Аляксандр Благій, вядомы як Алесь Благій, Kontra або TakTak () — беларускі мастак-мураліст (вулічны мастак), дызайнер і ілюстратар.
Біяграфія Нарадзіўся каля 1986 года ў Вялікіх Матыкалах Брэсцкага раёна. Падлеткам захапляўся хіп-хоп культурай. Сем гадоў наведваў музычную школу па класе фартэпіяна, таксама займаўся футболам. Скончыў сярэднюю школу з сярэбраным медалём.
Першыя спробы стрыт-арта — капіраванне графіці з польскіх вагонаў на чыгуначным вакзале ў Брэсце ў 2000-х гадах. Першую вулічную работу стварыў на школьным стадыёне ў Вялікіх Матыкалах.
Пасля школы паступіў на падрыхтоўчае аддзяленне, затым на архітэктурны факультэт Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта (БНТУ), які скончыў па спецыяльнасці «Архітэктура» са ступенню магістра. Па ўніверсітэце некалькі гадоў працаваў па спецыяльнасці архітэктарам, пазней займаўся графічным дызайнам.
Заснаваў уласную мастацкую студыю «ТАКТАК» у Мінску, якая займаецца мастацкім роспісам інтэр’ераў, фасадаў, стварэннем ілюстрацый і часовым роспісам крэйдай. Неадменны ўдзельнік каманды студыі — Аляксандр Канончанка, фатограф і відэамейкер, якія забяспечвае візуальную фіксацыю і прэзентацыю праектаў студыі.
Творчасць Аўтар шматлікіх маштабных муралаў. Станам на люты 2026 года створана 96 муралаў на сценах і фасадах па ўсёй Беларусі, з іх 19 твораў у Мінску.
Аўтар камплекту паштовак з гістарычнымі відамі Віцебска.Віцебск: папулярнае мінулае [Выяўленчы матэрыял] : [камплект паштовак] / ілюстрацыі: Алесь Благій, «Контрарт». ― [Беларусь : б. в., 2014]. — 1 вокладка (24 асобных л.)
Станам на люты 2026 года, быў удзельнікам і прызёрам шматлікіх беларускіх і міжнародных фестываляў і конкурсаў: «Must Act» (Беларусь) «Meeting of Styles» (Беларусь) Фестываль рэкламы «Ad.nak» (Беларусь) «Gravity» (Беларусь) «Белы квадрат» (Беларусь) «Minsk Week of Design» (Беларусь) «Vulica Brasil» (Беларусь) «Orestad Street Art Competition» (Данія) «Folk on the street» (Польшча) «9hills» (Польшча) «Dni Solidarnego Street-Artu» (Польшча) «Write4Gold» (Расія)
Вядомыя муралы і праекты «Сіпуха» — створаны каля 2016 года ў межах арт-фестывалю, дом з выявай савы-сіпухі ў раёне парка Чалюскінцаў у Мінску. Мурал у Алматы — створаны ў жніўні 2019 года ў межах IV Міжнароднага фестывалю манументальнага мастацтва «MURAL FEST» па вуліцы Курмангазы, 31 (рог вуліцы Тулебаева). На мурале выяўлена дзяўчынка, якая малюе петрогліфы і алмацінскія яблыкі 'Апорт'. «Мой Мінск» — створаны ў красавіку 2020 года на фасадзе пяціпавярховага жылога дома па вуліцы Мяснікова, 17 у Мінску. Плошча арт-аб’екта — 185 м². У аснове сюжэта — гравюра з панарамай Мінска 1772 года, дапоўненая выявай дзяўчынкі ў яркім шаліку і гербавай пячаткай горада. Праект дабрачынны. роспіс БелАЗа — створаны ў 2019 годзе ў супрацоўніцтве з кампаніяй Wargaming, мастак размаляваў 90-тонны кар’ерны самазвал БелАЗ-75585 геаметрычным узорам, падобным да камуфляжу з камп’ютарных гульняў. серыя катоў — цыкл муралаў з выявамі катоў на трансфарматарных падстанцыях у дварах Мінска. праект у Стоўбцах — кампазіцыя на фасадах чатырох вышынных дамоў на Цэнтральнай вуліцы, прысвечаная мясцінам Якуба Коласа (Акінчыцы, Альбуць і іншым) на фоне розных пор года. Птушкі-сімвалы — выявы зімародкаў на сцяне паліклінікі ў Івянцы.
Станам на люты 2026 года, творы мастака апроч Мінска ёсць у Баранавічах, Брэсце, Валожыне, Віцебску, Гомелі, Гродне, Івянцы, Клічаве, Клецку, Магілёве, Маларыце, Рагачове, Уздзе і іншых гарадах Беларусі, а за мяжой у Казахстане (Алматы), Літве (Вільня), Польшчы (Беласток, Гданьск, Хэлмна), Расіі (Масква, Нальчык).
Камерцыйныя праекты Мастак аформіў інтэр’еры сеткі піцэрый «Піца Тэмпа» (Pizza Tempo) і рэстаранаў «Васількі».
Супрацоўнічаў з брэндам Mark Formelle пры стварэнні капсульнай калекцыі адзення з аўтарскімі арнаментамі.
Сярод кліентаў таксама кампаніі А-100, Hoster, «Аскона», крама «Офістан» у ТРЦ Galleria Minsk, кавярні Lavazza і «Параграф 45».
Грамадская дзейнасць Пасля стварэння мурала з савой-сіпухай Благій супрацоўнічаў з арнітолагамі для папулярызацыі абароны гэтага віду птушак, што спрыяла ўсталяванню спецыяльных домікаў для іх гнездавання.
Удзельнічаў у дабрачынным праекце па стварэнні птушак-сімвалаў для раёнаў Беларусі.
Крыніцы
Катэгорыя:Мастакі-манументалісты Беларусі