Рыго́р Сямё́навіч Плыгаўка (; , хутар Пятроўка, Вілейскі павет — , Рыга) — беларускі педагог, грамадскі і культурны дзеяч беларускай дыяспары ў міжваеннай Латвіі.

Біяграфія

Раннія гады і адукацыя Нарадзіўся 27 лістапада 1886 года на хутары Пятроўка Порплішчанскай воласці Вілейскага павета (цяпер тэрыторыя Докшыцкага раёна) ў сялянскай сям’і. Пасля заканчэння пачатковай школы паступіў у Маладзечанскую настаўніцкую семінарыю, якую паспяхова скончыў у 1906 годзе. З восені таго ж года пачаў працаваць настаўнікам спачатку ў мястэчку Асінагарадок, а пазней у Норыцкай пачатковай школе на Віленшчыне. Адпрацаваўшы чатыры гады настаўнікам, у жніўні 1910 года ён паступіў у новаадкрыты Віцебскі настаўніцкі інстытут. У 1913 годзе паспяхова скончыў навучанне ў інстытуце ў якасці стыпендыята.

Праца і ваенная служба 16 жніўня 1913 года Рыгор Плыгаўка быў прызначаны настаўнікам Крэйцбургскага вышэйшага пачатковага вучылішча на тэрыторыі сучаснай Латвіі (цяпер горад Крустпілс). Падчас жыцця і працы ў гэтым горадзе ён ажаніўся з латышкай, дачкой мясцовага домаўласніка.

Пасля пачатку Першай сусветнай вайны ён быў мабілізаваны ў дзеючую расійскую армію. Неўзабаве на фронце трапіў у нямецкі палон. Падчас знаходжання ў лагеры для ваеннапалонных ён вывучыў нямецкую мову і працаваў пісарам у лагернай канцылярыі.

Дзейнасць у Латвіі У 1919 годзе Плыгаўка вярнуўся з палону ў Латвію. Да канца 1921 года ён выкладаў у Якабштацкай (Екабпілскай) латышскай гімназіі. Восенню 1921 года актыўна далучыўся да беларускага нацыянальна-культурнага руху і быў запрошаны культурна-асветным таварыствам «Бацькаўшчына» на пасаду арганізатара беларускай асноўнай школы ў Люцыне. Плыгаўка паспяхова кіраваў гэтай установай да 1 лютага 1925 года, а таксама прымаў дзейны ўдзел у працы Люцынскага аддзела «Бацькаўшчыны» і ў арганізацыі Люцынскай беларускай гімназіі.

1 лютага 1925 года ён быў прызначаны на пасаду справавода ў Беларускім аддзеле пры Міністэрстве асветы Латвіі. Пасля пераезду ў Рыгу актыўна працаваў у таварыствах «Беларусаў-выбаршчыкаў» і «Беларуская хата». 18 лютага 1927 года яго прызначылі загадчыкам і настаўнікам 2-й Рыжскай беларускай асноўнай школы, а таксама школы для дарослых на Чырвонай Дзвіне. Адначасова з гэтым ён выкладаў нямецкую мову ў Рыжскай беларускай прыватнай гімназіі і чытаў лекцыі па методыцы на Дзяржаўных беларускіх настаўніцкіх курсах. З 27 ліпеня 1932 года Плыгаўка з’яўляўся сябрам сталага праўлення Беларускага навукова-краязнаўчага таварыства ў Латвіі (БНКТЛ).

Рэпрэсіі і канец жыцця Пасля дзяржаўнага перавароту 15 мая 1934 года і ўсталявання аўтарытарнага рэжыму Карліса Улманіса пачаўся ўціск нацыянальных меншасцей. У 1936 годзе латвійскія ўлады звольнілі Рыгора Плыгаўку з усіх пасад і адправілі на пенсію. У лютым 1936 года ён, разам з іншымі беларускімі педагогамі і дзеячамі, быў арыштаваны латвійскай палітычнай паліцыяй.

Перажытыя рэпрэсіі і стрэс моцна падарвалі яго здароўе. У яго пачаліся сур’ёзныя праблемы з лёгкімі (сухоты), з-за чаго ён доўгі час лекаваўся ў санаторыі ў рыжскім раёне Чыекуркалнс. На пачатку 1939 года яго здароўе крыху палепшылася, аднак пазней ён зноў злёг і памёр 5 снежня 1939 года ў Рызе ва ўзросце 53 гадоў.

Пахаванне Пахаванне адбылося ў пятніцу, 8 снежня 1939 года, на могілках Райніса ў Рызе (сетар Р IV, месца 513). Месца для ўласнай магілы непадалёк ад помніка выдатнаму латышскаму паэту і сябру беларускай меншасці Янісу Райнісу Плыгаўка выкупіў і выбраў асабіста яшчэ ў 1936 годзе. Яно знаходзілася побач з раёнам Чырвоная Дзвіна і будынкамі беларускіх школ, дзе ён працаваў.

У развітанні прынялі ўдзел шматлікія прадстаўнікі беларускай грамадскасці. Набажэнства правёў праваслаўны святар Міхаіл Краўчанка, які таксама прамовіў хвалюючую прамову на беларускай мове і прачытаў Евангелле. Падчас цырымоніі спяваў квартэт пад кіраўніцтвам Льва Грыўскага. Труну з капліцы да магілы на плячах неслі калегі-настаўнікі і бацькі вучняў 2-й Рыжскай беларускай школы. На магілу было ўскладзена шмат вянкоў, у тым ліку вянок ад Таварыства беларусаў у Латвіі. Развітальную прамову сказаў блізкі сябар і калега Сяргей Сахараў.

Крыніцы

Літаратура

Катэгорыя:Педагогі Латвіі Катэгорыя:Беларусы ў Латвіі Катэгорыя:Удзельнікі Першай сусветнай вайны (Расійская імперыя) Катэгорыя:Рэпрэсаваныя ў Латвіі Катэгорыя:Нарадзіліся 27 лістапада Катэгорыя:Нарадзіліся ў 1886 годзе Катэгорыя:Нарадзіліся ў Вілейскім павеце Катэгорыя:Памерлі 5 снежня Катэгорыя:Памерлі ў 1939 годзе Катэгорыя:Памерлі ў Рызе Катэгорыя:Пахаваныя на могілках Райніса Катэгорыя:Памерлі ад туберкулёзу Катэгорыя:Нарадзіліся ў Докшыцкім раёне Катэгорыя:Выкладчыкі Рыжскай беларускай прыватнай гімназіі Катэгорыя:Выкладчыкі Люцынскай дзяржаўнай беларускай гімназіі