Бэлэр-Менск () — беларускі адпачынкавы цэнтр у ЗША. З’яўляўся адным з найважнейшых цэнтраў грамадска-культурнага жыцця беларускай эміграцыі ў Паўночнай АмерыцыКіпель, Вітаўт. Беларусы ў ЗША. — Мінск: Беларусь, 1993. — С. 201—202.Кіпель, Вітаўт. Беларусы ў ЗША. — Мінск: Беларусь, 1993. — С. 12. — Агляд беларускіх грамадскіх цэнтраў у ЗША; кароткая характарыстыка Белэр-Мінска, бібліятэкі імя Ю. Віцьбіча і іншых культурных аб’ектаў..
Гісторыя
У першай палове 1950-х гадоў грамады беларускіх эмігрантаў у ЗША адчувалі патрэбу ва ўласных летніх адпачынкавых установах, якія маглі б адначасова служыць і культурнымі цэнтрамі. У Нью-Ёркскай агламерацыі ў той час не было беларускіх адпачынкавых цэнтраў і беларусы ездзілі ў селішча «Бобрык» і фермы «Керы» на поўначы штата Нью-Ёрк, беларусы Дэтройта ездзілі ў «Засценак», а беларусы штата Нью-Джэрсі — у селішча «Мір».
Ідэя стварэння ўласнага беларускага летняга адпачынкавага цэнтра ўзнікла ў асяроддзі актывістаў з Нью-Ёрка і ваколіц. Пачынаючы прыблізна з 1959 года Пётра Маркоўскі і Юрка Станкевіч раз’язджалі па штаце, шукаючы прыдатную ўласнасць і збіраючы будучых пайшчыкаў, пазней да іх далучыўся Васіль Юрцэвіч. Было арганізавана акцыянернае таварыства — фінансаванне ажыццяўлялася праз выпуск і продаж паёў (акцый). Сярод ініцыятараў праекта таксама былі Уладзімір Пеляса, Зора і Вітаўт Кіпелі, Васіль Захаркевіч, Пятро Мельяновіч, Кастусь Мерляк, Даніла КлінцэвічСтанкевіч, Ян. «Бэлэр Менск» // Незалежнік: культурна-асьветны грамадзкі часапіс вялікалітоўскі (беларускі). — № 1, лістапад 1965. — Бруклін, Нью-Ёрк. — С. 1-3..
Пасля доўгіх пошукаў была знойдзена прыдатная мясціна ў Глен-Спэй. Адпачынкавы цэнтр быў урачыста адкрыты 4 ліпеня 1963 года. Першым старшынёй Рады дырэктараў карпарацыі быў абраны Васіль Юрцэвіч.
Бэлэр-Менск уяўляў сабой комплекс агульнай плошчай 65 акраў (каля 26 га), у які ўваходзілі 6 жылых і грамадскіх будынкаў, басейн, спартыўныя пляцоўкі і паркавыя насаджэнні. У 1964 годзе на тэрыторыі была ўзведзена зала для культурных мерапрыемстваў. Характэрнай рысай цэнтра была наяўнасць бунгала, якія сем’і здымалі на ўвесь летні сезон. Гэта рабіла Бэлэр-Менск не звычайным гатэлем, а паўнавартаснай сезоннай суполкай, дзе з пакалення ў пакаленне адпачывалі адны і тыя ж сем’і.
Стаўленне розных беларускіх арганізацый да Бэлэр-Менска было неадназначным. Члены Нью-Ёркскай акругі Беларуска-амерыканскага задзіночання (БАЗА), якія ў расколе беларускай эміграцыі падтрымлівалі бок Рады БНР, добра ставіліся да адпачынкавага цэнтра, але матэрыяльна амаль не ўдзельнічалі ў яго прыдбанні і прымалі пасіўны ўдзел у мясцовых з’ездах. Саўт-Рыверская суполка беларусаў (прыхільнікаў БЦР) першапачаткова непрыязна ставілася да адпачынкавага цэнтра.
Бэлэр-Менск хутка стаў папулярным сярод беларусаў ЗША і Канады. Сезон цягнуўся ад ранняй вясны да позняй восені. Адпачынкавы цэнтр стаў пляцоўкай для шэрага рэлігійных, грамадскіх і культурных мерапрыемстваў: тут адбываліся з’езды беларускіх арганізацый, гасцявалі наведвальнікі з Беларусі.
