«Падсады» — біялагічны заказнік (з 2022 г. рэспубліканскі), створаны ў Мінскім раёне ў 1999 годзе. Мэтай заснавання стала зберажэнне ў прыродным стане рэкрэацыйна- і пейзажна каштоўнага прыроднага комплексу з папуляцыямі рэдкіх відаў раслін і жывёл.

Ахоўная тэрыторыя плошчай каля 1 тыс. га ўяўляе сабой лясны масіў з мноствам крыніц, ручаёў, «вісячых балотцаў» у месцах выкліньвання грунтавых вод, акружаны ўгоддзямі, якія інтэнсіўна выкарыстоўваюцца ў рэкрэацыйных і сельскагаспадарчых мэтах. Рэльеф узгорысты, з паніжэннем у цэнтральнай частцы.

Пашыраны яловыя, хваёвыя і бярозавыя лясы. Асаблівую каштоўнасць маюць высокаўзроставыя (больш за 100 гадоў) вільготныя ельнікі натуральнага паходжання. У складзе флоры зарэгістравана 327 відаў сасудзістых раслін, з якіх баранец звычайны, белакапытнік гібрыдны, званочак шыракалісты, купальнік горны, пярэсна еўрапейская, смярдзюх звычайны, спарасіс кучаравы занесены ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь. Шмат гаспадарча каштоўных відаў — яблыня лясная, каліна, маліна, журавіна, парэчка, брусніцы, чарніцы і інш. Сярод рэдкіх прадстаўнікоў фаўны сустракаюцца звычайны зімародак, пустальга, зялёны дзяцел і чорны бусел.

Дзякуючы высокай эстэтычнай каштоўнасці і зручнай транспартнай даступнасці, тэрыторыя заказніка актыўна выкарыстоўваецца ў рэкрэацыйных мэтах. У наваколлі размешчаны санаторый і дзіцячыя лагеры. Для наведвальнікаў у заказніку абсталявана некалькі аглядных пляцовак, праводзяцца экскурсіі.

Крыніцы

Літаратура

Спасылкі

Катэгорыя:Геаграфія Мінскага раёна Катэгорыя:Біялагічныя заказнікі рэспубліканскага значэння Беларусі Катэгорыя:З’явіліся ў 1999 годзе Катэгорыя:1999 год у Беларусі