Яўгенія Лязо, сапраўднае імя Яўгенія Дзмітрыеўна Касіловіч () — беларуская літаратарка. Аўтарка прозы і паэзіі, крытычных артыкулаў, а таксама навуковых прац па старажытнабеларускай літаратуры.
Біяграфія Нарадзілася 4 ліпеня 2004 года ў Мінску.
Працавала настаўніцай беларускай мовы і літаратуры СШ № 2 у Сеніцы Мінскага раёна, спецыялістам кафедры прыкладной лінгвістыкі філалагічнага факультэта, выкладчыцай Мінскага дзяржаўнага машынабудаўнічага каледжа.
У 2025 скончыла філалагічны факультэт БДУ па спецыяльнасці «Беларуская філалогія». Тэма дыпломнай працы: «„Слова на Антыпасху“ Кірыла Тураўскага: біблейска-хрысціянская аснова» пад кіраўніцтвам пісьменніка, прафесара Алеся Бельскага, які таксама суаўтар некалькіх яе літаратуразнаўчых артыкулаў па сучаснай і старажытнай літаратуры.
З 2026 года — магістр філалагічных навук
Творчасць Дэбютавала ў часопісе «Маладосць» у 2023 годзе публікацыяй першага раздзела рытмізаванай аповесці «Час зламанага крыжа» — «Пані Канрадайн». Цалкам твор выйшаў у першым зборніку «Пальба па галубах». У гэтым жа годзе адбылася прэзентацыя выдання ў літаратурным клубе «Вежа» на філалагічным факультэце БДУ. У сваёй рэцэнзіі, апублікаванай у «Маладосці», Дзмітрый Цалко піша пра жанравую спецыфіку твораў, якія напісаны верлібрам.
У інтэрв’ю газеце «Звязда» галоўны рэдактар «Маладосці» Вольга Рацэвіч таксама адзначае незвычайны вершаваны памер аўтара:
«Не так даўно ў рэдакцыю „Маладосці“ даслала вершы студэнтка другога курса БДУ Яўгенія Касіловіч. Што здзівіла: яны напісаныя гекзаметрам — амаль забытым антычным метрам. Цікавы і даволі складаны выбар 20-гадовай дзяўчыны».
Бібліяграфія
«Пальба па галубах» (2023) Зборнік паэм, напісаных верлібрам. Тры з пяці твораў аб’яднаны агульнымі персанажамі і скразным сюжэтам. Дзеянне адбываецца ў Трэцім Рэйху напярэдадні і падчас Другой сусветнай вайны. «Фагеліяна» — найбуйнейшая паэма зборніка. Галоўны герой — лютаранскі пастар Рудольф фон Фогель, які адмаўляецца ад супрацоўніцтва з гестапа, нягледзячы на ціск з боку свайго старэйшага брата-кар’ерыста. «Пастараль» — паэма, якая распавядае пра сяброўства ксяндза Ёгана і смяротна хворага лютаранскага пастара Кольмана. «Час зламанага крыжа» — ідэйны працяг «Фагеліяны». Адвакатка Канрадайн імкнецца абараніць зняволенага пастара ад нацысцкіх рэпрэсій.
«Гульня з агнём» (2024)
Зборнік рэлігійных аповесцей, апавяданняў і вершаў. «Цень чорнага бусла» — аповесць пра супольнасць старых, знявечаных лёсам ксяндзоў. Сярод галоўных герояў Алеся ці Алесь — настаяцель архікафедральнага сабора, жанчына, якая з дзяцінства вымушана выдаваць сябе за мужчыну ў жорсткім канкурэнтным асяроддзі; Кандрусь — брат Алесі, строгі і падазроны да людзей, але самаадданы ў служэнні біскупу Петрусю; Пятрусь — добразычлівы біскуп, які дбае пра лёс і жыццё маладога царкоўнаслужыцеля Змітра, што прывык трапляць у непрыемнасці і ад чыйго імені вядзецца аповед. «Эва Фаўст» — фантастычнае апавяданне пра дачку пастара Эву, з якім у дзяўчыны нацягнутыя адносіны праз розныя прыярытэты і светаўспрыманне. «Фаў» — апавяданне пра нямецкі канцлагер Мітэльверк, дзе вязні прымусова збіралі балістычныя ракеты «Фаў-2». Канструктар Дытрых настолькі захоплены распрацоўкай, што ігнаруе пакуты рабочых, у тым ліку пастара Кліма, які падтрымлівае духоўныя сілы сваіх паплечнікаў.
У зборнік таксама ўвайшла нізка рэлігійных вершаў, якія чыталіся падчас набажэнстваў.
«Жамчужына» (2026) Філасофска-сатырычны графічны раман, дылогія. Укладаецца з дзвюх кніг: «Улада чатырох», «На адбітках імперыі». Раман апавядае пра вясковага пастуха, які трапяе ў глыб падзелу пасад магутных краін. Паказальна, што раман з’яўляецца макаранічным: рэплікі асобных герояў напісаны на беларускай, рускай, украінскай, царкоўнаславянскай, старажытнагрэчаскай і лаціне.
Публікацыі Маладосць 2022 № 10. Анкета Маладосць 2023 № 5. Пані Канрадайн (урывак з паэмы) Маладосць 2024 № 1. Максім Ісаеў: У пошуках страчанага золата Чынгісхана (рэцэнзія) Роднае слова 2025 № 7. Біблейскія вобразы і хрысціянскія матывы ў паэзіі Гальяша Леўчыка (суаўтар праф. Алесь Бельскі) (навуковы артыкул) Маладосць 2025 № 7. Шкло, святло і робаты (рэцэнзія) Маладосць 2025 № 8. Фантастычныя беражніцы і дзе яны жывуць (рэцэнзія) Полымя 2025 № 9. Самы галоўны скарб (рэцэнзія) Маладосць 2025 № 12. Гульня з агнём (вершы) Маладосць 2026 № 1. Паразумецца з Цмокам (рэцэнзія) Полымя 2026 № 2. Біблейскія вобразы і матывы ў «Слове на Антыпасху» Свяціцеля Кірылы Тураўскага (навуковы артыкул) Полымя 2026 № 5. Слова цэліць, як куля (рэцэнзія) Маладосць 2026 № 5. На памежжы ўсіх узростаў (рэцэнзія)
Крыніцы
Катэгорыя:Пісьменнікі Беларусі Катэгорыя:Беларускамоўныя пісьменнікі XXI стагоддзя Катэгорыя:Пісьменніцы Беларусі Катэгорыя:Пісьменніцы XXI стагоддзя Катэгорыя:Літаратурныя крытыкі Беларусі Катэгорыя:Паэтэсы Беларусі XXI стагоддзя Катэгорыя:Паэтэсы Беларусі