Тадэвуш Шалігоўскі (пол. Tadeusz Szeligowski, 13 верасня 1896, Львоў — 10 студзеня 1963, Познань) — польскі кампазітар, педагог, даследчык і папулярызатар беларускага народнага фальклору.Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. – Мінск, 2003. – Т. 17. – С. 363.
Жыццё і творчасць Паходзіў з сям'і польскіх музыкаў. У 1914 годзе ён скончыў класічную гімназію (з адзнакай) і Галіцкую кансерваторыю Польскага музычнага таварыства ў Львове, дзе вывучаў фартэпіяна пад кіраўніцтвам Вілема Курца. Затым у Кракаве вучыўся ігры на фартэпіяна і ў галіне кампазіцыі з Баляславам Валэк-Валеўскім. У 1921–1928 гадах вывучаў музыказнаўства ў Ягелонскім універсітэце і права, па якім у 1922 годзе атрымаў доктарскую ступень у Ягелонскім універсітэце. Скончыў музычную адукацыю ў 1929–1931 гадах у Парыжы ў Надзіі Буланжэр (кампазіцыя) і Поля Дзюка (інструментоўка).
У міжваенны перыяд працаваў у Вільні юрыстам, выкладчыкам у Музычнай кансерваторыі і аніматарам музычнага жыцця. У 1926 годзе быў віцэ-прэзідэнтам Віленскага філарманічнага таварыства.
Арганізатар і ўдзельнік экспедыцыі па зборы беларускага фальклору на Гродзеншчыне.
У 1931 годзе выкладаў тэорыю і кампазіцыю ў Познанскай музычнай кансерваторыі, кіраваў хорам імя Станіслава Манюшкі.
У 1932 годзе вярнуўся ў Вільню, дзе выкладаў тэорыю музыкі ў Кансерваторыі, а з 1935 па 1939 год займаў пасаду намесніка дырэктара прыватнай Кансерваторыі імя Мечыслава Карловіча. Таксама чытаў лекцыі ў Віленскім універсітэце. У 1932 годзе ён заснаваў вакальны ансамбль «Pro Arte» і ініцыяваў стварэнне Віленскай рады мастацкіх аб'яднанняў.
З пачаткам Другой сусветнай вайны працаваў арганістам у касцёле святога Казіміра.
З другой паловы ліпеня 1941 г. да пачатку ліпеня 1944 г. працаваў у Віленскім беларускім музеі. Працаваў з калекцыяй фальклорна-музычных матэрыялаў Антона Грыневіча. Распрацаваў інструкцыю для збірання беларускіх народных песень. Яна была размножана і разаслана па вёсках асобам, што працавалі над зборам этнаграфічнага і фальклорнага матэрыялу.
Дзеля ўпарадкавання сабранага фальклорнага матэрыялу ў музеі выкарыстоўваў г. зв. «фінскі метад». Для кожнай песні было зроблена апісанне, у якім адзначаліся: месца паходжання, жанр, сюжэтныя, колькасныя і гукавыя характарыстыкі (колькасць радкоў, амбітусу ды інш.), месца спявання, прозвішча спевака, збіральніка, дата і месца запісу песні. Апісанні ўносіліся ў галоўны каталог (каталог А) і спецыяльныя каталогі: B – тэксты, C – сюжэтныя характарыстыкі, D – каталог "жаролаў", а таксама індэкс мясцовасцей. За кастрычнік – лістапад 1943 г. такім чынам было апісана 280 песень. Усяго за ўвесь перыяд створана каля 1 тыс. картак, якія сёння захоўваюцца ў Літоўскім інстытуце літаратуры і фальклору.Вольга Іванова. Беларускі Музей імя Івана Луцкевіча — шлях да ліквідацыі // Homo Historicus. 2022, c. 115-116.
Сярод твораў: опера «Бунт жакаў»(паст. 1951), балеты «Паўлін і дзяўчына» (паст. 1949), «Мазепа» (паст.1959), сімфанічная сюіта «Казюкі» (1927), пабудаваная на інтанацыях беларускага і літоўскага фальклору, харавыя апрацоўкі беларускіх народных песень «Перапёлка», «Дробны дожджык», «Ой, заржы, заржы» і інш. Сярод вучняў Вітальд Рудзінскі, Генадзь Цітовіч.
Пасля заканчэння Другой сусветнай вайны спачатку жыў у Любліне, а з 1947 года і да канца жыцця — у Познані. У 1947–1950 гадах ён быў кіраўніком Дзяржаўнай опернай акадэміі. Па яго ініцыятыве была створана Познанская філармонія, дырэктарам якой ён быў у 1947–1949 гадах. Акрамя таго, ён быў ініцыятарам (у 1961 годзе) фестывалю сучаснай музыкі «Познанская музычная вясна» і адным з арганізатараў Міжнароднага конкурсу скрыпачоў імя Г. Веняўскага.
Таксама займаўся музычнай журналістыкай. Пісаў для «Kurier Wileński», «Tygodnik Wileński», «Muzyka» і «Kurier Poznański».
З 1951 па 1954 год з'яўляўся старшынёй Саюза польскіх кампазітараў. Шматразовы лаўрэат польскіх і міжнародных прэмій. Двойчы лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Польшчы (1950, 1951). Узнагароджаны Ордэнам Адраджэння Польшчы і Крыжом Заслугі.
У 1931 г. у Вільні ажаніўся са Станіславай, народжанай Гарасоўскай, музыказнаўцам.
Выбраныя творы
Pieśni ludowe litewskie na głos z fortepianem (1927) Pieśń litewska na skrzypce i fortepian (1928) Kaziuki, suita na orkiestrę (1928-29) Dwie pieśni białoruskie na chór mieszany (1930) Przepióreczka, białoruska pieśń ludowa na chór męski (1934) Bunt żaków, opera w 4 aktach (1951) Paw i dziewczyna, suita baletowa na orkiestrę (1953) Mazepa, balet w 3 aktach (1957)
Спасылкі
Крыніцы
Катэгорыя:Памерлі ў 1963 годзе Катэгорыя:Нарадзіліся ў 1896 годзе Катэгорыя:Оперныя кампазітары Польшчы Катэгорыя:Узнагароджаныя медалём «10-годдзе Народнай Польшчы»
Катэгорыя:Беларускія народныя песні Катэгорыя:Кампазітары Польшчы Катэгорыя:Нарадзіліся ў Львове Катэгорыя:Памерлі ў Познані