Ры́жская белару́ская прыва́тная гімна́зія (афіцыйна — Рыжская прыватная гімназія Таварыства беларускіх настаўнікаў у Латвіі; ) — сярэдняя агульнаадукацыйная навучальная ўстанова беларускай нацыянальнай меншасці, якая дзейнічала ў сталіцы Латвіі з 1929 па 1936 год. Належала Таварыству беларускіх настаўнікаў у Латвіі. З'яўлялася адным з цэнтраў грамадска-культурнага жыцця латвійскіх беларусаў у міжваенны перыяд.
Гісторыя Перадумовы стварэння У міжваенны час Рыга з'яўлялася адным з асяродкаў беларускага руху, дзе, паводле перапісу 1930 года, пражывала 4751 беларус. Вядомы дзеяч Кастусь Езавітаў падзяляў рыжскіх беларусаў на тры групы: старыя заможныя жыхары горада, якія страцілі сувязь з радзімай і спалянізаваліся або абруселі; новыя выхадцы канца XIX — пачатку XX стагоддзяў, якія не здэнацыяналізаваліся і сталі асновай беларускай грамады; і найноўшыя працоўныя мігранты з беларускіх вёсак Латгаліі і Ілукштаншчыны.
У сярэдзіне 1920-х гадоў намаганнямі мясцовых дзеячаў у сталіцы былі адкрыты дзве беларускія пачатковыя школы (на Маскоўскім Фарштаце і Чырвонай Дзвіне), аднак працяглы час існавала праблема адсутнасці сярэдняй школы. Пасля першага выпуску вучняў 1-й Рыжскай беларускай асноўнай школы ў 1925 годзе таварыства «Беларуская Хата» звярнулася ў Міністэрства асветы Латвіі па дазвол на адкрыццё прыватнай гімназіі. Нягледзячы на наяўнасць спіса з 12 патэнцыйных вучняў, улады адмовілі ў рэгістрацыі.
Заснаванне і развіццё гімназіі Паўторная спроба была зроблена Таварыствам беларускіх настаўнікаў у Латвіі (ТБНЛ). 10 чэрвеня 1929 года на пасяджэнні Рады Беларускага школьнага аддзела было вырашана даручыць ТБНЛ атрымаць згоду ўлад на адкрыццё ўстановыLatvijas Valsts vēstures arhīvs (LVVA). F. 2125, ap. 5, l. 5, lp. 7.. 19 ліпеня 1929 года статут Рыжскай прыватнай гімназіі ТБНЛ быў афіцыйна зацверджаныLVVA. F. 2125, ap. 5, l. 5, lp. 8..
Гімназія не мела ўласнага будынка і першапачаткова арандавала памяшканні ў Старым Горадзе на вуліцы Грэцыніеку, 28 (Grēcinieku iela, 28). У 1931 годзе з-за фінансавых цяжкасцей установа была вымушана пераехаць: адна частка размясцілася ў будынку 1-й Рыжскай беларускай асноўнай школы на Маскоўскім Фарштаце (Maskavas iela, 173), а другая — у будынку 2-й Рыжскай беларускай асноўнай школы на Чырвонай Дзвіне (Sīmaņa iela, 14). Першым дырэктарам стаў Аляксандр Родзька.
Асноўнай крыніцай фінансавання з'яўляліся дзяржаўныя датацыі, што выдзяляліся праз Беларускі школьны аддзел. Так, у ліпені 1929 года Рада аддзела прызначыла школе дапамогу ў 1200 латаўLVVA. F. 2125, ap. 5, l. 5, lp. 8.. Таксама фінансавую падтрымку аказвала сталічнае самакіраванне: у 1932 годзе гарадскія ўлады ахвяравалі гімназіі 8 тысяч латаўХроніка беларускага жыцьця у Латвіі // Беларуская школа ў Латвіі. 1932. № 2 (12). С. 177..
Вучэбны працэс Першапачаткова гімназія існавала як сярэдняя школа 1-га тыпу (з вывучэннем лацінскай і нямецкай моў). Аднак вучні неахвотна наведвалі заняткі па лацінскай мове, таму 25 кастрычніка 1931 года педагагічная рада па прапанове дырэктара А. Родзькі падзяліла гімназію на два аддзяленні: лацінскае і руска-нямецкаеLVVA. F. 2125, ap. 5, l. 255, lp. 79.. Неўзабаве, 4 лістапада таго ж года, профіль быў канчаткова зменены: колькасць гадзін лацінскай мовы скарацілі на карысць англійскай і ўвялі абавязковы іспыт па рускай мовеLVVA. F. 3175, ap. 1, l. 4, lp. 3.. Навучальны працэс ускладняўся недахопам беларускіх падручнікаў; напрыклад, заняткі па матэматыцы, фізіцы і прыродазнаўству праводзіліся па рускіх кнігахLVVA. F. 2125, ap. 5, l. 91, lp. 93..
