Купе́ль або хрысці́льня — вялікая чашападобная пасудзіна або архітэктурны элемент у хрысціянскай царкве. Служыць для правядзення таінства хрышчэння (як немаўлят, так і дарослых) і змяшчае ваду, якая выкарыстоўваецца для гэтага абраду.

Купель можа быць выканана з розных матэрыялаў і адыгрывае важную ролю ў стварэнні ўнутранага строя царкоўнага памяшкання. Нярэдка купель з'яўляецца сапраўдным творам мастацтва. «Купеллю» (ці іарданню) часам называюць таксама ледзяную палонку, у якой купаюцца ў свята Хрышчэння Гасподняга.

Гісторыя У першыя стагоддзі існавання Царквы хрышчэнне пераважна праводзілася шляхам поўнага пагружэння ў «жывую ваду». Хрышчэнне праз абліванне было выключэннем. Паколькі літургія была арыентавана ў асноўным на дарослых, выкарыстоўваліся ўбудаваныя ў падлогу басейны, якія называліся пісцынамі (лац.: piscina — рэзервуар для вады).

Найстаражытная хрысцільная пісцына была знойдзена ў сірыйскай дамавой царкве ў Дура-Эўрапос (III стагоддзе). У Рыме захаваўся басейн IV стагоддзя пад сучасным баптыстэрыем Латэрана. З пашырэннем хрысціянства і павелічэннем колькасці хрышчэнняў немаўлят з'явіліся меншыя купелі — купы (cuppa) або фюнты (fünte). На Усходзе яны сталі звычайнымі ў VI—VII стагоддзях, а на Захадзе — у эпоху Каралінгаў.

Самыя раннія асобныя хрысцільні былі маналітамі, часта ўпрыгожанымі рэльефамі і арнаментамі, якія стаялі непасрэдна на зямлі. Таксама рабіліся бронзавыя купелі. Пазней купелі пачалі ўсталёўваць на апоры, часам у выглядзе жывёл або міфічных істот, што сімвалізавала адпужванне зла. У перыяд пераходу ад раманікі да готыкі купелі сталі танчэйшымі і вышэйшымі, набываючы форму келіха - з падножжам, ствалом і чашай. Дэманічныя фігуры саступілі месца выявам анёлаў і сімвалам евангелістаў. У эпохі Адраджэння і Барока купелі яшчэ больш зменшыліся, пераўтварыўшыся ў калонападобныя падстаўкі для невялікай чашы.

Формы і віды

Часта купелі маюць круглую або васьмікутную форму. Васьмікутнік з'яўляецца напамінам пра новае стварэнне і звязаны са старазапаветнай практыкай абразання, якое традыцыйна адбывалася на восьмы дзень. Некаторыя купелі маюць трохкутную форму як сімвал Святой Тройцы.

У Сярэднявечча купелі часта размяшчалі ў асобных капліцах або будынках — баптыстэрыях. Святы Амвросій пісаў, што купелі былі васьмікутнымі, «бо на восьмы дзень Хрыстос праз ўваскрасенне вызваляе ад путаў смерці і прымае памерлых з іх магіл».

У заходняй традыцыі ўвесь Вялікдзень асвячаецца вада, таму купель магла быць запоўнена вадой круглы год. Каб абараніць яе ад забруджвання, рабіліся металічныя або драўляныя вечкі. Сёння ў Каталіцкай царкве вада для хрышчэння захоўваецца толькі ў велікодны перыяд, а ў іншы час асвячаецца для кожнага абраду асобна. Купелі звычайна размяшчаюцца каля ўваходу ў неф царквы, каб нагадваць вернікам пра іх уласнае хрышчэнне пры ўваходзе. У лютэранскіх цэрквах купель можа знаходзіцца ў алтарнай частцы. У Паўночнай Еўропе ў XVII—XVIII стагоддзях сталі папулярнымі барочныя вечкі ў выглядзе «хрысцільнага анёла», які падвешваўся да столі і спускаўся ўніз падчас цырымоніі, сімвалізуючы тое, што анёл прыносіць хрысцільную ваду з неба.

