына Харытанюк-Міхей і Лілія Цытко. У 2014 годзе кафедра была пераўтворана ў Аддзел беларускай культуры пад кіраўніцтвам Ірэны Матус, а ў 2019/2020 навучальным годзе ў выніку рэарганізацыі ўніверсітэта адзінка спыніла існаванне.
Іншая лінія філалагічнай беларусістыкі пачалася ў 1992 годзе з Лабараторыі беларусістыкі ў Беластоцкім філіяле Варшаўскага ўніверсітэта; у 1996 годзе яна была пераўтворана ў аддзел, а ў лістападзе 1999 года — у Кафедру беларускай філалогіі. Сярод яе кіраўнікоў і даследчыкаў былі Міхаіл Кандрацюк, Галіна Тварановіч, Ян Чыквін і іншыя. З 2009 года беластоцкае асяроддзе выдае навуковы штогоднік «Białorutenistyka Białostocka», прысвечаны беларускай мове, літаратуры, гісторыі і культуры.Białorutenistyka Białostocka // Uniwersytet w Białymstoku.
У сучаснай структуры Філалагічнага факультэта дзейнічае Лабараторыя беларусістыкі () у складзе Кафедры філалагічных даследаванняў «Усход — Захад». Яе ўзначальвае Анна Саковіч; у склад таксама ўваходзяць Агнешка Бачэўская-Мурдзек і Анна Альштынюк.Pracownia Białorutenistyki // Uniwersytet w Białymstoku. У 2026/2027 навучальным годзе Беластоцкі ўніверсітэт вядзе трохгадовую стацыянарную праграму першай ступені «этнафілалогія беларуская» (), дзе мовамі навучання пазначаны беларуская і польская.Etnofilologia białoruska — stacjonarne 3-letnie studia I stopnia // Uniwersytet w Białymstoku.
Беларусазнаўчая інфраструктура рэгіёна не абмяжоўваецца Беластокам. У 1993 годзе было зарэгістравана Беларускае гістарычнае таварыства, якое з 1994 года выдае «Białoruskie Zeszyty Historyczne» — навуковае выданне па гісторыі Беларусі і беларусаў у Польшчы.Charytoniuk-Michiej G. Prasa białoruska na Białostocczyźnie po 1989 roku. Значную літаратурна-крытычную і выдавецкую дзейнасць вядзе Беларускае літаратурнае аб’яднанне «Белавежа», з якім звязаны часопіс «Termopile».