Граматыкі беларускай мовы — навуковыя, нарматыўныя і навучальныя працы, у якіх сістэмна апісваецца граматыка беларускай мовы, перадусім яе марфалогія і сінтаксіс, а ў граматыках шырокага тыпу таксама фанетыка, фаналогія, словаўтварэнне, арфаэпія, націск і арфаграфія. У гісторыі беларускага мовазнаўства граматычныя працы выконвалі розныя функцыі: ад навуковага апісання моўнай сістэмы да кадыфікацыі норм літаратурнай мовы і навучання ёй.Граматыка // Беларуская Энцыклапедыя. Электронная версія на Verbum.by.
Гісторыя граматычнага апісання беларускай мовы ўзыходзіць да граматычных прац XVI—XVII стагоддзяў, звязаных з пісьмовай традыцыяй Вялікага Княства Літоўскага, і да мовазнаўчых даследаванняў XIX стагоддзя. Сістэмная кадыфікацыя новай беларускай літаратурнай мовы пачалася на пачатку XX стагоддзя і асабліва інтэнсіўна развівалася з 1910-х гадоў. У XX—XXI стагоддзях склаліся некалькі ўзаемазвязаных традыцый: школьныя і практычныя граматыкі, акадэмічныя апісальныя граматыкі, гістарычныя і параўнальныя граматыкі, а таксама граматыкі і сістэмныя курсы, створаныя па-за БССР і Беларуссю.Мовазнаўства // Беларуская Энцыклапедыя. Электронная версія на Verbum.by.
Перадумовы да XX стагоддзя
Граматычная традыцыя на землях Беларусі ў ранні Новы час была звязана найперш з апісаннем царкоўнаславянскай мовы. Да найбольш значных помнікаў належаць Грамматіка Словенска Лаўрэнція Зізанія (Вільня, 1596) і Грамматики Словенския правилная Синтагма Мялеція Сматрыцкага (Еўе, 1619). Пры тлумачэнні царкоўнаславянскага матэрыялу выкарыстоўвалася таксама тагачасная «простая» мова.Мовазнаўства // Беларуская Энцыклапедыя. Электронная версія на Verbum.by.
Асобнае месца займае напісаная на лацінскай мове ў 1643 годзе Граматыка словенская Івана Ужэвіча. Яна захавалася ў рукапісах і апісвала «простую мову» ўсходнеславянскай пісьмовай традыцыі; у гісторыі ўсходнеславянскага мовазнаўства праца Ужэвіча разглядаецца як ранняя спроба граматычнага апісання гэтай мовы.
Навуковае вывучэнне ўласна беларускіх гаворак і іх граматычнага ладу разгарнулася ў XIX стагоддзі. Сярод ранніх прац былі даследаванні Паўла Шпілеўскага, К. Нядзведскага і К. Апеля. Значным этапам стала праца Яўхіма Карскага Обзор звуков и форм белорусской речи (Масква, 1885), у якой сістэмна разглядаліся гукавы лад і формы беларускай мовы.Карский Е. Ф. Обзор звуков и форм белорусской речи. — Москва, 1885. Даследаванні Карскага былі працягнуты ў шматтомнай працы Беларусы, якая стала адной з асноў навуковага вывучэння гісторыі, дыялекталогіі і структуры беларускай мовы.
Станаўленне кадыфікацыйнай граматыкі
Першыя працы 1910-х гадоў
Пашырэнне беларускамоўнага друку ў пачатку XX стагоддзя зрабіла актуальнай кадыфікацыю правапісу і граматычных норм. Да Беларускай граматыкі для школ з'явілася некалькі спроб сістэматычнага выкладу беларускай мовы: рукапісная граматыка Антона Луцкевіча, складзеная на аснове лекцый беларускіх настаўніцкіх курсаў у Вільні ў 1915—1916 гадах; яго брашура Jak prawilna pisać pa biełarusku (1917); Hramatyka biełaruskaj mowy Баляслава Пачопкі (1918); Biełaruski prawapis Антона Луцкевіча і Яна Станкевіча (1918), а таксама Pròsty spòsab stàcca ŭ karòtkim čase hràmatnym Рудольфа Абіхта і Яна Станкевіча (Брэслаў, 1918).Арфаграфія беларускай мовы // Беларуская Вікіпедыя; гл. прыведзеную там літаратуру: Беларуская мова: энцыклапедычны даведнік. — Мінск, 2022. — С. 32—33.