Купелі для поўнага пагружэння Першыя хрысцільні былі прызначаны для поўнага пагружэння і часта мелі крыжападобную форму, звычайна з трыма прыступкамі, якія прадстаўлялі Святую Тройцу і вялі ўніз у хрысцільны басейн. Па меры таго як хрышчэнне немаўлят станавілася ўсё больш распаўсюджаным, купелі станавіліся меншымі. У Каталіцкай царкве купель звычайна не прызначана для поўнага пагружэння, тады як дэнамінацыі, якія вераць толькі ў хрышчэнне поўным пагружэннем, выкарыстоўваюць вялікія рэзервуары.

У Праваслаўнай царкве хрышчэнне заўсёды адбываецца поўным патройным пагружэннем (нават для немаўлят). Таму праваслаўныя купелі звычайна большыя за заходнія аналагі і часцей за ўсё пераносныя. Яны часта маюць форму вялікага келіха і звычайна вырабляюцца з металу, а не з каменя або дрэва. Сімвалічна яны ўвасабляюць улонне Царквы, а таксама грабніцу Хрыста, куды чалавек змяшчаецца і адкуль выходзіць народжаным для новага жыцця.

У Каталіцкай царкве пасля Другога Ватыканскага сабора большае значэнне надаецца форме купелі. Сучасныя рэкамендацыі заахвочваюць стварэнне купелей, якія дазваляюць поўнае пагружэнне немаўляці або дзіцяці, ці прынамсі абліванне вадой усяго цела дарослага.

Гл. таксама Баптыстэрый

Зноскі

Літаратура Ulrich Arndt: Gibt's eigentlich baptistische Kirchenarchitektur? In: Herrlich. Das GJW-Magazin (02/2016), S. 28–31. Gisela Aye, Axel Chr. Kronenberg: Taufbecken und Taufengel in Niedersachsen. Vom Ende des Dreißigjährigen Krieges bis zur Mitte des 19. Jahrhunderts. Verlag Schnell & Steiner, Regensburg 2006, ISBN 3-7954-1907-7 (Adiaphora 5). Colin Stuart Drake: The Romanesque Fonts of Northern Europe and Scandinavia. Boydell Press, Woodbridge u. a. 2002, ISBN 0-85115-854-4. Hartmut Mai: Taufsteine, Taufbecken und Taufständer – Geschichte und Ikonographie. In: Bettina Seyderhelm (Hrsg.): Tausend Jahre Taufen in Mitteldeutschland, Schnell & Steiner, Regensburg 2006, ISBN 978-3-7954-1893-9. S. 156–172. Martina Langel: Der Taufort im Kirchenbau unter besonderer Berücksichtigung des Kirchenbaus im Erzbistum Köln nach 1945. Schmitt, Siegburg 1993, ISBN 3-87710-156-9. Peter Poscharsky: Der Ort der Taufe. In: Bettina Seyderhelm (Hrsg.): Tausend Jahre Taufen in Mitteldeutschland, Schnell & Steiner, Regensburg 2006, ISBN 978-3-7954-1893-9. S. 21–27. Sebastian Ristow: Baptisterien im Frankenreich. In: Acta Praehistorica et Archaeologica. 30, 1998, , S. 166–176. Sebastian Ristow: Art. Taufstein/Taufbecken/Taufpiscina. In: Theologische Realenzyklopädie. 32, 2001, S. 741–744. Jörg Widmaier: Artefakt – Inschrift – Gebrauch. Zu Medialität und Praxis figürlicher Taufbecken des Mittelalters (= Tübinger Forschungen zur historischen Archäologie, Bd. 7). Verlag Dr. Faustus, Büchenbach 2016, ISBN 978-3-946387-02-2.

Катэгорыя:Царкоўнае начынне Катэгорыя:Хрышчэнне Катэгорыя:Царкоўная архітэктура Катэгорыя:Хрысціянская тэрміналогія