Бо́ўфалава гара́ (), гістарычна вядомая як Чортава гара (, ), Гара зданяў (), Гліняная гара (), сёння таксама як Ту́рава гара́, гара Таўро (), Таўрака́льніс (), — узвышша ў цэнтральнай частцы Вільні, размешчанае паміж вуліцамі Паменкальніс, В. Кудзіркі і Таўро.
Назва На працягу сваёй гісторыі ўзгорак меў шмат розных найменняў, якія адлюстроўвалі міфалагічны светапогляд або рэальныя гістарычныя абставіны. Самай старажытнай задакументаванай назвай з’яўляецца Чортава гара (, ). Упершыню яна згадваецца ў прывілеі вялікага князя літоўскага і караля польскага Казіміра Ягелончыка ад 7 студзеня 1441 года, які вызначаў межы горада паводле магдэбургскага права (у тэксце гара згадваецца як арыенцір: «ipa usque ad fluvium Wilia ab vna et a Czarthowahora vsq ad Lukyschky partibus»). Даследчыкі звязваюць гэтую назву са старажытнай балцкай міфалогіяй, у прыватнасці з богам падземнага свету Вялесам (Вялінасам), што сведчыць пра магчымае існаванне тут язычніцкага свяцілішча.
Паводле даследаванняў мовазнаўца Ёнаса Юркштаса, ужо ў акце 1602 года вуліца, што ішла ад Вілейскай брамы да Лукішак, называлася імем Паменкальніс (). Літоўская этымалогія гэтага слова дакладна не высветлена: яно магло паходзіць ад слова «прывід» (ад — «прывід, здань»), «паўночнае ззянне», або літаральна азначаць «гара пад Месяцам». У сярэдзіне таго ж стагоддзя, на планах Лукішак 1646 і 1648 гадоў Чортава гара і Паменкальніс ужо фігуруюць як адзін аб’ект, ніжняя частка ўзгорка ўздоўж цяперашняй вуліцы Паменкальніс пазначалася як Гліняная гара, або Малякальніс (, ). Гэта было звязана з наяўнасцю тут гліняных кар’ераў, з якіх здабывалі матэрыял для вытворчасці цэглы.
У другой палове XVIII стагоддзя частка земляў на ўзгорку перайшла ва ўласнасць землемера Вялікага Княства Літоўскага і старосты стоклішскага Юзафа Тэадора Дарашкевіча-Боўфала. Ад яго прозвішча ўтварылася назва Боўфалава гара (), якая зафіксавана на плане горада Лаўрына Гуцэвіча ў 1790 годзе і шырока выкарыстоўвалася да сярэдзіны XX стагоддзя. У міжваенны час, калі горад быў у складзе Польшчы, у літоўскіх даведніках па Вільні ўзгорак часам называлі Пяркункальнісам (), імкнучыся надаць яму яшчэ больш архаічнае гучанне.
Сучасная літоўская назва Таўракальніс (, літаральна — Турава гара) пачала ўкараняцца падчас падрыхтоўкі першага літоўскага даведніка па Вільні, калі гісторык літаратуры Мікалас Біржышка разам з аднадумцамі літаральна пераклаў прозвішча Боўфал (якое асацыявалася са словам буйвал, тур). Пазней гэтая назва канчаткова замацавалася ў сярэдзіне XX стагоддзя ў працэсе літуанізацыі віленскіх тапонімаў пасля Другой сусветнай вайны. Яна была штучна прывязана да знакамітай летапіснай легенды пра заснаванне Вільні вялікім князем Гедзімінам.
Лакалізацыя Згодна з «Хронікай Быхаўца», вялікі князь Гедзімін падчас палявання забіў тура на прыгожай гары над ракой Вільняй, пасля чаго заснуў на лузе Швінтарога і ўбачыў сон пра жалезнага ваўка, які выў на Крывой (Лысай) гары. Аднак археалагічныя і гістарычныя даследаванні паказваюць, што цяперашняя Турава гара на Лукішках не мае ніякага дачынення да гэтай легенды. У 1390 годзе падчас аблогі Крывога замка войскамі Вітаўта і крыжакоў гарматы былі ўсталяваныя менавіта на сапраўднай гістарычнай Туравай гары.
На аснове аналізу гістарычных фатаграфій В. Захарчыка (1866 год), а таксама сучаснага ГІС-мадэлявання рэльефу і балістыкі сярэднявечнай артылерыі даследчыкі лакалізуюць сапраўдную легендарную Тураву гару ў раёне сучаснай вуліцы Аланду каля Нагорнага парку (так званая Безыменная гара, ), бо толькі адтуль магла эфектыўна і бяспечна весціся артылерыйская стральба па ўмацаваннях Крывога замка на суседняй Сталовай гары.
