Забо́йства мана́хаў-базылья́н у По́лацку — падзея, якая адбылася 11 ліпеня 1705 года (30 чэрвеня паводле старога стылю) у Сафійскім саборы ў Полацку падчас Вялікай Паўночнай вайны. У гэты дзень расійскі цар Пётр I разам са сваёй світай учыніў расправу над каталіцкімі святарамі ўсходняга абраду (уніятамі), якія належалі да ордэна базыльян. Гістарычны інцыдэнт набыў шырокі міжнародны рэзананс, а яго акалічнасці абраслі шматлікімі версіямі, якія дагэтуль застаюцца прадметам даследаванняў і дыскусій гісторыкаў.

Гістарычны кантэкст У пачатку XVIII стагоддзя тэрыторыя Рэчы Паспалітай стала арэнай баявых дзеянняў. Расійскія войскі знаходзіліся на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага як саюзнікі польскага караля і вялікага князя літоўскага Аўгуста II у барацьбе супраць Швецыі. У 1705 годзе стаўка Пятра I размяшчалася ў Полацку.

Рэлігійная сітуацыя ў горадзе была надзвычай складанай. Пасля Берасцейскай уніі 1596 года галоўны храм горада, Сафійскі сабор, быў перададзены ўніятам і стаў цэнтрам уніяцкай Полацкай архіепархіі. Расійскі манарх, які жорстка пераследаваў уніяцтва і разглядаў яго як здраду праваслаўю, дэманстраваў варожае стаўленне да мясцовага ўніяцкага духавенства. Спрыяла эскалацыі і агульная атмасфера ваеннага часу, якая суправаджалася рэквізіцыямі і гвалтам над мясцовым насельніцтвам.

Асноўныя версіі падзей Дакладныя абставіны здарэння застаюцца дыскусійнымі, паколькі гістарычныя крыніцы прадстаўляюць розныя і часта супярэчлівыя трактоўкі. Уніяцкія і каталіцкія аўтары традыцыйна апісваюць падзею як загадзя спланаваны акт рэлігійнага пераследу. Расійскі бок, у сваю чаргу, афіцыйна тлумачыў расправу дзяржаўнай здрадай манахаў, іх супрацоўніцтвам з ворагам і ўзброеным супрацівам.

Версія мітрапаліта Льва Заленскага Першае і найбольш ранняе апісанне падзей было складзена ўніяцкім мітрапалітам Львом Заленскім і адпраўлена ў Рым, у Кангрэгацыю прапаганды веры, 18 жніўня 1705 года. Дакумент на лацінскай мове атрымаў назву «Дзённік чалавеказабойства айцоў базыльян полацкага манастыра…» (). У ім Заленскі сцвярджаў, што Пётр I меў загадзя прадуманы план знішчэння ўніі і нібыта атрымаў на гэта благаславенне ад праваслаўных іерархаў, у тым ліку ад Стэфана Яворскага.

Паводле Заленскага, напярэдадні трагедыі, 10 ліпеня, Пётр I наведаў праваслаўны Богаяўленскі манастыр, дзе манахі папрасілі яго абараніць іх ад уніятаў. Наступным днём цар прыйшоў у Сафійскі сабор. Мясцовыя манахі не пусцілі яго ў алтар як схізматыка. Убачыўшы багата аздоблены абраз Іасафата Кунцэвіча, цар спытаў, хто гэта. Манах-прапаведнік Тэафан Калбячынскі адказаў, што гэта святы мучанік Іасафат, забіты расійскімі аднаверцамі цара. Пасля гэтага Пётр ударыў Калбячынскага і, паводле справаздачы, праткнуў яго шпагай, як і манаха Язафата Анкудовіча, які прыбег на шум. Заленскі таксама сцвярджае, што цар увайшоў у алтар і скінуў з прастола Святыя Дары. Іераманах Канстанцін Заячкоўскі, які спрабаваў іх сабраць, быў арыштаваны і павешаны. Разам з ім загінулі і іншыя манахі, а таксама манастырскі кухар.

