Мікіта Забуга () — беларускі грамадскі і палітычны дзеяч, прадпрымальнік, кіраўнік Нацыянальнай геральдычнай рады, удзельнік пошукаў парэшткаў кіраўнікоў паўстання 1863—1864 гадоў у Вільні і адзін з ініцыятараў стварэння пашпарта «Новай Беларусі». Былы супрацоўнік беларускай міліцыі і добраахвотнік палка імя Кастуся Каліноўскага, вядомы пад пазыўным «Аксон». Дэлегат Каардынацыйнай рады Беларусі чацвёртага склікання ад спіса «Воля».

Біяграфія

Адукацыя і праца ў міліцыі Нарадзіўся ў лютым 1981 года. Паходзіць з Астравеччыны. Вучыўся ў беларускамоўнай школе, пазней скончыў ліцэй у Гродна.

У 1997 годзе паступіў у Акадэмію Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі, якую скончыў у 2002 годзе. Пасля заканчэння акадэміі працаваў у падраздзяленні вышуку Дзяржаўнай аўтамабільнай інспекцыі Гродзенскага аблвыканкама. У рамах падраздзялення займаўся пошукам кіроўцаў, якія ўцяклі з месца дарожна-транспартнага здарэння. Таксама працаваў следчым ва ўпраўленні Следчага камітэта па Мінскай вобласці. У 2003 годзе звольніўся з органаў унутраных спраў і пераехаў у Літву.

Пасля пераезду скончыў Літоўскі ўніверсітэт права. Затым атрымаў у Оксфардзе ступень магістра ў галіне фінансаў і ступень магістра дзелавога адміністравання.

Прадпрымальніцкая дзейнасць Займаўся прадпрымальніцтвам у Літве, а таксама інвеставаў у будаўніцтва гандлёвых цэнтраў і магазінаў у Астравецкім раёне. Да сакавіка 2023 года быў адным з уладальнікаў беларускага таварыства «Феррата», якое займалася размяшчэннем рэкламы ў Нацыянальным аэрапорце Мінска. На момант 2024 года таксама заставаўся саўладальнікам кампаній «РастисКэпитал» і «РОССЭМсервис».

Грамадская і геральдычная дзейнасць У 2013—2014 гадах прыязджаў ва Украіну і ўдзельнічаў у падзеях Еўрамайдана.

У 2017—2019 гадах удзельнічаў у археалагічных раскопках на гары Гедзіміна ў Вільнюсе, дзе шукалі месца пахавання ўдзельнікаў паўстання 1863—1864 гадоў. Паводле Забугі, да ўдзелу ў працах яго запрасіў намеснік дырэктара Нацыянальнага музея Літвы. Падчас раскопак былі выяўленыя парэшткі 21 чалавека, у тым ліку Кастуся Каліноўскага і Зыгмунта Серакоўскага. Забуга таксама ўдзельнічаў у пошуку сваякоў Каліноўскага для правядзення генетычнай экспертызы.

Пасля 2020 года стаў кіраўніком Геральдычнай рады. У склад арганізацыі ўвайшлі беларускія геральдысты, гісторыкі, нумізматы і вайскоўцы. Рада займалася аднаўленнем гістарычных беларускіх узнагарод, распрацоўкай новых узнагарод і сімволікі беларускіх добраахвотніцкіх фарміраванняў.

Геральдычная рада распрацавала сцяг палка імя Кастуся Каліноўскага і арганізавала яго асвячэнне пры ўдзеле прадстаўнікоў Рады Беларускай Народнай Рэспублікі.

Пашпарт «Новай Беларусі» Выступіў ініцыятарам стварэння альтэрнатыўнага пашпарта для беларусаў, якія не могуць атрымаць або аднавіць беларускія дакументы за мяжой. У 2022 годзе Геральдычная рада пачала працу над дызайнам і канцэпцыяй дакумента, пасля чаго праект перадалі Аб’яднанаму пераходнаму кабінету Беларусі.

Забуга прапанаваў у якасці вытворцы пашпарта літоўскую кампанію Garsų pasaulis. У маі 2024 года Беларускі расследавальніцкі цэнтр сумесна з літоўскім выданнем 15min паведаміў, што гэтая кампанія ў мінулым мела дзелавыя сувязі з прадпрыемствам, саўладальнікам якога быў беларускі бізнесмен Віктар Шаўцоў, якога журналісты называлі блізкім да Аляксандра Лукашэнкі. Пасля публікацыі расследавання літоўскія дзяржаўныя органы пачалі праверку прадстаўленай інфармацыі.

Забуга назваў расследаванне замоўленым матэрыялам, накіраваным на дыскрэдытацыю праекта. Ён сцвярджаў, што Garsų pasaulis была адзінай літоўскай кампаніяй, здольнай вырабляць дакументы такога тыпу, і што на момант заключэння дамоў не меў падстаў сумнявацца ў ёй.

Удзел у расійска-ўкраінскай вайне Пасля пачатку поўнамаштабнага расійскага ўварвання ва Украіну Забуга аказваў дапамогу палку імя Кастуся Каліноўскага, у тым ліку перадаваў аўтамабілі для медыцынскай эвакуацыі.

Са снежня 2024 года па чэрвень 2025 года служыў па кантракце ў палку пад пазыўным «Аксон». Пасля праходжання базавай вайсковай падрыхтоўкі 22 лютага 2025 года быў накіраваны ў падраздзяленне беспілотных лятальных апаратаў на Запарожскім кірунку. Спачатку выконваў абавязкі сяржанта матэрыяльнага забеспячэння, а з сярэдзіны мая — кіроўцы разліку БПЛА.

У 2025 годзе выступіў з прапановай ствараць у краінах Еўрапейскага саюза добраахвотніцкія падраздзяленні з беларусаў, якія ў будучыні маглі б стаць асновай нацыянальных узброеных сіл. Пазней стаў старшынёй часовай вайсковай камісіі праекта «Беларуская вызвольная армія», які дэклараваў мэтай стварэнне беларускіх падраздзяленняў у краінах Еўрапейскага саюза і ва Украіне.

У маі 2026 года з’явіўся на сустрэчы Святланы Ціханоўскай з беларускімі добраахвотнікамі ў форме са знакамі адрознення падпалкоўніка. Забуга патлумачыў, што гэта званне Беларускай вызвольнай арміі, пры прысваенні якога было ўлічана яго афіцэрскае званне пасля заканчэння Акадэміі МУС. Ён падкрэсліў, што званне не з’яўляецца званнем ва Узброеных сілах Украіны. Прадстаўнік палка Каліноўскага Павел Шурмей заявіў, што полк не мае арганізацыйнага дачынення да Беларускай вызвольнай арміі і дзейнасці Забугі пасля заканчэння яго службы.

Каардынацыйная рада На выбарах у Каардынацыйную раду ў 2026 годзе балатаваўся ад спіса «Воля» і быў абраны дэлегатам рады чацвёртага склікання. У КР займаўся пытаннямі нацыянальнай і рэгіянальнай бяспекі, падрыхтоўкі беларускага нацыянальнага супраціву і стварэння добраахвотніцкіх вайсковых структур.

Асабістае жыццё Жанаты, мае траіх дзяцей.

Узнагароды Медаль «Гонар і годнасць» Аб’яднанага пераходнага кабінета Беларусі (2026).

Крыніцы