У 1918 годзе ў Вільні выйшла Беларуская граматыка для школ Браніслава Тарашкевіча. Яна сістэматызавала фанетычныя і граматычныя асаблівасці новай беларускай літаратурнай мовы, уключала матэрыял па фанетыцы, марфалогіі, словаўтварэнні, правапісе і сінтаксісе і стала асновай яе далейшай кадыфікацыі.Граматыка // Беларуская Энцыклапедыя. Электронная версія на Verbum.by. Граматыка неаднаразова перавыдавалася і перапрацоўвалася; істотна пераробленае пятае выданне выйшла ў Вільні ў 1929 годзе.
Граматыкі Язэпа Лёсіка
У 1920-я гады значную серыю граматычных дапаможнікаў і даследаванняў стварыў Язэп Лёсік. У 1921 годзе выйшаў першы курс Практычнай граматыкі беларускае мовы, а матэрыял практычнай граматыкі пасля перапрацоўкі быў выкарыстаны ў Пачатковай граматыцы, другое выданне якой выйшла ў 1925 годзе. У розных рэдакцыях і выданнях гэтыя працы выкарыстоўваліся як школьныя сістэмныя курсы беларускай мовы.Лёсік Я. Пачатковая граматыка. — 2-е выд. — Менск: Дзяржаўнае выдавецтва Беларусі, 1925.
Асобна Лёсік распрацоўваў асноўныя ўзроўні граматычнай сістэмы. У 1925 годзе выйшаў Сынтакс беларускае мовы, другое, пераробленае выданне — у 1926 годзеЛёсік Я. Сынтакс беларускае мовы. — Менск: Дзяржаўнае выдавецтва Беларусі, 1925.Лёсік Я. Сынтакс беларускае мовы. — 2-е выд., пераробленае. — Менск, 1926.. У 1926 годзе была выдадзена Граматыка беларускае мовы. Фонэтыка, а ў 1927 годзе — Граматыка беларускае мовы. Морфолёгія. Разам гэтыя працы склалі адзін з найбольш разгорнутых аўтарскіх граматычных комплексаў беларускай мовы 1920-х гадоў.
Распрацоўка граматычных нормаў у гэты перыяд была звязана з працай Інбелкульта і Акадэмічнай канферэнцыяй па рэформе беларускага правапісу і азбукі 1926 года. У граматычнай і школьнай літаратуры працавалі таксама А. Багдановіч, Н. Шэўчык, А. Саломенік, І. Пратасевіч, І. Самковіч і іншыя аўтары.Арфаграфія беларускай мовы // Беларуская Вікіпедыя; гл. прыведзеныя там энцыклапедычныя крыніцы.
Акадэмічнае граматычнае апісанне ў 1930—1980-я гады
Працы 1935—1940 гадоў
У сярэдзіне 1930-х гадоў, пасля згортвання палітыкі беларусізацыі і Рэформы беларускага правапісу 1933 года пачаў складвацца новы сістэматычны акадэмічны курс сучаснай беларускай літаратурнай мовы. У 1935 годзе была выдадзена падрыхтаваная Ц. П. Ломцевым праца Беларуская граматыка. Фанетыка і правапіс, якая мела падзагаловак «навукова-даследчы нарыс». Яна стала першай часткай серыі акадэмічных прац, у якіх планавалася паслядоўна апісаць асноўныя ўзроўні сучаснай беларускай літаратурнай мовы.
