Вікто́рыя Вале́р'еўна Шабу́ня (, Мікалаеў) — беларуская суддзя. Набыла вядомасць вынясеннем шматлікіх палітычна матываваных прысудаў у дачыненні да грамадзян Беларусі. Знаходзіцца пад міжнароднымі санкцыямі.

Біяграфія Нарадзілася года ва ўкраінскім горадзе Мікалаеў. У 2005 годзе завочна скончыла Мінскі інавацыйны ўніверсітэт. Разведзеная.

3 верасня 2010 года была прызначана суддзяй суда Цэнтральнага раёна горада Мінска тэрмінам на 5 гадоў. Перапрызначалася на гэтую ж пасаду 22 снежня 2015 года і 24 снежня 2020 года.

Судзейская дзейнасць Вікторыя Шабуня актыўна ўдзельнічала ў судовых працэсах над прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці і апазіцыі пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года, аднак у той час не трапіла ў санкцыйны спіс Еўрапейскага Саюза.

На працягу наступнага дзесяцігоддзя яна вынесла дзясяткі рашэнняў, якія праваабаронцы прызналі палітычна матываванымі. У 2015 годзе яна аштрафавала палітыка Анатоля Лябедзьку максімальным штрафам за ўдзел у шэсці, ігнаруючы несупадзенні ў пратаколах міліцыі. У 2017 годзе аштрафавала праваабаронцу Таццяну Равяку нібыта за нецэнзурную лаянку і непадпарадкаванне без пацверджання сведкамі. У тым жа годзе на судзе палітык Павел Севярынец прапанаваў ёй звольніцца, каб не ўдзельнічаць у незаконных працэсах, але суддзя вынесла яму абвінаваўчы прысуд. Іншы палітык, Юрый Губарэвіч, тады ж ахарактарызаваў яе як «ударны малаток рэжыму». Разам з тым, у яе практыцы сустракаліся і апраўдальныя прысуды грамадскім актывістам, напрыклад, Яўгену Батуру, Валерыю Рабцаву і Юрыю Губарэвічу.

Пасля пачатку палітычнага крызісу ў 2020 годзе Шабуня стала адной з галоўных фігур судовай сістэмы ў рэпрэсіях супраць пратэстоўцаў. Яна стала першай суддзяй, якая пачала крымінальны пераслед за падзеі 14 ліпеня 2020 года ў Мінску, калі людзі выйшлі пратэставаць супраць нерэгістрацыі Віктара Бабарыкі і Валерыя Цапкалы — па гэтай справе яна асудзіла Уладзіслава Усціна, а таксама 21-гадовага Антона Лакішыка (на 3 гады калоніі, нягледзячы на тое, што пацярпелы супрацоўнік АМАП прасіў не караць яго крымінальна).

Сярод яе рэзанансных палітычных спраў: Арышт на 10 сутак кожнага з «дыджэяў перамен» (Кірыл Галанаў і Уладзіслаў Сакалоўскі), якія 6 жніўня 2020 года ўключылі песню «Перемен» на праўладным мерапрыемстве. Арышт на 15 сутак лідара страйкама МТЗ і члена Каардынацыйнай рады Сяргея Дылеўскага. Крымінальны прысуд (5,5 гадоў калоніі) Сяргею Капанцу, члену ініцыятыўнай групы В. Бабарыкі, якога абвінавацілі ў каардынацыі руху людзей 9 жніўня 2020 года і перадачы інфармацыі тэлеграм-каналам. Крымінальны прысуд (2 гады калоніі) Ягору Сугойдзю, які быў збіты аўтазакам на пратэстах 9 жніўня, атрымаў шэраг цяжкіх траўм, а пасля быў асуджаны за ўдзел у беспарадках. Крымінальны прысуд (па 2,5 гады «хатняй хіміі») старэйшыну пратэстанцкай царквы Андрэю Мамойку і яго жонцы Веры за фотаздымкі з пратэстаў. Крымінальны прысуд мінчуку Васілю Уроднічу за абразу ў сацыяльных сетках самой Вікторыі Шабуні і памочніка пракурора.

Паводле даных праваабаронцаў, агульная колькасць асуджаных ёю па крымінальных палітычных артыкулах перавышае 121 чалавека. Па адміністрацыйных справах яна прызначыла сумарна не менш за 1949 сутак арышту і каля 102 тысяч рублёў штрафаў.

Міжнародныя санкцыі 17 снежня 2020 года Вікторыя Шабуня была ўнесена ў санкцыйны спіс Еўрапейскага Саюза. У дакуменце Савета ЕС адзначаецца, што на пасадзе суддзі суда Цэнтральнага раёна Мінска яна нясе адказнасць за шматлікія палітычна матываваныя прысуды супраць журналістаў, лідараў апазіцыі і пратэстоўцаў (у прыватнасці, за прысуд Сяргею Дылеўскаму). Падкрэсліваецца, што падчас судовых працэсаў пад яе кіраўніцтвам былі зафіксаваныя парушэнні права на абарону, і такім чынам яна нясе адказнасць за парушэнні правоў чалавека, падрыў вяршэнства права і рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасці і дэмакратычнай апазіцыі.

Таксама суддзя ўключана ў санкцыйныя спісы Вялікабрытаніі (з 18 лютага 2021 года), Швейцарыі (з 22 сакавіка 2021 года), Бельгіі, Францыі, Эстоніі і Манака. У красавіку 2025 года рашэннем брытанскага суда яна была дыскваліфікаваная як дырэктар кампаніі ў межах брытанскай юрысдыкцыі.

Крыніцы

Катэгорыя:Нарадзіліся 27 лютага Катэгорыя:Нарадзіліся ў 1974 годзе Катэгорыя:Нарадзіліся ў Мікалаеве Катэгорыя:Суддзі Беларусі Катэгорыя:Асобы, якія падпалі пад санкцыі Еўрапейскага Саюза Катэгорыя:Удзельнікі рэпрэсій у Беларусі ў час палітычнага крызісу (2020—2021)