, таксама — культурна-эстэтычнае збудаванне Японіі, разнавіднасць японскага сада, якая з'явілася ў перыяд Мурамаці (1336—1573).
Апісанне і асноўныя элементы У сухіх дзэнскіх садах прысутнасць расліннасці мінімальная, усё зведзена да сутнасці, не схільнай да капрызаў быційных перамен.
Звычайна сад камянёў уяўляе сабой роўную пляцоўку, большая частка якой засыпана пяском або дробнай галькай. Але галоўным элементам з'яўляюцца, на першы погляд, хаатычна размешчаныя на ёй групы неацёсаных камянёў. Аднак бязладдзе толькі ўяўнае, насамрэч размяшчэнне і кампазіцыя камянёў у групах падпарадкоўваюцца пэўным правілам, якія вынікаюць з светапоглядных канцэпцый дзэн-будызму. Камяні ў групах размяшчаюць па тры, у адпаведнасці з будыйскай трыядай. На паверхні сада з дапамогай грабляў робяцца баразёнкі, якія ідуць уздоўж доўгага боку сада і ўтвараюць кальцавыя акружнасці вакол камянёў. Традыцыйна лічыцца, што паверхня сада сімвалізуе акіян, а камяні — астравы, але наведвальнік сада можа ўявіць на яго месцы штосьці сваё. Сад камянёў працягвае архітэктуру дома і залежыць ад яго інтэр'еру. Функцыянальна сады камянёў прызначаны для медытацый, адхілення ад мірской мітусні і паўсядзённых праблем. Канструкцыя падобных збудаванняў, падпарадкоўваючыся нормам дзэн-будызму, падкрэслівае цягу японцаў да любавання прыродай, разважанняў, адзіноты. Тут у відавочным выглядзе выступаюць такія прынцыпы, як уменне бачыць хараство будзённага і вытанчанасць прастаты.
Таксама, адной з асноўных асаблівасцяў сада камянёў з'яўляецца тое, што ў якім бы пункце ні стаяў назіральнік, яго позірк упадзе на роўную колькасць камянёў.
Вядомыя сады камянёў Сад Роандзі
Адным з самых вядомых садоў камянёў з'яўляецца сад пятнаццаці камянёў храма Роан-дзі. Сад пабудаваны ў 1499 годзе майстрам Соамі (, памёр у 1525 годзе). Падобныя сады характэрныя для многіх дзэн-будыйскіх і сінгонскіх храмаў Японіі.
Уяўляе сабой невялікую па памерах прамавугольную пляцоўку (з усходу на захад — 30 м, з поўдня на поўнач — 10 м), засыпаную белым жвірам. На пляцоўцы размешчана 15 чорных неапрацаваных камянёў, яны арганізаваны ў пяць груп. Вакол кожнай групы, як абрамленне, пасаджаны зялёны мох. Гравій «расчасаны» граблямі на тонкія баразёнкі. З трох бакоў сад агароджаны невысокім глінабітным плотам.
З якога б пункта ні разглядаў наведвальнік сада гэтую кампазіцыю, пятнаццаты камень заўсёды аказваецца па-за полем яго зроку, загароджаны іншымі камянямі. Часам, аднак, ствараецца ўражанне, што бачныя 15 камянёў, бо асобныя камяні з-за сваёй няправільнай формы ўспрымаюцца як два. Цалкам назіраць усе камяні можна, толькі ўзляцеўшы ў паветра над садам і паглядзеўшы на яго зверху. Лічыцца, што ўбачыць усе 15 камянёў можа толькі той, хто «дасягнуў прасвятлення».
Сад з'яўляецца часткай храмавага комплексу, таму падысці да яго можна, толькі прайшоўшы праз храм, а сузіраць — толькі знаходзячыся на верандзе храма.
Камяні Эстэтычныя ўласцівасці неапрацаванага каменя больш за ўсё прымяняюцца ў архітэктуры сада камянёў. Але і ў іншых разнавіднасцях японскага сада камяні з'яўляюцца асноўным элементам. Таксама камень у яго першароднай форме з'яўляецца галоўным атрыбутам японскага парку.
Галерэя
Крыніцы
Літаратура
Спасылкі
Нікалаева Н. С. «Японскі сад камянёў» — «Мастацтва», N24 (2009) Сад камянёў Пра разнавіднасці японскага сада Карэсансуй: японскі сад камянёў або дзэн-сад Геаметрычныя канцэпцыі японскага сада камянёў
Катэгорыя:Архітэктура Японіі Катэгорыя:Японскі сад