Версія Яна Аляшэўскага і Антонія Завадскага Найбольш падрабязнае апісанне змяшчаецца ў працах, напісаных па гарачых слядах ці са сведчанняў відавочцаў. Асноўным такім дакументам з'яўляецца хроніка «Абрыс хатняй няшчаснасці...» (), складзеная каля 1721 года віленскім вікарыем Янам Аляшэўскім і дапоўненая віцебскім манахам Антоніем Завадскім (вядомая таксама пад назвай «Гісторыя аб забойстве базыльян у полацкай царкве…»). Гэты рукапіс быў апублікаваны ў Парыжы ў 1864 годзе намаганнямі польскага гісторыка і публіцыста Францішка Духінскага, а ў 1899 годзе ў Кракаве быў выдадзены арыгінальны тэкст хронікі Аляшэўскага. Некаторыя праваслаўныя аўтары ставяцца да парыжскага выдання з асцярожнасцю, паколькі яно з’явілася падчас антырасійскага паўстання 1863—1864 гадоў і магло выконваць прапагандысцкую функцыю.

Згодна з гэтай версіяй, 11 ліпеня 1705 года Пётр I разам з А. Д. Меншыкавым і вялікай світай афіцэраў увайшлі ў Сафійскі сабор. Цар запатрабаваў адчыніць царскія вароты і звярнуў увагу на алтар з выявай святога Іасафата Кунцэвіча. Паміж манархам і вікарыем манастыра Канстанцінам Заячкоўскім адбыўся дыялог. Пётр I спытаў: «Чый гэта абраз?». Вікарый адказаў, што гэта святы Іасафат. На наступнае пытанне: «Які ён святы? Хто яго замучыў?» вікарый адказаў, што гэта зрабілі віцябляне. Калі цар удакладніў: «Якой веры?», Заячкоўскі адказаў: «Той веры, што і твая міласць». Гэтыя словы выклікалі ў Пятра I прыступ лютасці. Ён ударыў святара кулаком у твар, а потым пачаў біць кіем. Згодна з тэкстам, цар або яго афіцэры адсеклі вікарыю шабляй вушы і нос. Пасля гэтага світа цара далучылася да збіцця іншых манахаў, якіх калолі штыкамі і тапталі нагамі. Пазней Заячкоўскага катавалі, патрабуючы выдаць манастырскія скарбы, і павесілі.

Версія Януша Вішнявецкага Іншы погляд на падзеі прадстаўлены ў мемуарах віленскага ваяводы Януша Антонія Вішнявецкага «Польская Іліяда» (), напісаных каля 1711—1712 гадоў. Аўтар, які блізка камунікаваў з прадстаўнікамі расійскага камандавання, адзначаў, што інцыдэнту папярэднічаў сумесны банкет з удзелам польнага гетмана літоўскага Рыгора Агінскага, пасля якога Пётр I і Меншыкаў накіраваліся ў сабор.

Паводле Вішнявецкага, канфлікт быў справакаваны рускім палкавым святаром, якога ўніяты добра пачаставалі алкаголем. Падчас п’янкі пачалася дыскусія пра веру, у выніку якой рускі святар ударыў па твары мясцовага настаяцеля Якуба Кізікоўскага, але атрымаў здачы ад іншага манаха. Святар паскардзіўся Меншыкаву. Разгарачаныя алкаголем цар і яго фаварыт уварваліся ў храм. Убачыўшы абраз святога Іасафата, Пётр I спытаў, кім ён быў забіты. Атрымаўшы адказ «Схізматыкамі», цар у шаленстве ўласнаручна закалоў аднаго з манахаў каля алтара, а другога забіў Меншыкаў. Яшчэ траіх было загадана павесіць, але аднаму з іх выратаваў жыццё Б. П. Шарамецеў. Вішнявецкі таксама згадвае, што цар рассыпаў па зямлі асвечаныя аплаткі, матывуючы гэта тым, што праваслаўныя не вераць у іх святасць.

