Балтыйская града — паласа ўзгорыста-градавага рэльефу з азёрнымі катлавінамі ўздоўж паўднёвага і паўднёва-ўсходняга ўзбярэжжаў Балтыйскага мора ад Даніі на захадзе да р. Дзвіна на ўсходзе (у межах Германіі, Польшчы, краін Балтыі і часткова Беларусі). Даўжыня каля 1500 км, шырыня 80—90 км, вышыня да 329 м (г. Вяжыца недалёка ад г. Гданьск, Польшча).
Пашыраны канцова-марэнны рэльеф, озы, друмліны, азёры (найбольшыя Мюрыц, Снярдвы, Мамры). Утварылася ў час апошняга зледзянення плейстацэну. На поўдні да Балтыйскай грады прымыкаюць зандравыя раўніны, падзеленыя далінамі рэк на Мекленбургскае, Паморскае і Мазурскае паазер’і. У Беларусі да яе адносяць Браслаўскую граду і ўсходнюю частку Латгальскага ўзвышша. Расліннасць — мяшаныя і хваёвыя лясы.
Літаратура
Катэгорыя:Рэльеф Германіі Катэгорыя:Узвышшы Латвіі Катэгорыя:Узвышшы Літвы Катэгорыя:Узвышшы Польшчы Катэгорыя:Усходне-Еўрапейская раўніна