Гета ў Давыдаўцы (восень 1941 — 8 лютага 1942) — яўрэйскае гета, месца прымусовага перасялення яўрэяў вёскі Давыдаўка Светлагорскага раёна Гомельскай вобласці і бліжэйшых населеных пунктаў у працэсе пераследу і знішчэння яўрэяў падчас акупацыі тэрыторыі Беларусі войскамі нацысцкай Германіі ў перыяд Другой сусветнай вайны.

Гісторыя Вёска Давыдаўка была занятая нямецкімі войскамі ў жніўні 1941 года. Акупацыя доўжылася амаль тры гады — да чэрвеня 1944 года. Рэалізуючы нацысцкую праграму знішчэння яўрэяў, немцы стваралі тут гета.

Гета ў Давыдаўцы праіснавала да 8 лютага 1942 года. У гэты дзень у трыццаціградусны мароз усіх яшчэ жывых габрэяў вывелі ў лес і расстралялі за паўкіламетра на паўночны захад ад вёскі. Немцы не ўдзельнічалі ў масавых забойствах, усё было арганізавана і праведзена паліцаямі. Паводле іншых звестак, расстрэл праводзіла айнзацкаманда 8. Удалося выратавацца толькі двум хлопчыкам і дзяўчыне Лізе Вольфсан. Паводле іншых сведчанняў, габрэяў нікуды не гналі, а забілі ўсіх проста ў вёсцы — на вуліцы, у дварах, у агародах. Параненых не дабівалі ва ўпэўненасці, што яны замерзнуць. Потым прымусілі мясцовых жыхароў выкапаць яму, звезці туды на конях целы забітых і закапаць. Па дадзеных расследавання камісіі НДК, былі забітыя 129 чалавек (па іншай інфармацыі — 74).

Памяць На брацкай магіле, у лесе, у 1967 годзе ўсталявалі абеліск. Ён з часам стаў разбурацца. Па ініцыятыве Светлагорскага райвыканкама ў 2005 годзе быў усталяваны новы помнік з тэкстам: «Боль XX стагоддзя. // Забівалі людзей / / толькі за тое, што яўрэйка / / толькі за тое, што яўрэй...». Эскіз помніка зрабілі скульптары — заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Андрэй Заспіцкі і слен Саюза мастакоў Аляксандр Каструкоў. Тэкст напісаў журналіст, член Саюза пісьменнікаў СССР, Ізяслаў Катляроў. Будаўніцтва помніка правёў будаўнічы трэст № 20 Светлагорска пад кіраўніцтвам намесніка генеральнага дырэктара Ламаскага Рыгора Аронавіча. Былы намеснік старшыні Светлагорскага райвыканкама Ждановіч Яўген Анатольевіч змог дамагчыся зацвярджэння помніка, хоць члены мастацкага савета ў Мінску былі супраць такога надпісу. На пліце ля помніка выбітыя не ўсе прозвішчы, забітых было больш.

Крыніцы

Літаратура

Давыдаўка Катэгорыя:Гісторыя Светлагорскага раёна Катэгорыя:Давыдаўка (Светлагорскі раён)