Мясцовыя летапісы У «Магілёўскай хроніцы» Юрыя Трубніцкага, запісы ў якой датуюцца сакавіком 1708 года, змяшчаецца яшчэ адна версія, запісаная са слоў полацкага манаха Пафнуція. Згодна з ёй, пасля спрэчкі аб веры цар загадаў нацкаваць на святара чорнага сабаку. Калі манахі пачалі хавацца, цар праткнуў аднаго з іх шпагай, а астатніх чацвярых загадаў павесіць. Аўтар хронікі адзначаў, што ўніяты ўшаноўвалі загінулых як святых пакутнікаў.

У «Віцебскім летапісе», складзеным Міхаілам Панцырным і Стэфанам Аверкам, падзея апісваецца вельмі сцісла, але прама паказвае на ўдзел манарха:

Афіцыйная расійская версія Для таго каб апраўдацца перад еўрапейскай грамадскасцю і польскімі саюзнікамі, неўзабаве пасля інцыдэнту Пётр I выдаў у Вільні спецыяльны маніфест. У ім уся віна ўскладалася на ўніяцкіх манахаў, якія нібыта вялі тайную перапіску з ворагамі (шведамі і прыхільнікамі Сапегаў) і публічна ў пропаведзях абражалі расійскага цара і польскага караля Аўгуста.

Паводле маніфеста, калі Пётр I увайшоў у касцёл, каб паглядзець на цырымоніі, манахі сустрэлі яго знявагай і заявілі, «што не варта Яму, як праціўніку веры, туды ступаць». Цар нібыта стрываў гэта і перайшоў да абраза, пра які спытаў. Атрымаўшы абразлівы адказ, ён загадаў арыштаваць манахаў. Аднак тыя пачалі клікаць на дапамогу і аказалі ўзброены супраціў, параніўшы некалькіх царскіх салдат. У адказ салдаты пачалі секчы манахаў, у выніку чаго чацвёра былі смяротна параненыя, а адзін быў асуджаны і павешаны як здраднік і бунтаўшчык.

Цікавай дэталлю з’яўляецца чарнавік запісу ў першай рэдакцыі афіцыйнай расійскай «Гісторыі Свейскай вайны». Гісторык Мікалай Устралаў выявіў, што кабінет-сакратар Аляксей Макараў першапачаткова напісаў:

Аднак пазней Пётр I асабіста выкрасліў гэтыя радкі з тэксту.

Спіс ахвяр расправы Згодна з даследаваннямі і ўніяцкімі дакументамі таго часу, непасрэднымі ахвярамі інцыдэнту сталі пяць чалавек (у справаздачы Льва Заленскага таксама згадваюцца іераманах Клімент Ражнятоўскі, іерадыяканы Міхаіл Кавалеўскі і Мялецій Кандратовіч, а таксама манах Гаўрыіл Календа і манастырскі кухар): Імя Пасада Лёс Канстанцін Заячкоўскі Вікарый (намеснік) манастыра Быў жорстка збіты. Перад смерцю маскалі катавалі яго, патрабуючы выдаць месца сховаў манастырскіх скарбаў. Павешаны. Тэафан Калбячынскі Казальнік Пасечаны халоднай зброяй непасрэдна ў храме каля алтара святога Іасафата. Паводле шэрагу крыніц, быў забіты асабіста Пятром I або працяты адначасова Меншыкавым. Якуб Кнышэвіч Рэгент царкоўнага хору Атрымаў цяжкія раненні шаблямі падчас расправы ў храме. Памёр ад ран праз кароткі час. Якуб Кізікоўскі Суперыёр (старэйшы) манастыра, доктар тэалогіі Схоплены вайскоўцамі каля брамы. Памёр ад начных катаванняў раніцай наступнага дня. Язэп (Язафат) Анкудовіч Закрыстыянін Быў моцна пасечаны шаблямі, аднак выжыў і стаў адным з непасрэдных сведак трагедыі.

