О́рдэн Усясла́ва Чарадзе́я — другая па значнасці ўзнагарода ў сістэме Нацыянальных узнагарод Беларусі, распрацаванай Геральдычнай радай «Пагоня» ў 2022—2025 гадах. Прызначана для адзначэння грамадзян за выключныя асабістыя заслугі ў справе дзяржаўнага будаўніцтва, забеспячэння нацыянальнай бяспекі і суверэнітэту, а таксама за шматгадовую працу і дасягненні ў эканоміцы, навуцы, адукацыі, культуры і ахове здароўя.
Статут і парадак узнагароджання Ордэн заснаваны для ўшанавання выключных асабістых заслуг перад беларускім народам і дзяржавай. Грамадзяне Беларусі могуць быць узнагароджаны Ордэнам пры ўмове, што раней яны ўжо былі адзначаны іншымі нацыянальнымі ордэнамі і крыжамі. Таксама ўзнагарода можа надавацца вядомым замежным палітычным і грамадскім дзеячам за дапамогу ў сацыяльна-эканамічным развіцці Беларусі і шматбаковую супрацу.
Знакі Ордэна носяцца без дэманстрацыі іншых узнагарод на фраках, касцюмах, нацыянальных строях або парадных вайсковых мундзірах. На паўсядзённай вопратцы прадугледжана нашэнне банта або ордэнскай планкі памерамі 28×12 мм.
Арганізацыйная структура Як і іншыя вышэйшыя ўзнагароды нацыянальнай сістэмы, Ордэн з'яўляецца паўнавартаснай арганізацыяй. Усе ўзнагароджаныя аб'ядноўваюцца ў Супольнасць кавалераў і дам Ордэна, колькасць якіх абмежаваная і не павінна перавышаць 72 асобы. Кавалеры і дамы маюць асаблівыя прывілеі, у тым ліку права на дзяржаўную пенсію і атрыманне ў прыватную ўласнасць зямельнага надзела памерам у 20 гектараў.
На чале Супольнасці стаіць Вялікі магістр, які абіраецца пажыццёва з ліку кавалераў. Яго ўрачыстым знакам з'яўляецца залаты ланцуг з ордэнскай зоркай. Ордэнам кіруе Капітула з пяці чалавек, у якую ўваходзяць канцлер, скарбнік, суддзя і сакратар. Для асоб, якія падтрымліваюць дзейнасць арганізацыі, але не маюць статусу кавалера, прадугледжана Братэрства Ордэна са сваім уласным металічным пазалочаным медалём на чырвонай ядвабнай стужцы.
Апісанне і семантыка Ордэнскі комплекс складаецца з зоркі, крыжа і стужкі праз плячо. Ён вырабляецца з золата 999-й пробы і срэбра 925-й пробы.
Зорка Ордэна (памер 85×85 мм) — васьміканцовая, серабрыстая і рыфленая. У яе цэнтры размешчаны шасціканцовы лапчаты крыж залацістага колеру, на якім знаходзіцца чырвоны круг з залатой васьміканцовай зоркай і надпісамі «УСЯСЛАЎ» і «ПОЛАЦКІ». Шчыт увенчаны залатой каронай, а пад ім вертыкальна размешчаны меч рукаяццю ўніз.
Крыж Ордэна (50×32 мм) паўтарае цэнтральны элемент зоркі і мацуецца да калодкі-банта чырвонага колеру з жоўтай каймой. Стужка праз плячо мае шырыню 95 мм, яна чырвоная з жоўтымі палоскамі (па 10 мм) па баках.
Візуальная канцэпцыя ўзнагароды грунтуецца на гістарычнай спадчыне Полацкага княства часоў князя Усяслава Чарадзея. Шасціканцовы крыж (вядомы таксама як Святы крыж Ефрасінні Полацкай) выкарыстоўваўся як галоўны сімвал дынастыі Рагвалодавічаў і ў хрысціянскай традыцыі трактаваўся як духоўная зброя. Чырвоны княжацкі шчыт з залатой васьміканцовай зоркай узяты з аўтэнтычнай сфрагістыкі полацкіх князёў XII стагоддзя. Меч вастрыём уверх з'яўляецца матэрыяльным адпаведнікам духоўнай сілы крыжа і сімвалам княжацкай улады, а карона над шчытом рэканструявана з партрэта Усяслава Чарадзея ў Радзівілаўскім летапісе.
Чырвоны колер стужкі паўтарае колер поля княжацкага шчыта і харугваў княжацкай дружыны, а залатая кайма сімвалізуе росквіт, моц і славу Полацкага княства.
Літаратура
Крыніцы
Катэгорыя:Ордэны Беларусі Катэгорыя:Узнагароды дэмакратычных сіл Беларусі Катэгорыя:Усяслаў Брачыславіч