На культурна-асветнай ніве ў цэнтры дзейнічалі бібліятэка імя Юркі Віцьбіча, мастацкая самадзейнасць і царкоўны хор. У 1960-1970-я гады на тэрыторыі Бэлэр-Менска праводзіліся летнія лагеры для беларускай моладзі школьнага ўзросту, дзе побач са звычайнымі летнімі праграмамі (купанне, паходы, вогнішчы) выкладаліся беларускія спевы і танцы, асновы ведаў пра Беларусь, а таксама прыкладное беларускае мастацтва — вырабы з саломкі, народная вышыўка. Бэлэр-Менск стаў традыцыйным месцам правядзення штогадовых беларускіх спартыўных сустрэч: там ладзіліся спаборніцтвы ў дзесяці—дванаццаці відах лёгкай атлетыкі і камандны валейбол, штогод выбіралася беларуская «міс спорту»Архівы карпарацыі Бэлэр-Менск, Нью-Йорк.Архівы БККА: папка «Беларускі спорт»; Архівы Міхася Сенькі, Саўт-Рывер, штат Нью-Джэрсі..
Святар Францішак Чарняўскі рэгулярна адпраўляў каталіцкія набажэнствы для беларусаў-каталікоў у часы летніх адпачынкаў.
З-за фінансавых цяжкасцей карпарацыя была вымушана прадаць маёмасць групе беларускіх праваслаўных парафій. Гэта часткова вызваліла ўстанову ад падаткаў і тым самым стабілізавала яе матэрыяльнае становішча. Адпачынкавы цэнтр захаваў сваю функцыю і надалей.
У Бэлэр-Менск знаходзілася капліца прыхода Смаленскай Божай Маці. Свяшчэннікі з царквы Святой Ефрасінні Полацкай у Саўт-Рыверы і царквы Святога Кірылы Тураўскага ў Рычманд-Хіле адпраўлялі ў ёй богаслужэнні з мая па кастрычнік.
Дзеячамі кіраўніцтва адпачынкавага цэнтра ў позні перыяд былі Мікалай Сіцько, Міхась Сенька, Валя і Сяргей Рагалевічы, сям’я Гайшуноў, Язэп Крывенька, Ігар Шчорс, Валодзя Валадкевіч, Пётра Кажура, Кастусь Мерляк, Уладзімір Пеляса, сем’і Арцішэнкаў і Літаровічаў.
Адпачынкавы цэнтр закрыўся каля 1998 годаУспаміны наведвальнікаў Бэлэр-Менска // Reddit, r/catskills, 2023. — URL: https://www.reddit.com/r/catskills/comments/10ve5th/comment/j7ie8l8/.
Пасля таго як Мікалай (Мацукевіч) адлучыў Аляксандра (Салагуба) ад БАПЦ, той не прызнаў гэтага рашэння і ў 2002 годзе стварыў паралельную структуру БАПЦ. У тым жа годзе ён заснаваў місію Святой Ефрасінні Полацкай. У 2010 годзе місія Святой Ефрасінні Полацкай набыла тэрыторыю былога адпачынкавага цэнтра і заснавала там беларускі праваслаўны манастыр. Апошнія звесткі пра дзейнасць манастыра датуюцца 2012 годам.
Паводле сведчанняў наведвальнікаў, маёмасць аказалася ў запусценні, хоць і не была цалкам пакінутая. Будынкі захаваліся.
Месца ў гісторыі беларускай эміграцыі Бэлэр-Менск з’яўляўся адным з нямногіх у ЗША летніх паселішчаў, якое належала непасрэдна беларускай грамадзе, а не асобным людзям ці небеларускім установам. Рэзорт адыгрываў ролю своеасаблівага нацыянальнага «агульнага двара» для беларускай дыяспары: тут адбываліся мерапрыемствы арганізацый БАЗА, БККА і іншых, з’язджаліся беларусы з розных штатаў і з Канады. Падобныя функцыі ў іншых рэгіёнах ЗША выконвалі адпачынкавы цэнтр «Полацк» у Кліўлендзе і іншыя беларускія цэнтры.
Крыніцы
Катэгорыя:Нью-Ёрк (штат)