«Споведзь» — аўтабіяграфічная і дакументальная аповесць беларускай паэткі Ларысы Геніюш, у якой апісваецца яе жыццёвы шлях, грамадская дзейнасць у эміграцыі і пакуты ў сталінскіх турмах і лагерах.

Гісторыя стварэння і публікацыі Рукапіс са сваімі ўспамінамі Ларыса Геніюш перадала гісторыку і даследчыку Міхасю Чарняўскаму ўлетку 1982 года, незадоўга да сваёй смерці. Упершыню кніга пабачыла свет у 1993 годзе ў мінскім выдавецтве «Мастацкая літаратура». Аўтарам прадмовы да першага выдання выступіў М. Чарняўскі, які адзначыў, што ўспаміны паэткі з'яўляюцца спавяданнем душы перад Богам, сучаснікамі і нашчадкамі.

Тэматыка і змест Аповесць ахоплівае вялікую часавую прастору. З прыкладна 250 старонак кнігі першым гадам жыцця і дзяцінству паэткі (раздзелы «Жлобаўцы» і «Зэльва») прысвечана толькі каля дваццаці старонак. Галоўная ўвага ў творы звернута на жыццё пісьменніцы ў Празе і яе побыт у сістэме савецкіх лагераў.

Жыццё ў эміграцыі Пражскаму перыяду прысвечана больш за сто старонак тэксту. Дом Геніюшаў з'яўляўся своеасаблівым цэнтрам жыцця беларускай эміграцыі. Аўтарка згадвае тагачасных дзеячаў, такіх як Васіль Захарка і Марыя Крэчэўская. Сама Л. Геніюш выконвала абавязкі скарбніка ў «Камітэце самапомачы ў Празе». Жыццё эмігрантаў суправаджалася пастаянным страхам, прадчуваннем небяспекі і сачэннем з боку сакрэтных службаў.

Акрамя таго, успаміны ўтрымліваюць апісанне складанага сацыяльна-палітычнага становішча беларусаў у міжваеннай Польшчы. Аўтарка характарызуе польскія выбары пасля смерці Юзафа Пілсудскага наступным чынам:

Арышт і следства Значная частка твора прысвечана следству ў мінскай турме МДБ (так званай «амерыканцы»). Л. Геніюш падрабязна апісвае допыты, якія праводзілі розныя прадстаўнікі карнай сістэмы: ад спроб агітацыі з боку следчага Когана да метадаў «дробнай подласці» міністра МДБ Новіка і пагроз катаваннямі падчас допытаў Лаўрэнція Цанавы. Прысуд Вярхоўнага суда БССР быў абвешчаны 7 лютага 1949 года. Гэта стала прычынай доўгай разлукі Л. Геніюш з мужам (з 1948 па 1956 год) і адзіным сынам Юркам, які застаўся сіратой у Польшчы.

Лагерны побыт Апісанне лагернага жыцця на расійскай Поўначы (у прыватнасці, у Інцы і інвалідным лагеры Абезь) успрымаецца як глыбокае сведчанне мільёнаў зняволеных жанчын, якія прайшлі праз сістэму ГУЛАГа. Пісьменніца акцэнтуе ўвагу на спецыфічным жаночым вопыце выжывання. Яна апісвае жудасныя ўмовы: неабходнасць насіць шэрыя ватныя штаны, валёнкі і бушлаты, а таксама пастаянныя спробы жанчын захаваць чалавечае аблічча і эстэтыку. Напрыклад, Л. Геніюш згадвае, як апранала пражскія блузкі пад белы халат падчас працы раздатчыцай на кухні.

Вязням даводзілася пакутаваць ад голаду, спажываючы сапсаваную рыбу, вантробы аленяў і гнілую капусту з пяском. Асабліва кранальна ў аповесці апісаны спробы жанчын арганізаваць святы ва ўмовах лагера. Пісьменніца ўспамінае стварэнне святочнага торта на свой дзень нараджэння, які быў зроблены са змеленых хлебных паек, салодкай вады, сухіх яблыкаў, цукру і маргарыну.

Л. Геніюш стварае шырокую галерэю партрэтаў зняволеных розных нацыянальнасцей і сацыяльных статусаў (рускія, літоўкі, латышкі, немкі, англічанкі, францужанкі). Сярод іх згадваюцца жонкі высокапастаўленых чыноўнікаў: Лізавета Радзіёнава, Аксана Кубаткіна, Галіна Уолес. Адмысловае месца ў кнізе займаюць ўкраінкі і манашкі Васільянскага манастыра на чале з ігуменняй Маці Мартай, якія вызначаліся непахіснай пазіцыяй і шчырай верай. Глыбокі псіхалагічны траўматызм раскрываецца ў апісаннях дзіцячай зоны, дзе маці маглі бачыць сваіх дзяцей толькі ў строга вызначаны час і ад роспачы кідаліся на калючы дрот. Аўтарка таксама апісвае жорсткія стасункі з крымінальнымі зняволенымі («блатнымі»), якія часта прызначаліся брыгадзірамі і неслі пастаянную фізічную і маральную пагрозу (напрыклад, згадваецца Соня Тарасенка, чыя жаноцкасць была цалкам знішчана лагерным жыццём).

Жанравыя і стылёвыя асаблівасці Даследчыкі адзначаюць, што «Споведзь» напісана нібыта «на гарачую руку», без пазнейшых аўтарскіх правак, што падкрэсліваецца шматлікімі адступленнямі і суб’ектыўнымі эмацыянальнымі ацэнкамі. Для твора характэрны выразны жаночы дыскурс і надзвычайная псіхалагічная глыбіня. Галоўным апірышчам для паэткі ў экстрэмальных умовах была хрысціянская вера і малітва.

Літаратуразнавец Уладзімір Калеснік сцвярджаў, што ў сваіх успамінах Л. Геніюш бачыла праблемы Беларусі шырэй і драматычней, а яе жыццёвы вопыт быў перадусім гуманістычным, дзе агульналюдскае дамінавала над палітычным. Аўтабіяграфічная проза Л. Геніюш ставіцца даследчыкамі ў адзін рад з творамі вядомых пісьменнікаў-«лагернікаў», такіх як Францішак Аляхновіч («У кіпцюрах ДПУ»), Янка Жамойцін («З перажытага») і Барыс Мікуліч («Аповесць для сябе»), з’яўляючыся аб’ектыўным сведчаннем татальнага прыніжэння асобы і бесчалавечнасці таталітарнай сістэмы.

Ацэнкі Народны паэт Беларусі Максім Танк лічыў «Споведзь» творам велізарнай выбуховай сілы і ставіў яе па ступені эмацыйнага ўздзеяння нават вышэй за «Архіпелаг ГУЛАГ» Аляксандра Салжаніцына:

Крыніцы

Літаратура

Спасылкі

Катэгорыя:Кнігі 1993 года Катэгорыя:Кнігі паводле алфавіта Катэгорыя:Аўтабіяграфічныя кнігі Катэгорыя:Кнігі на беларускай мове Катэгорыя:Творы Ларысы Геніюш Катэгорыя:Літаратура пра ГУЛАГ