Валерый Пятровіч Дзевіскіба (, канцлагер, Польшча — , Гомель) — беларускі мастак, які доўгі час жыў і працаваў у Латвіі. Вядомы як аўтар галерэі партрэтаў выбітных гістарычных дзеячаў Беларусі.
Біяграфія Дзяцінства і юнацтва Нарадзіўся 25 лістапада 1943 года ў гітлераўскім канцэнтрацыйным лагеры на тэрыторыі Польшчы. Яго маці была беларускай з вёскі Новая Мільча (цяпер у межах Гомеля), якую падчас Другой сусветнай вайны вывезлі на прымусовыя працы. Выжыць нованароджанаму хлопчыку дапамаглі палякі Стэфа і Богдан Завірухі. Дзіця было ахрышчана ў каталіцкім касцёле ў горадзе Лодзь пад падвойным імем Валеры-Лявонты (сярод сяброў ён пазней часта называў сябе Валянцінам). Бацьку Пятра, якога таксама вывезлі ў Германію, хлопчык не ведаў, бо пасля вайны той апынуўся на Далёкім Усходзе, і іх шляхі назаўжды разышліся.
Пасля вайны маці разам з сынам вярнулася ў родную вёску Новая Мільча. З школьных гадоў Валерый захапляўся маляваннем, наведваў студыю і марыў стаць мастаком. У 1960-я гады быў прызваны на ваенную службу ў Чарнаморскі флот. Падчас службы ў Севастопалі ён выпадкова сустрэў славутага латышскага марыніста Эдуарда Калныньша, які пісаў эцюды Чорнага мора. Пабачыўшы малюнкі юнака, прафесар параіў яму пасля дэмабілізацыі ехаць паступаць у Акадэмію мастацтваў у Рыгу.
Жыццё і творчасць у Латвіі Прыехаўшы ў Латвію, В. Дзевіскіба спачатку ўладкаваўся матросам на баржу ў прыгарадзе Рыгі Болдэраі. Жыў у каюце старой баржы і адначасова наведваў падрыхтоўчыя курсы ў Латвійскай акадэміі мастацтваў, дзе выкладаў жывапісец Міхаіл Карнецкі. Там ён пазнаёміўся з іншым вядомым беларускім мастаком з Латвіі Вячкам Целешам. Нягледзячы на добрыя здольнасці да графікі, Дзевіскіба не змог паступіць у акадэмію. У 1966 годзе ён таксама беспаспяхова спрабаваў паступіць у Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут у Мінску. Пасля гэтага вырашыў удасканальваць сваё майстэрства самастойна, шмат працуючы з натуры.
В. Дзевіскіба пераехаў у рыжскі прыгарад Бабітэ (пасля ажаніўся і перабраўся ў Юрмалу). Ён самастойна і вельмі паспяхова асвоіў латышскую акварэльную тэхніку. У 1979 годзе яго акварэлі «Рыба ідзе» і «Моцны вецер» экспанаваліся на Восеньскай выставе юрмальскіх мастакоў побач з творамі вядомых латышскіх майстроў. На пачатку 1980-х гадоў акварэль «Прычал зімой» была адабрана ў экспазіцыю Латвіі на Усесаюзную мастацкую выставу ў Маскве.
З канца 1980-х гадоў мастак захапіўся складанай тэхнікай пастэлі. Менавіта ў гэтай тэхніцы ён стварыў галерэю партрэтаў славутых беларусаў: Міколы Гусоўскага, Францішка Багушэвіча, Міхала Клеафаса Агінскага, Кастуся Каліноўскага, Францыска Скарыны, Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Максіма Багдановіча, Васіля Цяпінскага і іншых. Яго працы набывалі і захоўвалі ў сваіх прыватных калекцыях такія вядомыя беларускія літаратары і навукоўцы, як Алег Лойка, Адам Мальдзіс, Уладзімір Арлоў, Сяргей Панізнік і Яўген Лецка.
Мастак актыўна ўдзельнічаў у жыцці неафіцыйнага беларускага зямляцтва ў Латвіі. У 1980 годзе яго творы экспанаваліся на выставе «Мікола Гусоўскі і яго час» у Мінску. Дзякуючы падтрымцы Латвійскага таварыства беларускай культуры «Світанак», 13 снежня 1990 года ў Зялёнай зале Малой гільдыі ў Рызе адбылася яго першая персанальная выстава. Другая персанальная выстава адкрылася 10 студзеня 1991 года ў Доме работнікаў мастацтваў Латвіі. У 1991 годзе В. Дзевіскіба стаў адным з заснавальнікаў Аб’яднання мастакоў-беларусаў Балтыі «Маю гонар». Акрамя жывапісу, ён займаўся рэльефнай разьбой па дрэве, у прыватнасці, стварыў рэльеф з гербам «Пагоня».
Вяртанне ў Беларусь і апошнія гады На пачатку 1990-х гадоў мастак цяжка захварэў на цукровы дыябет. У гэты ж час у незалежнай Латвіі пачаўся працэс дэнацыяналізацыі маёмасці, і дом у Юрмале, дзе Дзевіскіба жыў з жонкай Лідзіяй, вярнулі былым гаспадарам. Застаўшыся без жылля, сям'я была вымушана ў 1992 годзе вярнуцца ў Беларусь — у хатку маці ў Новай Мільчы пад Гомелем. Пасля пераезду мастак практычна спыніў сувязі са сваімі былымі калегамі і сябрамі з латвійскага перыяду.
Валерый Дзевіскіба памёр 19 кастрычніка 2001 года. Пры садзейнічанні жонкі Лідзіі і дзякуючы фінансавай дапамозе беларускіх пісьменнікаў, у прыватнасці, Адама Мальдзіса, Вячаслава Рагойшы і Сяргея Панізніка, які перадаў на продаж партрэты з уласнай калекцыі, на магіле мастака быў усталяваны помнік.
Крыніцы
Літаратура Целеш В. Мастак з беларускай душой // Крывіцкія руны — 2. — Мінск, 2017. — С. 337—342. Панізьнік С. З Юрмалы — у Гомель // Літаратура і мастацтва, 31 снежня 1993 г. Панізьнік С. Беларусь была роднай // Літаратура і мастацтва, 10 снежня 2004 г. Панізьнік С. Анёл-абаронца Валеры Дзевіскібы... // Культура, № 47, 25 лістапада — 1 снежня 2000 г.
Катэгорыя:Нарадзіліся 25 лістапада Катэгорыя:Нарадзіліся ў 1943 годзе Катэгорыя:Нарадзіліся ў Польшчы Катэгорыя:Памерлі 19 кастрычніка Катэгорыя:Памерлі ў 2001 годзе Катэгорыя:Мастакі Беларусі Катэгорыя:Мастакі Латвіі Катэгорыя:Беларусы ў Латвіі