У літаратуры Падзеі ў Сафійскім саборы знайшлі сваё адлюстраванне ў літаратуры XVIII стагоддзя. У 1738 годзе жыхар Віцебшчыны Адам Варакомскі напісаў на польскай мове (з дамешкай беларусізмаў) паэму «Гісторыя пра блаславёных мучанікаў» (). Сюжэтам для твора паслужыла знаходжанне Пятра I ў Полацку і яго расправа з уніяцкім духавенствам.

Аўтар са спачуваннем ставіцца да «польскіх мучанікаў» і асуджае рускага цара за яго ўчынак. Аднак адначасова гэта не перашкаджае паэту ацаніць станоўчыя якасці Пятра I: яго мудрасць, імкненне пашырыць у Расіі асвету. Варакомскаму рускі манарх нагадвае біблейскага Давіда, у якога цноты спалучаліся з заганамі. Ён паўстае ў паэме як жывы, супярэчлівы чалавек. Ацэньваючы яго асобу, паэт звяртаецца да цара ў вершаваных радках:

Наступствы і памяць Пасля забойства святароў Сафійскі сабор быў абрабаваны і зачынены для набажэнстваў. Паводле загаду цара, целы забітых манахаў былі спаленыя, а попел выкінуты ў Заходнюю Дзвіну, каб прадухіліць іх ушанаванне вернікамі ў якасці святых пакутнікаў. Выжылых манахаў расійскія войскі ўтрымлівалі пад вартай дваццаць два тыдні (каля пяці месяцаў). Пётр I прапанаваў перадаць храм праваслаўнай абшчыне горада, аднак тая адмовілася яго прымаць, асцерагаючыся наступных рэпрэсій з боку мясцовай шляхты і ўніятаў.

20 лістапада 1705 года Пётр I выдаў універсал, якім гарантаваў бяспеку і права на набажэнствы (у тым ліку пры полацкай замкавай царкве) манахам-базыльянам Барысаглебскага манастыра. Аднак пазней сабор усё ж быў ператвораны ў парахавы і амуніцыйны склад (цэйхгаўз) расійскай арміі. Доўгі час у гістарыяграфіі існаваў міф, што ў 1710 годзе магутны выбух практычна цалкам знішчыў помнік архітэктуры XI стагоддзя. Аднак, згодна з хронікай «Абрыс хатняй няшчаснасці...» (), напісанай каля 1721 года сведкам тых падзей Янам Аляшэўскім, у 1710 годзе ў саборы сапраўды адбыўся пажар («ад запушчанага агню»), які прывёў да дэтанацыі пораху. Паводле Аляшэўскага, выбух не знішчыў ўвесь будынак, а знёс з падмуркаў толькі «цэлы вугал царквы з бакавой капліцай па левым баку ад ўваходу», а таксама парушыў унутраныя слупы і скляпенні. Расійскі гарнізон дабраахвотна пакінуў Полацкі замак толькі ў 1711 годзе, пакінуўшы пасля сябе пусткі і руіны царквы з кляштарам. Гэтыя гістарычныя звесткі цалкам пацвярджаюцца і археалагічнымі даследаваннямі 1970—1980-х гадоў: моцныя старажытныя муры і падмуркі часткова ацалелі і ў 1730—1750-х гадах сталі асновай для ўзвядзення сучаснай базілікі ў стылі віленскага барока.

Трагедыя выклікала моцнае абурэнне ў Еўропе і ўскладніла адносіны Расіі са Святым Прастолам. Папскі нунцый у Рэчы Паспалітай Арацыа Філіпа Спада збіраў дакументы і сведчанні відавочцаў для Ватыкана, а ўніяцкія іерархі патрабавалі ад польскага ўрада абароны сваіх правоў і вяртання канфіскаванай царом маёмасці.