Крэкеры () — пагардлівая мянушка часткі бедных белых пасяленцаў і іх нашчадкаў у паўднёвых штатах ЗША. На поўдні сучаснай Джорджыі і на поўначы Фларыды крэкеры складаюць культурна-этнаграфічную групу белага амерыканскага насельніцтва.
Гісторыя Традыцыйна лічыцца, што мянушка крэкер паходзіць ад пстрычкі пугі, якой карысталіся жывёлагадоўцы, або ад назвы дробненай кукурузы — важнай часткі ежы беднага насельніцтва на поўдні ЗША ў мінулым. Даследаванні лінгвістаў паказалі, што слова крэкер () паходзіць ад гэльскага craic («займальная гутарка») і ўжываецца ў англійскай мове з канца XVI ст. у значэнні «балбатун» ці «выхваляка». Меркавана, што ў брытанскіх калоніях Паўночнай Амерыкі яно пачало ўжывацца як негатыўная форма назвы часткі белых пасяленцаў, што дзейнічалі самастойна ад уладаў і парушалі мір з індзейцамі чэрокі і маскогі. Многія з іх паходзілі з Ірландыі, Шатландыі, Уэльса, поўначы Англіі і Германіі. Для іх былі характэрны частыя міграцыі ў пошуках свабоднай зямлі. Пазней назва была перанесена на бедных белых пасяленцаў. Сярод афраамерыканцаў слова «крэкер» стала пагардлівым вызначэннем белага паўднёўца. У нашы дні мянушка можа мець як негатыўны, так і нейтральны сэнс. Набыццё нейтральнага сэнсу адбылося ў выніку лінгвістычнай рэпрапрыяцыі, працэсе, паводле якога група людзей вяртае сабе слова, якое выкарыстоўвалася як абраза ў іх адрас, і пачынае выкарыстоўваць яго як пазітыўную ці нейтральную саманазву.
На поўдні сучаснай Джорджыі і поўначы Фларыды ў XIX ст. мянушка замацавалася за пасяленцамі, што займаліся адловам здзічэлай або ўтрыманнем свойскай буйной рагатай жывёлы. Хаця многія з іх былі пісьменнымі і часам назапашвалі значныя фінансавыя сродкі дзякуючы продажу мяса, у вачах іншых амерыканцаў паўднёвых штатаў яны выглядалі як культурна закансерваваная бедная група. Гэта стымулявала прымхлівыя адносіны і набыццё ўстойлівай культурнай ідэнтычнасці.
Крэкеры Джорджыі і Фларыды сфарміраваліся з першай хвалі англамоўных мігрантаў з тэрыторыі сучасных памежных штатаў пасля анексіі часткі іспанскіх і маскогскіх зямель у 1812 — 1814 гг. Яны былі заўважнай групай, паколькі прытрымліваліся мабільнага ладу жыцця, часта пераязджалі з месца на месца, будавалі часовыя хаціны, займаліся часовай апрацоўкай зямлі, паляваннем, адловам жывёлы і жывёлагадоўляй. На поўначы Фларыды ўзнік так званы «шлях крэкераў», што займаў вузкую палоску сухіх раўнін паміж усходнім узбярэжжам і Мексіканскім залівам, па якому перамяшчалі свае статкі жывёлагадоўцы. Адасобленасці садзейнічалі паўкачавы лад жыцця, адсутнасць сваіх рабоў, пагардлівае стаўленне да неграў і індзейцаў. Ахіл Мюрат, сын Іаахіма Мюрата, апісваў крэкераў як не вельмі працавітых грамадзян з-за гультайства і п'янства, што жывуць на чужой зямлі, пакуль іх не выганяць уладальнікі.
Падчас грамадзянскай вайны ў ЗША многія мужчыны служылі ў канфедэратыўнай арміі. Пасля заканчэння вайны падвышэнне коштаў на мяса прывло да росквіту эканомікі жывёлагадоўцаў. Тым не меней, пашырэнне прыватнай маёмасці на зямлю, стварэнне болей прыбытковых стацыянарных гаспадарак, абавязковае школьнае навучанне для дзяцей вымушалі крэкераў мяняць лад жыцця і ператварацца ў дробных фермераў. Пры гэтым яны захоўвалі свой фальклор, некаторыя звычаі, асаблівасці гутарковай мовы.
У нашы дні, нягледзячы на значную асіміляцыю, і непрызнанне крэкераў на афіцыйным узроўні як асобнай этнаграфічнай супольнасці, іх наяўнасць прызнаецца даследчыкамі, улічваецца ў палітычным жыцці і мясцовай сацыяльнай палітыцы.
Спасылкі Новая энцыклапедыя Джорджыі Гісторыя фларыдскіх каўбояў-крэкераў Культура фларыдскіх крэкераў: яе паходжанне і развіццё Форт-Джэймс і паходжанне слова «крэкер» Фларыдскія крэкеры да Грамадзянскай вайны Шлях фларыдскіх крэкераў
Катэгорыя:Народы ЗША Катэгорыя:Нацыянальныя мянушкі