Агульнае кіраўніцтва ўстановай ажыццяўляла педагагічная рада (першае пасяджэнне адбылося 1 верасня 1929 года), куды ўваходзілі як выкладчыкі, так і прадстаўнікі бацькоўLVVA. F. 3175, ap. 1, l. 1, lp. 1.. Кошт навучання складаў 100 латаў у год, але многія вучні звярталіся з просьбамі аб адтэрміноўцы аплаты, бясплатных месцах або паўторных іспытах з-за неабходнасці працаваць.
Выкладчыкі Педагагічны калектыў гімназіі вызначаўся высокім прафесіяналізмам. Акрамя беларусаў, у школе працавалі латышы, немцы і рускія. Сярод выкладчыкаў было шмат вопытных дзеячаў, а таксама студэнтаў і выпускнікоў Латвійскага ўніверсітэта (П. Журкоўскі, А. Шчорс, К. Мяжэцкі) і Латвійскай акадэміі мастацтваў (П. Мірановіч). Стварэнне гімназіі дало сталічным беларускім настаўнікам дадатковую крыніцу фінансавання, таму ўстанова не мела праблем з кадрамі.
+ Педагагічны склад Рыжскай беларускай прыватнай гімназіі (1929—1934 гг.) Выкладчык Выкладаемыя прадметы Аляксандр Родзька матэматыка, фізіка, касмаграфія Сцяпан Сіцько беларуская мова, літаратура, усеагульная гісторыя, гісторыя Беларусі, руская мова Мікалай Дзямідаў беларуская мова (звольнены ў 1930 г., вярнуўся ў 1934 г.) Кастусь Езавітаў беларуская мова, справаводства (звольнены ў 1934 г.) Пятро Журкоўскі хімія Пётра Мірановіч маляванне, гісторыя мастацтваў Парфіры Жэрдзі прыродазнаўства Міхась Краўчанка гімнастыка Якуб Кастылюк усеагульная геаграфія Казімір Мяжэцкі прыродазнаўства, геаграфія Беларусі, хімія, фізіка, справаводства Аляксандр Шчорс хімія, фізіка, англійская і нямецкая мовы Рыгор Багаяўленскі руская і лацінская мовы, псіхалогія, логіка Вольга Сіман нямецкая мова Оскар Сіман нямецкая мова Вікторыя Доўгая пластыка, фізічнае выхаванне Арнольдс Вэвербрандс латышская мова Генрых Гросэн лацінская мова Уладыслаў Мянчонак лацінская мова і літаратура Петэрыс Петэрсанс латышская мова Аляксандр Мекш матэматыка, фізіка Курт Штэрн англійская і нямецкая мовы Юлій Брач латышская мова, геаграфія і гісторыя Латвіі Язэп Клагіш этыка, псіхалогія, беларуская мова, геаграфія Беларусі, усеагульная гісторыя Франц Клагіш матэматыка, касмаграфія Міхал Грыўскі спевы Азоліньш гімнастыка Адольф Шліпс нямецкая мова Ніна Швангерадзэ англійская мова В. Лейтэн невядома Рудзіт невядома Марта Кельнэ невядома
Вучні У першы 1929/1930 навучальны год працаваў толькі адзін клас з 19 вучнямі. Да 1931/1932 навучальнага года колькасць класаў павялічылася да трох (54 вучні), а ў наступным годзе быў створаны апошні чацвёрты клас, у якім навучалася ўжо 69–70 чалавекLVVA. F. 2125, ap. 5, l. 31, lp. 2.. Першы выпуск адбыўся 19 чэрвеня 1933 года (дыпломы атрымалі 11 асоб)У Латвіі // Родны Край. 1933. № 3 ад 24 чэрвеня. С. 4..
Сацыяльны склад вучняў у асноўным абмяжоўваўся дзецьмі з незаможных рабочых сем'яў сталіцы. Сярод іх часта сустракаліся тыя, хто меў фінансавыя праблемы. Так, вучань Ян Раманаў пісаў да кіраўніцтва: «Да вучэння ў мяне вельмі вялікая ахвота, але каб вучыцца ў гімназіі, у мяне няма сродкаў... Калі ж я задумаў паступіць у гімназію — мне адказалі, што патрэбна плаціць у год сто латаў, чаго я зразумела не мог рабіць пры сваім маленькім заробку...»LVVA. F. 3175, ap. 1, l. 14, lp. 150..
У гімназію часта пераводзіліся вучні з Латгаліі, асабліва пасля заняпаду і ліквідацыі Дзвінскай беларускай гімназіі. Напрыклад, у 1932 годзе ў Рыгу пераехала дачка Сяргея Сахарава Ірына, а таксама Аляксандр СалдашынскіLVVA. F. 3175, ap. 1, l. 15, lp. 4..
