Ю́заф Хо́мчык (; 1895, Суражкова — пасля 1939) — беларускі нацыянальны і ваенны дзеяч, афіцэр арміі Беларускай Народнай Рэспублікі і Беларускай вайсковай камісіі, штабс-капітан Расійскай імператарскай арміі.

Біяграфія

Паходжанне і Першая сусветная вайна Нарадзіўся ў 1895 годзе ў заможнай сялянскай сям'і ў вёсцы Суражкова на Падляшшы (непадалёк ад Супрасля). Да пачатку Першай сусветнай вайны паспеў скончыць шэсць класаў гімназіі.

Улетку 1915 года, калі расійская армія адступала на ўсход, а мясцовае насельніцтва масава з'язджала ў бежанства, Юзаф пайшоў у расійскую армію добраахвотнікам. У снежні 1915 года ён быў накіраваны ў школу прапаршчыкаў пад Пецярбургам. Пасля заканчэння навучання вярнуўся на фронт, дзе праявіў здольнасці і хутка атрымліваў павышэнні. За час вайны быў узнагароджаны расійскімі ордэнамі Святой Ганны і Святога Станіслава. Да канца 1917 года даслужыўся да афіцэрскага звання штабс-капітана. Неўзабаве пасля пачатку рэвалюцыйных падзей дэзерціраваў з расійскай арміі і вярнуўся ў роднае Суражкова.

Беларускі нацыянальны рух Вярнуўшыся на Падляшша, якое на той момант знаходзілася пад нямецкай акупацыяй, ён сутыкнуўся з уздымам беларускага нацыянальнага руху і актыўна далучыўся да яго. 4 студзеня 1919 года Юзаф Хомчык уступіў у Беларускае каменданцкае ўпраўленне на пасаду афіцэра-вярбоўшчыкаАўтабіяграфія Юзафа Хомчыка // Цэнтральны вайсковы архіў (Centralne Archiwum Wojskowe), Польшча. Цыт. паводле: . У той час урад БНР пры падтрымцы ўрада Літвы пачаў ствараць уласныя ўзброеныя сілы, і пункты вярбоўкі рэкрутаў адкрыліся ў Беластоку, Саколцы, Супраслі і іншых гарадах рэгіёна.

19 лютага 1919 года ў Беласток увайшло Войска Польскае, якое пачало барацьбу з любымі праявамі беларускага нацыянальнага жыцця. Прадстаўнікі ўрада БНР былі інтэрнаваныя, а мясцовыя аддзелы разагнаныя. Юзаф Хомчык, як і іншыя беларускія афіцэры-вярбоўшчыкі, быў арыштаваны палякамі.

У Беларускай вайсковай камісіі Неўзабаве пачаліся перамовы аб стварэнні беларускіх падраздзяленняў у складзе польскай арміі ў межах праекта федэратыўнай дзяржавы. Улетку 1919 года пачала дзейнічаць Беларуская вайсковая камісія (БВК), якая вербавала беларускіх афіцэраў. Хомчык далучыўся да камісіі і неўзабаве стаў ад'ютантам палкоўніка Гасана Канапацкага, якога ў кастрычніку 1919 года Юзаф Пілсудскі прызначыў камандуючым беларускімі атрадамі ў Войску ПольскімАсабістая справа Юзафа Хомчыка // Цэнтральны вайсковы архіў (Centralne Archiwum Wojskowe), Польшча. Цыт. паводле: .

Разам з беларускімі падраздзяленнямі Юзаф Хомчык браў удзел у польска-савецкай вайне, а таксама, імаверна, удзельнічаў у заняцці Вільні войскамі генерала Люцыяна Жалігоўскага. Падчас баявых дзеянняў атрымаў раненне, паколькі ў сакавіку 1921 года знаходзіўся на лячэнні ў вайсковым шпіталі ў Беластоку. Вясной 1921 года, пасля падпісання Рыжскага мірнага дагавора, Беларуская вайсковая камісія была ліквідавана. Нягледзячы на баявы вопыт, Юзафу Хомчыку было афіцыйна адмоўлена ў прыняцці ў шэрагі рэгулярнага Войска Польскага.

Міжваенны перыяд і гібель Аб жыцці Хомчыка ў міжваенны перыяд вядома няшмат. Ён беспаспяхова шукаў пасаду ў надлясніцтве ў Супраслі і намагаўся зарабляць на жыццё лоўляй рыбы ў рацэ Саколда. Жыў у Гродне, дзе стварыў сям'ю і меў дзвюх дачок.

У верасні 1939 года, падчас пачатку Другой сусветнай вайны, Юзаф Хомчык прымаў удзел у абароне Гродна. Неўзабаве пасля таго як горад занялі савецкія войскі, ён быў арыштаваны супрацоўнікамі НКУС і бясследна знік. Найбольш імаверна, што ён быў расстраляны разам з іншымі арыштаванымі афіцэрамі ў Курапатах.

Сямейны міф З прычыны таго, што ў міжваеннай і пасляваеннай Польшчы прыналежнасць да беларускага нацыянальнага руху несла небяспеку, а служба ў царскай арміі ўспрымалася негатыўна, у сям'і Хомчыкаў і сярод суседзяў у Суражкове сфарміраваўся ўстойлівы міф. Згодна з ім, Юзаф лічыўся «маёрам Войска Польскага», які зрабіў выдатную ваенную кар'еру. Гэты сямейны міф доўгі час дапамагаў сваякам захоўваць бяспечную памяць пра яго, хаваючы сапраўдныя звесткі пра ягоную службу ў арміі БНР і Расійская імперыі. Гістарычная праўда была адноўлена толькі ў пачатку XXI стагоддзя дзякуючы архіўным пошукам пісьменніцы і даследчыцы Анэты Прымакі-Онішк, якая даводзілася Хомчыку стрыечнай ўнучкай.

Крыніцы

Катэгорыя:Нарадзіліся ў 1895 годзе Катэгорыя:Нарадзіліся ў Сакольскім павеце (Расійская імперыя) Катэгорыя:Асобы, чыя дата смерці не вызначана Катэгорыя:Удзельнікі Першай сусветнай вайны (Расійская імперыя) Катэгорыя:Удзельнікі польска-савецкай вайны Катэгорыя:Постаці беларускага нацыянальнага руху Катэгорыя:Ваенныя БНР Катэгорыя:Кавалеры ордэна Святой Ганны Катэгорыя:Кавалеры ордэна Святога Станіслава Катэгорыя:Рэпрэсаваныя ў БССР Катэгорыя:Расстраляныя ў Курапатах