Гідразі́н (дыамід) H2N—NH2 — бясколерная, моцна гіграскапічная вадкасць з непрыемным пахам.

Малекула N2H4 складаецца з дзвюх групаў NH2, павернутых адна адносна аднае, што абумоўлівае палярнасць малекулы гідразіну, μ = 0,62 · 10−29 Кл · м. Змешваецца ў любых суадносінах з вадой, вадкім аміякам, этанолам; у непалярных растваральніках раствараецца дрэнна. Па ўстойлівасці гідразін значна саступае аміяку, бо сувязь N—N не вельмі трывалая.

Хімічныя ўласцівасці Падобна аміяку гідразін праяўляе асноўныя ўласцівасці. Аднак з-за ўзаемнага адштурхвання свабодных электронных пар суседніх атамаў азоту гідразін з’яўляецца слабейшай асновай за аміяк:

N2H4 + H2O <=> N2H5^+ + OH-

N2H5^+ + H2O <=> N2H6^2+ + OH-

Атрыманне Па метадзе Рашыга яго атрымліваюць акісленнем аміяку гіпахларытам натрыю. Працэс працякае праз стадыю ўтварэння хлораміну:

NH3 + NaOCl -> NH2Cl + NaOH

NH2Cl + NH3 + NaOH -> N2H4 + NaCl + H2O

У адну рэакцыю:

2NH3 + NaOCl -> N2H4 + NaCl + H2O

Іоны некаторых цяжкіх металаў, прыкладам Cu2+, нават пры канцэнтрацыі каля 10−5 моль/л каталізуюць раскладанне гідразіну па рэакцыі:

N2H4 + 2NH2Cl -> 2NH4Cl + N2 ^

Для іх звязвання ў рэакцыйную сумесь дадаюць жэлацін. Часта аміяк замяняюць мачавінай:

(NH2)2CO + NaOCl + 2NaOH -> N2H4 + NaCl + Na2CO3 + H2O

Метад Баера. Ён адрозніваецца ад метаду Рашыга тым, што ўводзяць ацэтон, які злучае гідразін у арганічнае вытворнае (гідразон), тым самым выводзячы яго з рэакцыі. Выкарыстанне ацэтону дазваляе замяніць гіпахларыт на пераксід вадароду:

2NH3 + H2O2 -> N2H4 + 2H2O

Таксічнасць Гідразін і яго вытворныя — надзвычай таксічныя злучэнні для розных відаў жывёл і раслінных арганізмаў. Разбаўленыя растворы сульфату гідразіна згубна дзейнічаюць на насенне, марскія водарасці, аднаклетачныя і прасцейшыя арганізмы. У млекакормячых гідразін выклікае сутаргі. У жывёльны арганізм гідразін і яго вытворныя могуць пранікаць любымі шляхамі: пры ўдыханні пароў прадукту, праз скуру, праз стрававальны тракт.

Літаратура

Катэгорыя:Злучэнні азоту Катэгорыя:Злучэнні вадароду Катэгорыя:Аміны Катэгорыя:Ракетнае паліва