Нягледзячы на афіцыйны беларускі статус, гімназія прыцягвала прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцей (рускіх, яўрэяў, латышоў, немцаў) дзякуючы адносна невысокім коштам навучання. Аднак з-за фармальнай забароны прымаць іншародцаў, бацькі былі вымушаны дэклараваць беларускую нацыянальнасць сваіх дзяцей у спецыяльных анкетах. Напрыклад, грамадзянка Хая Брушцін пісала: «Запэўніваю, што мая дачка Гінда з'яўляецца беларускай па нацыянальнасці і таму жадаю, каб яна вучылася ў Рыжскай беларускай гімназіі»LVVA. F. 3175, ap. 1, l. 11, lp. 133, 135.. Жыхар Рыгі Абрам Каплан аргументаваў прыём свайго сына Мозуса тым, што яго няжбожчыца-жонка была родам з БеларусіLVVA. F. 3175, ap. 1, l. 13, lp. 8.. У гімназіі таксама вучыліся рускі юнак Канстанцін Чарахуміх (будучы супрацоўнік газеты «Сегодня») і Валянцін Нойланд, чый бацька быў латышскім немцам, а маці рускай. Нойланд адзначаў, што сімпатызуе беларускаму руху і лічыць сябе духоўна датычным да беларусаўLVVA. F. 3175, ap. 1, l. 14, lp. 8.. Грамадска-культурнае жыццё Пры гімназіі актыўна дзейнічала аматарская драматычная дружына, якая на пачатку 1930-х гадоў паставіла спектаклі «На вёсцы» Францішка Аляхновіча і п'есу «На Полацкім замчышчы» Вольгі Сахаравай. Школа рэгулярна ладзіла культурныя мерапрыемствы. 29 кастрычніка 1932 года шырока святкавалася 50-годдзе з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа, падчас якога Кастусь Езавітаў прачытаў даклад, а вучні дэкламавалі вершы і спявалі песніLVVA. F. 3175, ap. 1, l. 1, lp. 45, 47.. 25 сакавіка 1933 года гімназія стала адным з арганізатараў святкавання 25-годдзя абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі сумесна з ТБНЛ і ТБМЛКлагіш Яз. Юбілейнае сьвяткаваньне 25 сакавіка ў Рызе // Беларуская школа ў Латвіі. 1933. № 3 (20). С. 299..
28 красавіка 1933 года, з нагоды 415-годдзя выдання Бібліі, педагагічная рада гімназіі прыняла рашэнне хадайнічаць перад уладамі аб наданні школе імя Францыска Скарыны з правам выкарыстання яго герба на пячатках і вучнёўскіх значкахLVVA. F. 3175, ap. 1, l. 8, lp. 30.. Аднак у чэрвені 1933 года міністр асветы адмовіў у наданні імя, хоць і зацвердзіў праект вучнёўскага значка з выявай сонца і месяцаLVVA. F. 3175, ap. 1, l. 8, lp. 30; Хроніка беларускага жыцьця у Латвіі // Беларуская школа ў Латвіі. 1933. № 6 (23). С. 354..
Таксама намаганнямі настаўнікаў у верасні 1932 года была створана ўласная вучнёўская бібліятэка, якую ўзначаліў Пятро МасальскіLVVA. F. 3175, ap. 1, l. 1, lp. 50..
Закрыццё Дзяржаўны пераварот 15 мая 1934 года, здзейснены Карлісам Улманісам, прывёў да ўсталявання ў Латвіі аўтарытарнага рэжыму. Новы ўрад пачаў наступ на аўтаномію нацыянальных меншасцей. Нягледзячы на тое, што спачатку Рыжская гімназія працягвала працаваць, яна моцна пацярпела ад палітычных рэпрэсій.
У маі-чэрвені 1934 года з пасады выкладчыка быў звольнены Кастусь Езавітаў з-за сваіх левых поглядаў (яго замяніў лаяльны да ўлад Мікалай Дзямідаў)LVVA. F. 3175, ap. 1, l. 8, lp. 61.. 16 кастрычніка 1934 года па загадзе міністра асветы быў звольнены дырэктар Аляксандр Родзька, а кіраўніцтва ўстановай перайшло да Пятра МірановічаLVVA. F. 3175, ap. 1, l. 8, lp. 73.. Працоўныя кантракты не былі працягнуты з выкладчыкамі братамі Язэпам і Францам КлагішаміLawon Burny. Z biełaruskaha żyćcia ŭ Łatwiі // Беларуская крыніца. 1934. № 38 ад 28 кастрычніка. С. 1..
У верасні 1934 года Рыжскае гарадское самакіраванне прыняло рашэнне спыніць грашовую дапамогу гімназіі з 1 студзеня 1935 года. У выніку быў сарваны набор у 1-ы клас. З-за вострага дэфіцыту сродкаў у снежні 1934 года кіраўніцтва ТБНЛ абвясціла, што ўсе настаўнікі вызваляюцца ад прафесійных абавязкаў, і прапанавала ім працягнуць працу да канца навучальнага года бясплатнаLVVA. F. 3175, ap. 1, l. 7, lp. 16.. Гімназія з цяжкасцямі праіснавала яшчэ непрацяглы час і афіцыйна спыніла сваю дзейнасць у 1936 годзеНАРБ. Ф. 458, воп. 1, спр. 127, л. 1-37..
Крыніцы
Літаратура
Катэгорыя:Гімназіі Латвіі Катэгорыя:Навучальныя ўстановы Рыгі Катэгорыя:Беларусы ў Латвіі Катэгорыя:Навучальныя ўстановы, заснаваныя ў 1929 годзе Катэгорыя:Зніклі ў 1936 годзе