Гісторыя Могілкі і грамадскія аб'екты (XIX — пачатак XX стагоддзя) У 1798 годзе віленскі гарадскі радца, лютэранін Готфрыд Ган набыў участак на гары Боўфала для стварэння новага некропаля. Евангелісцка-лютэранскія могілкі афіцыйна пачалі дзейнічаць тут у 1809 годзе. У 1810 годзе тэрыторыя была абнесена масіўнай цаглянай агароджай, а ў 1819 годзе былі пабудаваны класіцыстычныя вароты з выявай Вока Правіду на тымпане. На тэрыторыі некропаля існавалі багатыя гранітныя надмагіллі, скляпенні, сіметрычныя алеі, а таксама шпіталь, прытулак і пяць капліц. З 1830 года ў паўночнай частцы могілак пачалі хаваць і кальвіністаў (рэфарматаў).
У 1860 годзе ля падножжа гары прамысловец Вільгельм Шопен пабудаваў бровар, які пазней атрымаў назву «Tauras».
Міжваенны перыяд У міжваенны час узгорак пачаў актыўна забудоўвацца і выкарыстоўвацца ў грамадскіх мэтах. 7 верасня 1924 года на гары быў адкрыты футбольны стадыён, дзе праводзілі свае матчы віленскія клубы, у тым ліку польскія каманды Першага пяхотнага палка легіёнаў і радыётэхнічнага завода «Elektrit».
У 1930—1936 гадах на Боўфалавай гары (тагачасны адрас — вул. Боўфалава гара, 4) быў узведзены вялікі Студэнцкі дом (інтэрнат) Універсітэта Стэфана Баторыя. Першапачатковы праект распрацаваў інжынер Аляксандр Кадэльскі, а пазней яго дапрацавалі Ірэна Гейльманава і Францішак Вайцяхоўскі. Гэты трохпавярховы будынак у стылі мадэрнізму вылучаўся шырокімі вокнамі і прамымі лініямі згодна з прынцыпамі Ле Карбюзье, за што мясцовыя жыхары празвалі яго «віленскім хмарачосам».
У другой палове 1930-х гадоў інтэрнат стаў цэнтрам актыўнасці праварадыкальнага польскага студэнцтва. Як згадваў пісьменнік Ежы Путрамант, эндэцыя з кожным годам пашырала фронт авантур і Сам пісьменнік у той час жыў зусім побач, на вуліцы Партовай (сучасная Паменкальніс), і згадваў, што вокны яго кватэры выходзілі на «строму, поўны зеляніны адхон гары Боўфала».
У 1937 годзе прыватная забудова гары папоўнілася мадэрнісцкім прыбытковым домам Давіда Стругача (архітэктар Майсей Холем). Гэты будынак шчыльна прылягаў да суседняй гістарычнай камяніцы 1912—1913 гадоў, наглядна дэманструючы пераход віленскай архітэктуры ад гістарызму да функцыяналізму.
Праект «Дом нацыі» і савецкі час У пачатку XX стагоддзя сярод літоўскай інтэлігенцыі зарадзілася ідэя пабудаваць на гары Таўро «Дом нацыі» () — галоўны культурны цэнтр Літвы. У 1907 годзе на ўстаноўчым сходзе Літоўскага навуковага таварыства гэтую прапанову агучылі Ё. Басанавічус і М. К. Чурлёніс. За кошт ахвяраванняў у 1911—1913 гадах быў набыты зямельны ўчастак, аднак пачатак Першай сусветнай вайны перапыніў планы.
За савецкім часам, па рашэнні выканаўчага камітэта горада ад 30 сакавіка 1958 года, старажытныя евангелісцкія могілкі былі ліквідаваны. Іх тэрыторыя была выраўнаваная, а многія гранітныя надмагіллі выкарысталі ў якасці будаўнічага матэрыялу для лесвіц, што вядуць на гару. Канчаткова тэрыторыя могілак была зраўнаваная з зямлёй у 1974 годзе, калі на месцы вялікай могілкавай капліцы пабудавалі Палац шлюбаў па праекце архітэктара Гедзімінаса Баравікаса. З усяго гістарычнага архітэктурнага комплексу могілак да нашых дзён захавалася толькі капліца-маўзалей Нішкоўскіх.
У 1963—1964 гадах на вяршыні ўзгорка ўзвялі Палац культуры прафсаюзаў (). У часы незалежнасці Палац прафсаюзаў быў прыватызаваны і прыйшоў у заняпад. У 2004 годзе ў будынку адбыўся моцны пажар, які знішчыў канцэртную залу і дах. У выніку рэшткі палаца былі знесены. У 2007 годзе на гары быў усталяваны памятны камень у гонар гістарычнай ідэі «Дома нацыі». Восенню 2024 года на гары пачалося маштабнае будаўніцтва Нацыянальнай канцэртнай залы, якая павінна ўвасобіць першапачатковую ідэю культурнага цэнтра. Праект рэалізуецца міжнароднай камандай архітэктараў (іспанская студыя «Archivo Architects», літоўская «Cloud Architects» і японская акустычная кампанія «Nagata Acoustics») з планам завяршэння ў 2028 годзе.
Крыніцы
Літаратура
Катэгорыя:Узгоркі Вільні Катэгорыя:Геаграфія Вільні Катэгорыя:Гісторыя Вільні