Луі Антуан дэ Бугенвіль (; ) — французскі мараплавец, кіраўнік першай французскай кругасветнай экспедыцыі. Атрымаў вядомасць як даследчык Акіяніі. У яго гонар названы адкрыты экспедыцыяй востраў Бугенвіль.
Біяграфія З 1750 года на вайсковай службе. З 1751 года пад уплывам Ж. Л. Д’Аламбера захапіўся геаграфіяй, астраноміяй, матэматыкай. Пасля публікацыі «Трактата аб інтэгральным вылічэнні» (1754—1756) стаў членам Лонданскага каралеўскага таварыства (1756).
Удзельнічаў у Сямігадовай вайне ў Канадзе і Еўропе.
У 1763—1765 гадах узначаліў экспедыцыю на Фалклендскія астравы з мэтай заснавання французскай калоніі (у 1767 годзе перададзенай Іспаніі), пакінуў іх навуковае апісанне. У 1766—1769 годзе кіраваў першай французскай кругасветнай экспедыцыяй, адкрыў (у некаторых выпадках паўторна) архіпелаг Луізіяда, некалькі астравоў у архіпелагу Новыя Гебрыды, Саламонавы астравы і архіпелаг Туамоту. «Апісанне кругасветнага падарожжа» (1771—1772) Бугенвіля змяшчае замалёўкі прыроды і насельніцтва Акіяніі, Вогненнай Зямлі і Патагоніі.
На яго апісанні побыту жыхароў вострава Таіці абапіраўся Д. Дзідро, развіваючы ідэі аб «дабрадзейным дзікуну». Імем Бугенвіля названы востраў Бугенвіль, Бугенвільскі жолаб і праліў у архіпелагу Саламонавы астравы, каля ўсходняга ўзбярэжжа вострава Усходні Фалкленд, праліў у Новых Гебрыдах, бухта ў Магеланавым праліве, гара на поўначы вострава Новая Гвінея.
У 1772 годзе прапанаваў праект экспедыцыі да Паўднёвага полюса.
У 1781—1782 гадах удзельнічаў у баявых дзеяннях французскага флота на баку Злучаных Штатаў Амерыкі ў Вайне за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы 1775—1783 гадоў, камандаваў эскадрай у бітве пры Чызапіцкім заліве (верасень 1781).
Быў прыхільнікам канстытуцыйнай манархіі, падчас Французскай рэвалюцыі некалькі месяцаў правёў у зняволенні (1794). Пры Напалеоне Банапарце стаў членам Сената (1799), адным з першых атрымаў ордэн Ганаровага легіёна (1804), графскі тытул (1808).
Крыніцы