Паласа́тая муро́ўка — тып змяшанай каменна-цаглянай муроўкі, пры якой гарызантальныя рады палявых камянёў выраўноўваліся радамі цэглы. Была шырока распаўсюджана ў манументальным і абарончым дойлідстве на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага з другой паловы XIV стагоддзя.
Характарыстыка Пры паласатай муроўцы асноўны масіў сцяны або падмурка выкладваўся з ледавіковых камянёў (валуноў). Сутнасць тэхналогіі заключалася ў тым, што для выраўноўвання мура паміж радамі камянёў пракладваліся гарызантальныя рады цэглы. Звычайна цэгла ўкладвалася тычкамі (кароткім бокам) да знешняй паверхні сцяны. Акрамя гарызантальнага выраўноўвання, цэглай на вапнавым растворы таксама запаўнялі вертыкальныя шчыліны і прамежкі паміж суседнімі камянямі. Дзякуючы гэтаму на фасадзе будынка ўтвараўся характэрны «паласаты» малюнак.
Гісторыя і выкарыстанне Паласатая муроўка пачала ўсё шырэй ужывацца беларускімі дойлідамі ў другой палове XIV стагоддзя пры ўзвядзенні магутных абарончых муроў. Яна стала адной з характэрных тэхналагічных рыс мясцовай фартыфікацыйнай школы.
Гэтая тэхніка масава выкарыстоўвалася пры будаўніцтве і перабудове шэрагу вядомых замкаў: У Навагрудскім замку ў тэхніцы паласатай муроўкі было ўзведзена прасла сцяны паміж Шчытоўкай і Касцельнай вежай, а таксама пабудаваны падмурак вежы Дазорцы. Сцены мураванага Гродзенскага замка эпохі Вітаўта былі ўзведзены ў тэхніцы традыцыйных муровак — лусковай і паласатай. Падмуркі веж Мірскага замка (у прыватнасці, паўднёва-заходняй вежы), як паказалі археалагічныя шурфы, таксама складзены ў тыповай тэхніцы паласатай муроўкі. У Іказненскім замку ў пачатку XVI стагоддзя з выкарыстаннем паласатай муроўкі былі ўзведзены 2-мятровыя сцены жылога палаца і абарончыя муры самога замка. У Геранёнскім замку гэты прыём быў выкарыстаны для ўзвядзення падпорнай сцяны і контрфорсаў («бычкоў»), якія ўмацоўвалі ўнутраныя схілы земляных валаў і прадухілялі іх апаўзанне.
Гэты ж тып муроўкі выкарыстоўваўся пры ўзвядзенні замкавых муроў у Любчы і іншых месцах Беларусі.
Крыніцы
Літаратура
Катэгорыя:Муроўка Катэгорыя:Архітэктура Вялікага Княства Літоўскага Катэгорыя:Будаўнічыя тэхналогіі