Ру́ская вызвале́нчая наро́дная а́рмія (РВНА; ) — вайсковае фарміраванне з грамадзян СССР, арганізаванае нямецка-фашысцкімі акупантамі ў канцы 1941 года ў час Вялікай Айчыннай вайны.

Гісторыя Асновай фарміравання сталі атрад т. зв. народнай міліцыі ў пас. Локаць Брасаўскага раёна Арлоўскай вобласці Расіі і групы мясцовай самааховы ў навакольных вёсках пад кіраўніцтвам К. П. Васкабойніка, кіраўніка адміністрацыі аўтаномнага раёна, створанага ў тыле 2‑й танкавай арміі Вермахта. Пасля гібелі Васкабойніка ў баі з партызанамі (8 студзеня 1942) яго замяніў Б. У. Камінскі, які разгарнуў актыўную дзейнасць супраць партызанаў.

Пасля рэарганізацыі гітлераўцамі аўтаномнага раёна ў павет, потым у акругу з насельніцтвам каля 600 тыс. чалавек, Б. Камінскі ў выніку прымусовых мабілізацый скамплектаваў брыгаду колькасцю да 12 тыс. байцоў і назваў яе РВНА. Падраздзяленні РВНА ваявалі супраць партызанаў, неслі ахоўную службу. У 1943 г. яна была прыцягнута камандаваннем Вермахта да баявых дзеянняў на фронце на захад ад Курска і пацярпела шэраг паражэнняў ад Чырвонай арміі.

У жніўні 1943 года пасля ўзгаднення з нямецкім камандаваннем Б. Камінскі пачаў эвакуацыю РВНА і цывільнага насельніцтва акругі, пераважна сямей байцоў і камандзіраў брыгады (эвакуіравана каля 30 тыс. чалавек), у раён Лепеля. Партызаны і мясцовыя жыхары называлі брыгаду Б. Камінскага «арлоўскімі паліцэйскімі». У выніку дэзерцірства і пераходу байцоў на бок савецкіх партызан, колькасць РВНА скарацілася больш чым на 2/3. Брыгада Б. Камінскага, папоўненая кантынгентам з мясцовых паліцэйскіх, атрымала задачу абараняць тылавыя камунікацыі 3‑й танкавай арміі Вермахта, па якіх наносілі ўдары партызанскія брыгады Полацка-Лепельскай зоны.

Б. Камінскі не змог авалодаць сітуацыяй у Лепельскай акрузе, і ў 1944 годзе РВНА разам з цывільнымі бежанцамі была пераведзена ў Дзятлава. Тым не менш у красавіку—маі 1944 года 1‑ы, 3‑і і 5‑ы палкі брыгады ўдзельнічалі ў карных аперацыях «Лівень» і «Веснавое свята» супраць партызанскіх фарміраванняў і мірнага насельніцтва Полацка-Лепельскай партызанскай зоны, у час якіх яны былі ўключаны ў склад баявой групы К. фон Готберга як «штурмавая брыгада РВНА».

У час Беларускай аперацыі 1944 года, у выніку якой Чырвоная армія вызваліла Беларусь, фарміраванне Б. Камінскага разам з нямецкімі войскамі адступіла на тэрыторыю Польшчы. Паводле загаду рэйхсфюрара СС Г. Гімлера, ад 1 жніўня 1944 г., Б. Камінскі атрымаў чын брыгадэфюрара СС, а на базе яго брыгады стваралася 29‑я грэнадзёрская дывізія СС. У жніўні 1944 г. зводны полк дывізіі пад камандаваннем оберштурмбанфюрара СС І. Фралова ўдзельнічаў у задушэнні Варшаўскага паўстання, дзе панёс вялікія страты і вызначыўся масавымі забойствамі, згвалтаваннямі, рабаўніцтвам мясцовых жыхароў, у т. л. немцаў па нацыянальнасці. У канцы жніўня 1944 г. Б. Камінскі быў асуджаны ваенна-палявым судом СС і расстраляны, паводле пашыранай версіі, за марадзёрства.

У кастрычніку 1944 г. рэшткі дывізіі былі раззброены і адпраўлены ў Мюнзінген (Германія), дзе ўвайшлі ў склад 1‑й дывізіі калабарацыянісцкай Рускай вызваленчай арміі генерала А. Уласава.

Літаратура

Спасылкі

Катэгорыя:Рускія калабарацыяністы ў Другой сусветнай вайне