Тавары́ства белару́скай мо́вы імя́ Ф. Скары́ны Ві́ленскага кра́ю — грамадская арганізацыя беларускай супольнасці ў Літве. Створана ў 1992 годзе.

Гісторыя і кіраўніцтва Ініцыятарам стварэння арганізацыі выступіў беларускі гісторык і грамадскі дзеяч Юрый Гіль. Да 1996 года ён выконваў абавязкі адказнага сакратара таварыства, а пазней стаў яго старшынёй.

Дзейнасць Арганізацыя праводзіць культурна-асветныя мерапрыемствы па ўшанаванню памяці вядомых беларускіх дзеячаў. Па прапанове таварыства вуліца ў вёсцы Савічы (Рукойнейская сянюнія) была названа ў гонар Францішка Багушэвіча, а ў мястэчку Меднікі — імем Кастуся Каліноўскага.

У 1993 годзе сябры таварыства пры ўдзеле суродзічаў з Бацькаўшчыны заснавалі ў засценку Вашунава (Докшыцкі раён Віцебскай вобласці) гісторыка-этнаграфічны музей «Засцянковая хата». Гэты музей стаў асветна-культурным асяродкам для мясцовых жыхароў і беларусаў Віленшчыны. Пры ім пачала працаваць бібліятэка «Крынічка», якая налічвае каля пяці тысяч кніг.

Грамадска-палітычны ўдзел Таварыства мае прадстаўнікоў у складзе беларускай секцыі пры польскай палітычнай арганізацыі «Выбарчая акцыя палякаў Літвы» (ВАПЛ). У 1997 годзе па спісе ВАПЛ дэпутатам рады самакіравання Вільнюскага раёна быў у другі раз абраны сябра ТБМ Юрый Гіль, які абараняў у гэтым органе інтарэсы беларусаў.

У кастрычніку 1998 года сябры таварыства актыўна ўдзельнічалі ў мітынгу нацыянальных меншасцей Літвы ў Вільні. Пратэст быў выкліканы тым, што ўлады не вярталі зямлю яе законным уласнікам — жыхарам Віленскага раёна. Таксама мітынгоўцы выказалі пратэст супраць увядзення новага адміністрацыйнага падзелу Віленскага краю, паводле якога славянскае насельніцтва, пераважна этнічныя беларусы, аказвалася раз’яднаным і далучаным да раёнаў з большасцю літоўскага насельніцтва.

Крыніцы

Літаратура

Катэгорыя:Арганізацыі беларусаў Літвы Катэгорыя:З’явіліся ў 1992 годзе Катэгорыя:Віленскі раён