У 1936 годзе Інстытут літаратуры і мовы Акадэміі навук БССР выдаў калектыўную Беларускую граматыку. Марфалогія. Працягам гэтага цыкла сталі Сінтаксіс беларускай мовы (1939) і Курс сучаснай беларускай мовы. Фанетыка, марфалогія, лексіка (1940). У гэтых выданнях былі абагульнены вынікі тагачаснага вывучэння структуры беларускай літаратурнай мовы.Інстытут мовазнаўства // Беларуская Энцыклапедыя. Электронная версія на Verbum.by.
Такім чынам, выданні 1935—1940 гадоў утварылі першы поўны акадэмічны праект навуковага апісання сучаснай беларускай мовы, які ўжо не абмяжоўваўся задачамі школьнай кадыфікацыі. Адначасова Ломцеў даследаваў гістарычны сінтаксіс беларускай мовы ў працах Выражение главных членов предложения в белорусском языке (1940) і Исследования в области истории белорусского синтаксиса (1941).
Пасляваенныя граматыкі
У першыя пасляваенныя дзесяцігоддзі праца Інстытута мовазнаўства АН БССР была адноўлена і паглыблена. Значную ролю адыгрыла распрацоўка новай двухчасткавай Граматыкі беларускай мовы: частка па сінтаксісе ўпершыню выйшла ў 1945 годзе, а Фанетыка і марфалогія — у 1946 годзе; дапаможнік неаднаразова перавыдаваўся.Запрудскі С. М. Гісторыя беларускага мовазнаўства, 1918—1941 і бібліяграфічныя матэрыялы па гісторыі беларускага мовазнаўства.
У 1955—1958 гадах выйшаў курс М. І. Гурскага, М. Г. Булахава і М. Ц. Марчанкі Беларуская мова: першая частка ахоплівала лексікалогію, фанетыку і марфалогію, другая — сінтаксіс.Беларускае мовазнаўства: бібліяграфічны ўказальнік (1825—1965 гг.). — Мінск, 1967. У 1956 годзе ў Маскве па-руску выйшла Грамматика белорусского языка Ц. П. Ломцева.Ломтев Т. П. Грамматика белорусского языка. — Москва: Государственное учебно-педагогическое издательство, 1956. — 336 с.
«Граматыка беларускай мовы» 1962—1966 гадоў
Новым этапам стала акадэмічная Граматыка беларускай мовы, падрыхтаваная ў Інстытуце мовазнаўства. Першы том Марфалогія выйшаў у 1962 годзе, другі том Сінтаксіс — у 1966 годзе. Рэдактарамі выдання былі К. К. Атраховіч (Кандрат Крапіва), М. Г. Булахаў і П. П. Шуба.Граматыка беларускай мовы : у 2 т. / рэд. К. К. Атраховіч, М. Г. Булахаў, П. П. Шуба. — Мінск: Навука і тэхніка, 1962—1966. — Т. 1: Марфалогія. — 1962; Т. 2: Сінтаксіс. — 1966.
У адрозненне ад ранніх кадыфікацыйных і школьных граматык, гэта было спецыяльнае фундаментальнае апісанне граматычнага ладу ў вузкім разуменні граматыкі — марфалогіі і сінтаксісу. Двухтомнік стаў асновай для далейшага акадэмічнага вывучэння граматычнай сістэмы беларускай літаратурнай мовы.Граматыка // Беларуская Энцыклапедыя. Электронная версія на Verbum.by.
«Беларуская граматыка» 1985—1986 гадоў
У 1985—1986 гадах Інстытут мовазнаўства выдаў новую Беларускую граматыку ў дзвюх частках. Першая частка Фаналогія. Арфаэпія. Марфалогія. Словаўтварэнне. Націск выйшла ў 1985 годзе пад рэдакцыяй М. В. Бірылы і П. П. Шубы. Другая частка Сінтаксіс выйшла ў 1986 годзе.Беларуская граматыка : у 2 ч. — Мінск: Навука і тэхніка, 1985—1986. — Ч. 1: Фаналогія. Арфаэпія. Марфалогія. Словаўтварэнне. Націск / рэд. М. В. Бірыла, П. П. Шуба. — 1985. — 431 с.; Ч. 2: Сінтаксіс. — 1986.
