«Alboruthenica» («Альбарутэ́ніка») — нерэалізаваны праект беларускай студэнцкай карпарацыі ў Латвійскім універсітэце ў Рызе (1933—1935). З-за адмовы ў рэгістрацыі з боку ўлад існаваў у форме невялікага студэнцкага гуртка.
Гісторыя У 1933 годзе ў Латвійскім універсітэце была ўтворана ініцыятыўная група з трох студэнтаў-беларусаў: Пятра Журкоўскага, Казіміра Мяжэцкага і Рамана Віткоўскага. Яны стварылі арганізацыйны камітэт па заснаванні беларускай студэнцкай карпарацыі пад назвай «Alboruthenica». Увесну 1934 года ініцыятары распрацавалі і перадалі на зацвярджэнне ўніверсітэцкім уладам статут арганізацыіХроніка беларускага жыцьця у Латвіі // Беларуская школа ў Латвіі. 1933. № 6 (23). С. 354..
Арганізацыйная праца рухалася вельмі павольна. Згодна з правіламі, для афіцыйнай рэгістрацыі студэнцкай карпарацыі патрабавалася сабраць подпісы як мінімум 15 студэнтаў. З-за сваёй нешматлікасці беларускія студэнты былі вымушаны далучыць да арганізацыйнага камітэта добразычлівых калег іншых нацыянальнасцей.
Напрыканцы першага семестра 1934/1935 навучальнага года беларусы атрымалі афіцыйную адмову ў рэгістрацыі карпарацыі. Прычынай стала тое, што сярод сябраў ініцыятыўнай групы знаходзілася значная колькасць латышоў, а таксама два беларусы, якія ўжо належалі да іншых карпарацый, што аб'ядноўвалі студэнтаў-латышоўВ. С. Латвійскі унівэрсытэт і беларускае студэнства // Беларуская крыніца. 1935. № 5 ад 28 студзеня. С. 4..
З-за немагчымасці стварэння паўнавартаснай карпарацыі студэнты-беларусы былі вымушаны здаволіцца існаваннем невялікага студэнцкага гуртка, які налічваў усяго 5 чалавек. У адрозненне ад карпарацыі, гурток меў значна менш правоў ва ўніверсітэце, але ўсё ж мог весці нацыянальна-культурную працу сярод студэнцтва.
Крыніцы
Літаратура
Катэгорыя:Арганізацыі беларусаў Латвіі Катэгорыя:Студэнцкія арганізацыі Катэгорыя:Латвійскі ўніверсітэт Катэгорыя:Арганізацыі, заснаваныя ў 1933 годзе Катэгорыя:Арганізацыі, закрытыя ў 1935 годзе