Род меў шмат варыянтаў прозвішча — Бішпінк, Біспінг, Біспінк і Біспінг з прыдомкам фон Гален. Згодна з геральдычным гербам Северына Урускага, гэта быў вестфальска-нямецкі род, які першапачаткова пісаў сябе фон Гален Біспінг (Gallen Bisping). У той час яны выкарыстоўвалі герб Штэрнберг, а іх радавой рэзідэнцыяй быў замак Хаўс Біспінг каля Мюнстэра. Згодна з гербоўнікам Адама Банецкага, род Біспінгаў меў прывілей ад германскага імператара Рудольфа II ад 1609 г., які пацвярджаў, што яны займалі розныя пасады ў Рэйнскай вобласці Святой Рымскай Імперыі. У XVI стагоддзі род падзяліўся на тры асобныя галіны: нямецкую, лівонскую і польска-літоўскую. Згодна з прывілеем ад 1609 года, яны мелі свой герб Бішпінк.

Літоўска-польская лінія

Заснавальнікам польска-літоўскай лініі быў Ян Біспінг, ротмістр караля Стэфана Баторыя з Лівоніі. У 1583 годзе яму было нададзена шляхецтва Рэчы Паспалітай (уласны герб Бішпінк ). Пасля шлюбу з Катажынай Шаняўскай (Сяняўскай?), верагодна пасля удзелу ў вайне 1609-1618 г. ён пасяліўся ў Старадубскім павеце Смаленскага ваяводства ВКЛ. Яго сыны, Ян і Томаш, заснавалі дзве галіны роду Біспінгаў, якія валодалі шматлікімі маёнткамі ў Смаленскім ваяводстве, атрыманым ад караля Уладзіслава IV Вазы. Узамен яны былі абавязаны абараняць крэпасць у Старадубе. Пасля «Вечнага міру»у 1686 годзе, гэтыя тэрыторыі перайшлі пад уладу Маскоўскай дзяржавы, а Біспінгі перасяліліся ў Рэч Паспалітую, пасяліўшыся пераважна ў Менскім і Навагародскім ваяводствах. Члены роду Біспінгаў, якія жылі тут да канца XVIII стагоддзя, як экзулянты, займалі тытулярныя пасады, звязаныя са Старадубскім графствам (у тым ліку мечніка, войскага, маршалка, кашталяна). Яны ўдзельнічалі ў палітычным жыцці, у тым ліку ў выбарах Яна III Сабескага, Аўгуста II, Аўгуста III і Станіслава Аўгуста Панятоўскага.

Род Біспінгаў пасяліўся ў былым Ваўкавыскім павеце ў канцы XVIII стагоддзя. У той час ім належалі маёнткі, размешчаныя ў павеце: Верэйкі, Конна, Вішнёўка, Янаўшчызна, Седэльнікі, Монцякі, Струбніца, Галоўчыцы і Кузьмічы. Сярод гэтай вялікай групы прадстаўнікоў роду асабліва вылучаўся Ян Тадэвуш Біспінг (1741-1822), сын Баляслава, маршалка старадубскага, і Разаліі з дзявоцтва Адамовіч, уладальнік шырока разлеглых маёнткаў у Навагародскім і Менскім ваяводствах. Ён ажаніўся з Ганнай Мікульскай, з якой у яго было два сыны, Пётр (1777-1842) і Адам (1782-1858), і дзве дачкі: Разалія, пазней жонка літоўскага разьбяра Юзэфа Быхаўца, і Тэкля, якая выйшла замуж за Тадэвуша Сегеня.

Пасля войнаў няўдалых авантур першай паловы 18 ст., драблення паміж нашчадкамі з некалі шматлікіх маёнткаў у сям'і засталося толькі два: Галоўчыцы, дзе пасяліўся Пётр, і Струбніца, якая належала Адаму. Пётр не пакінуў спадчыннікаў мужчынскага полу, а ў Адама быў сын Каміль, які ў канчаткова зруйнаваў фінансы сям'і.

Фінансавы дабрабыт сям'і ў гэты час выратавалі дочкі брата Яна Тадэвуша - стольніка старадубскага Юзэфа (памёр у 1786 г.) і Тэадоры Сухадольскай: Аляксандра Свечын (1783-1853) і Юзэфа Войчынская. Яны фінансавалі ардынацыю ў Масалянах для нашчадкаў свайго стрыечнага брата Каміля. Пераход уласнасці і адынацыя былі пацверджаныя 1 ліпеня 1853 года ўказам імператара Мікалая I . Наступнымі ўладальнікамі маёнткаў былі сыны Каміля Біспінга: Аляксандр Біспінг (1844-1867), Ян Біспінг (1842-1893) і Юзаф Біспінг (1845-1897), сын якога Ян Каміль Біспінг (1880-1941) быў апошнім чацвёртым ўладальнікам Масалянаў. Яго другі сын, Казімір (1887-1941), быў уладальнікам Струбніцы і сенатарам міжваеннай Польскай Рэспублікі.

Зноскі

Катэгорыя:Біспінгі Катэгорыя:Шляхта Вялікага Княства Літоўскага Катэгорыя:Шляхта Інфлянтаў Катэгорыя:Шляхта Смаленскага ваяводства Катэгорыя:Шляхецкія рэзідэнцыі у Гродзенскай вобласці Катэгорыя:Шляхта Гарадзеншчыны