У параўнанні з граматыкай 1962—1966 гадоў структура новага выдання была пашырана: разам з марфалогіяй разглядаліся фаналагічная сістэма, арфаэпія, словаўтварэнне і націск. Сінтаксічная частка мела нарматыўную накіраванасць і ўлічвала моўную практыку папярэдніх дзесяцігоддзяў і досвед ранейшых граматык.Беларуская граматыка. У 2 ч. Ч. 2. Сінтаксіс // Kamunikat.org.
Несавецкая і эміграцыйная традыцыя
Адначасова з развіццём граматычнага апісання ў БССР існавала несавецкая традыцыя, якая працягвала ўжыванне нормаў і тэрміналогіі даваенных заходнебеларускіх выданняў у рознай ступені і ў розных аўтарскіх сістэмах. Падчас Другой сусветнай вайны і пасля яе граматычныя і моўныя дапаможнікі выдаваліся ў акупаванай Беларусі, у Германіі, Чэхіі, Канадзе, Вялікабрытаніі і іншых краінах беларускай эміграцыі.Баршчэўская Н. Беларуская эміграцыя — абаронца роднае мовы. — Варшава, 2004.
У 1943 годзе ў Мінску выйшла шостае выданне Беларускай граматыкі Браніслава Тарашкевіча. Пасля смерці аўтара выданне было дапоўнена А. Адамовічам, А. Лёсікам і К. Шкуцькам і працягвала даваенную граматычна-правапісную традыцыю.Тарашкевіч Б. Беларуская граматыка. — Выд. 6-е. — Мінск, 1943.
У пасляваеннай эміграцыі адным з найбольш значных выданняў стаў Падручнік крывіцкае (беларускае) мовы Яна Станкевіча, выдадзены ў Рэгенсбургу, дзе дзейнічаў лагер для перамешчаных асоб, у 1947 годзе пад паралельнай англійскай назвай Krivian (Whiteruthenian) Grammar. Праца ахоплівала граматыку, правапіс і навучальныя практыкаванні і была прызначана як для школьнага, так і для самастойнага навучання.Станкевіч Я. Падручнік крывіцкае (беларускае) мовы = Krivian (Whiteruthenian) Grammar: Граматыка, правапіс, укладаньні прытарнаваныя вучыцца ў школе й дома. Ч. I—III. — Рэгенсбург, 1947.
У Канадзе ў 1974 і 1978 гадах Валянціна Пашкевіч выдала двухтомны англамоўны курс Fundamental Byelorussian, разлічаны перадусім на англамоўных навучэнцаў. Выданне спалучала сістэмны граматычны матэрыял з практыкаваннямі і тэкстамі.Paškievič V. Fundamental Byelorussian. Book 1. — Toronto, 1974. — 332 p.; Book 2. — Toronto, 1978.
У 1976 годзе Пітэр Мэё выдаў A Grammar of Byelorussian — кароткую англамоўную апісальную граматыку беларускай мовы, разлічаную найперш на чытанне і аналіз беларускамоўных тэкстаў.Mayo P. J. A Grammar of Byelorussian. — Sheffield: Anglo-Byelorussian Society; University of Sheffield, 1976. — 66 p. Пазней Мэё падрыхтаваў разгорнутае апісанне беларускай мовы для калектыўнай манаграфіі The Slavonic Languages (1993), што садзейнічала прадстаўленню беларускай граматыкі ў міжнароднай славістычнай літаратуры.Mayo P. Belorussian // The Slavonic Languages / ed. B. Comrie, G. G. Corbett. — London; New York: Routledge, 1993. — P. 887—946.
Гістарычныя і параўнальныя граматыкі