Таццяна Уладзіміраўна Мартынава (; ) — беларуская журналістка, блогерка, грамадская дзеячка і прадпрымальніца, стваральніца медыяпраекта і грамадскай ініцыятывы «Хопіць баяцца». Былая радыёвядучая і тэлевядучая АНТ. У 2020 годзе пасля пачатку грамадска-палітычнай дзейнасці пакінула Беларусь і пераехала ва Украіну. Дэлегатка Каардынацыйнай рады Беларусі трэцяга і чацвёртага скліканняў.

Біяграфія Нарадзілася 12 чэрвеня 1972 года.

Працавала ў беларускіх медыя як радыёвядучая і журналістка, пазней была вядучай на тэлеканале АНТ. Акрамя працы ў медыя, вяла прадпрымальніцкую дзейнасць і валодала мінскім барам «Пятніца».

У 2020 годзе пачала публічна крытыкаваць беларускія ўлады і Аляксандра Лукашэнку ў сацыяльных сетках. Яна стварыла ў Facebook суполку «Хватит бояться» (), якая пазней ператварылася ў сетку медыяпляцовак і аднайменны грамадскі праект.

1 ліпеня 2020 года выехала з Беларусі, баючыся затрымання. Паводле яе слоў, неўзабаве пасля ад’езду сілавікі спрабавалі затрымаць яе дома, а ў бары «Пятніца» правялі вобшук. Пераехала ў Кіеў і засталася ва Украіне пасля пачатку поўнамаштабнага расійскага ўварвання ў 2022 годзе. Адтуль Мартынава працягнула весці блог і выступаць у беларускіх і ўкраінскіх медыя ў якасці каментатаркі па беларускіх пытаннях.

У красавіку 2024 года ўзначаліла выбарчы спіс № 10 «Хопіць баяцца» на выбарах у Каардынацыйную раду трэцяга склікання. У спіс уваходзілі 14 кандыдатаў. У радзе Мартынава ўвайшла ў міжнародную камісію. У 2026 годзе зноў балатавалася ад спіса «Хопіць баяцца» і была абраная ў Каардынацыйную раду чацвёртага склікання.

11 чэрвеня 2026 года польскія памежнікі знялі Мартынаву з цягніка Кіеў — Варшава і адмовілі ёй ва ўездзе ў Польшчу. Паводле яе словаў, ёй анулявалі шэнгенскую візу і паведамілі пра забарону на ўезд у краіны Еўрапейскага саюза тэрмінам на дзесяць гадоў. Прычына рашэння на той момант не была названая. Мартынава заявіла пра намер яго абскардзіць.

Пераслед у Беларусі У снежні 2021 года суд у Беларусі прызнаў інфармацыйную прадукцыю Telegram-канала «Хватит Бояться! — Татьяна Мартынова» «экстрэмісцкімі матэрыяламі».

21 жніўня 2023 года Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі ўнесла групу грамадзян, «аб’яднаных пад назвай „Хватит бояться! — Татьяна Мартынова“», у пералік арганізацый датычных да «экстрэмісцкай дзейнасці». У пералік уключылі звязаныя з праектам старонкі ў YouTube, Telegram, Facebook, Instagram, TikTok і «Аднакласніках».

Крыніцы

Катэгорыя:Жанчыны-палітыкі Беларусі