Пахомій Агілевіч (; ) — дзеяч уніяцкай царквы, святар-базыльянін, доктар тэалогіі, пісьменнік, літургіст, протаархімандрыт базыльянскага ордэна ў 1675—1679 гадах.

Біяграфія Нарадзіўся ў Мінску ў заможнай мяшчанскай сям’і Рыгора і Рэгіны з Масланчанкаў. У маладосці ўступіў у базыльянскі ордэн для паслушніцтва ў Быценскім манастыры. Пасля двух гадоў паслушніцтва (з-за маладога ўзросту) прыняў манаскі пострыг і паступіў у ніжэйшую школу ў Навагрудку, дзе вывучаў рыторыку пад кіраўніцтвам Якава Сушы, будучага Холмскага біскупа. Атрымаўшы дыяканскае пасвячэнне, у 1645 годзе пайшоў на вучыцца тэалогіі ў Грэчаскім калегіуме Святога Афанасія ў Рыме (запісаўся на вучобу 18 снежня 1645 года і завяршыў знаходжанне ў калегіуме 20 жніўня 1652 года). Скончыў яго са ступенню доктара тэалогіі.

Спачатку быў прапаведнікам і эклезіярхам у Віленскім Свята-Троіцкім манастыры, потым у Быцені і Супраслі, і, нарэшце, прафесарам семінарыі ў Мінску, адкуль у 1654 годзе, з прыходам маскоўскага войска, быў вымушаны ўцячы разам з айцом Бенедыктам Тэрлецкім. На Тараканскай капітуле ў 1656 годзе ён быў абраны кансультантам Ордэна, а капітула ў 1659 годзе ў Жыровічах прызначыла яго пракуратарам спраў Ордэна і Уніяцкай Царквы ў Рыме. Капітула даручыла яму ажыццявіць паездку ў Рым для абароны інтарэсаў уніяцкай царквы і базыльянскага ордэна, інтарэсам якіх пагражалі маскоўскія і казацкія напады.

Праз два гады, на капітуле ў Тароканях, ён зноў быў абраны кансультантам і соцыусам (памочнікам) протаігумена, айца Бенедыкта Тэрлецкага. Пасля смерці Тэрлецкага пасада протаархімандрыта была адноўлена, і ім стаў біскуп Якаў Суша, а яго вікарыем (ці протаігуменам) на чатыры гады — Пахомій Агілевіч. Ён таксама быў абраны генеральным вікарыем протаархімандрыта-мітрапаліта Гаўрыіла Календы (на капітулах у Супраслі ў 1665 годзе, Брэсце ў 1667 годзе і Навагрудку ў 1671 годзе).

Пасля смерці мітрапаліта Гаўрыіла Календы на капітуле ў Жыровічах (1675 г.) протаархімандрытам базыльянскага ордэна быў абраны Пахомій Агілевіч. Ён быў першым ігуменам базыльянскага ордэна, абраным з ліку звычайных манахаў-святароў — не мітрапалітаў ці біскупаў, як было да таго часу. Пасля заканчэння тэрміну сваіх паўнамоцтваў (1679 г.) атрымаў пасаду протаконсула Ордэна.

Вызначаўся вялікай багаслоўскай эрудыцыяй. На капітуле 1667 яму і епіскапу Сушы даручана выпраўленне служэбніка і трэбніка. На капітуле 1671 даручана цэнзура ў Святатроіцкай друкарні ў Вільні. Удзельнічаў у Люблінскім калоквіуме 1680. У 1683 прызначаны ў камісію па складанні служэбніка, трэбніка і часаслова.

Памёр у 1686 годзе ў Жыровіцкім манастыры.

Працы Складальнік біяграфій базыльянаў пісаў пра стараннасць Пахомія Агілевіча: «Ён ніколі не марнаваў часу: альбо дыктаваў пропаведзі, альбо выкладаў „Гармонію Святой Літургіі“, альбо пісаў пра цуды Жыровіцкай Багародзіцы».Борис І. Балик, ЧСВВ. «Катафальк чернечий» Василіян XVII—XVIII ст. (Рукописна збірка життєписів Василіян) // Analecta Ordinis Sancti Basilii Magni, Sectio II. — Vol. VIII. — Romae 1973. — S. 67—98. У 1671 выдаў кнігу «Ecphonemata Liturgiey Greckiey» (Вільня, друкарня Святатроіцкага базыльянскага манастыра), якая складаецца з двух трактатаў. У першым творы змясціў транскрыбаваныя лацінкай часткі літургіі Іаана Златавуста з паралельным польскім перакладам. У 2-другой частцы, «Гармонія», разгледзеў розныя пытанні літургіі ўсходняй царквы і яе адрозненні ад лацінскай сужбы. 2-е выданне кнігі выйшла ў 1685 у Кракаве. Напісаў таксама кнігі пра царкоўную унію і Жыровіцкі абраз Маці Божай (не выдадзены).

Крыніцы

Катэгорыя:Постаці Навагрудка Катэгорыя:Постаці Супрасля Катэгорыя:Постаці Рыма Катэгорыя:Дактары багаслоўя Катэгорыя:Базыльяне