Яўге́н Каза́рцаў () — беларускі журналіст, рэдактар і пісьменнік.

Біяграфія Нарадзіўся 16 лютага 1992 года ў Мінску.

Скончыў факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта ў 2015 годзе. Падчас вучобы пачаў працаваць у рэдакцыях беларускіх часопісаў «Большой», «Таймер», а таксама выданняў «БелГазета», Relax.by, KYKY.ORG і іншых. Падчас навучання ў магістратуры выкладаў на факультэце журналістыкі БДУ.

У 2015 годзе ўладкаваўся ў расійскае дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва «Sputnik Беларусь», дзе працаваў пяць гадоў. Пачынаў як навіновы журналіст, асвятляў падзеі ў Беларусі. З часам стаў рэдактарам інтэрнэт-рэсурсу, фактычна выконваў абавязкі каардынатара працы журналістаў. Праца ў «Sputnik Беларусь» суправаджалася ідэалагічнымі абмежаваннямі, у тым ліку з боку маскоўскіх куратараў і беларускага МЗС (забарона на прамое цытаванне апазіцыйных акцый, «чорныя спісы» экспертаў, навязванне расійскай тэрміналогіі, напрыклад, «на Украине»). Звольніўся са «Спутніка» ў жніўні 2020 года.

Пазней перайшоў на працу ў незалежныя беларускія медыя. Стаў галоўным рэдактарам «Еўрарадыё».

Літаратурная дзейнасць Яўген Казарцаў таксама вядомы як пісьменнік. Публікаваў свае апавяданні ў грамадска-палітычным штотыднёвіку «БелГазета», часопісах «Train Voyage», «Маладосць», «Макулатура», «Монолог», «Кольцо А», а таксама ў анлайн-праектах «Этажи» і «Textura». У 2013 годзе заняў другое месца на Міжнародным чэхаўскім конкурсе.

У 2020 годзе ў беларускім выдавецтве «Кнігазбор» выйшаў дэбютны зборнік яго твораў пад назвай «F43».

Крыніцы

Катэгорыя:Журналісты Беларусі Катэгорыя:Пісьменнікі Беларусі Катэгорыя:Супрацоўнікі Sputnik Беларусь