Акруга Слу́цк, або Слу́цкая акру́га () — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў складзе генеральнай акругі Беларусь рэйхскамісарыята Остланд у часы нацысцкай Германіі. Адміністрацыйным цэнтрам акругі з’яўляўся горад Слуцк.
Гісторыя Пасля ўварвання Германіі ў СССР 22 чэрвеня 1941 года ў Слуцку на працягу 24 гадзін было абвешчана ваеннае становішча. Жыхарам было загадана заставацца на сваіх працоўных месцах і не паддавацца паніцы. Пачаўся прызыў мужчын у Чырвоную армію. Эвакуацыя не праводзілася. Замест гэтага афіцыйная савецкая прапаганда паўтарала лозунгі аб хуткай перамозе над ворагам «малой крывёй і на чужой тэрыторыі». Сыход з працы без дазволу лічыўся дэзерцірствам. У крамах людзі масава скуплялі прадукты харчавання і рэчы першай неабходнасці, а ўкладчыкі імкнуліся забраць свае зберажэнні з Дзяржбанка (аднак на рукі выдавалася не больш за 200 рублёў на чалавека, што складала прыкладна заробак за адзін тыдзень). У горад пастаянна прыбывалі бежанцы з Заходняй Беларусі, якія расказвалі пра імклівы наступ немцаў. 24 і 25 чэрвеня горад падвергнуўся моцнай бамбардзіроўцыАсабісты архіў Леаніда Смілавіцкага, ліст Раісы Тычыны са Слуцка ад 13 верасня 2000 года..
Нямецкія войскі ўвайшлі ў Слуцк у другой палове дня 26 чэрвеня 1941 года. Афіцыйна Слуцкая акруга была ўтворана 1 верасня 1941 года а 12-й гадзіне. Першапачаткова яна ўваходзіла ў склад галоўнай акругі Менск (). Пасля таго як 4 сакавіка 1943 года галоўная акруга Менск была скасавана, Слуцкая акруга перайшла ў прамое падпарадкаванне генеральнага камісара ў Мінску. Акруга праіснавала да лета 1944 года. 30 чэрвеня 1944 года горад Слуцк быў вызвалены ад нямецкіх захопнікаў войскамі 1-га Беларускага фронту пры падтрымцы партызан. На момант вызвалення значная частка горада была разбурана і спалена.
Адміністрацыйная структура і акупацыйны апарат Слуцкая акруга з’яўлялася адной з 10 акруг (гебітаў) у складзе генеральнай акругі Беларусь, якая, у сваю чаргу, падпарадкоўвалася рэйхскамісарыяту «Остланд» з адміністрацыйным цэнтрам у Рызе. Кіраўніком цывільнай адміністрацыі акругі з’яўляўся гебітскамісар Генрых Карл (). Яго апарат камплектаваўся амаль выключна з нямецкіх служачых. У якасці дапаможных органаў мясцовага самакіравання акупантамі былі створаны раённая і гарадская ўправы, на чале якіх стаялі бургамістры, што падпарадкоўваліся гебітскамісарыяту. Управы звычайна складаліся з некалькіх аддзелаў: адміністрацыйнага, фінансавага, зямельнага, аховы здароўя і школьнага. У сельскай мясцовасці ўтвараліся валасныя ўправы на чале з валаснымі старшынямі, а ў вёсках прызначаліся старасты, якія выконвалі дапаможныя функцыі і не з’яўляліся носьбітамі рэальнай адміністрацыйнай улады.
Паралельна з нямецкай цывільнай адміністрацыяй на тэрыторыі акругі дзейнічаў разгалінаваны ваенны і паліцэйскі апарат. У Слуцку размяшчалася мясцовая камендатура (), якая кіравалася ваеннымі ўладамі і напрамую падпарадкоўвалася галоўнай палявой камендатуры № 392 у Мінску. Апошняя ажыццяўляла кантроль за ўсімі акупацыйнымі войскамі на тэрыторыі генеральнай акругі. На слуцкую камендатуру ўскладаліся задачы па барацьбе з партызанскім рухам, арганізацыі карных экспедыцый супраць мясцовага насельніцтва, ахове камунікацый і ваенных аб’ектаў, а таксама канфіскацыі сельскагаспадарчай прадукцыі. Акрамя вайскоўцаў Вермахта, у акрузе функцыянавалі падраздзяленні паліцыі бяспекі, Службы бяспекі (СД), жандармерыі і тайнай палявой паліцыі (ГФП). Сюды ж распаўсюджвалася дзейнасць айнзацкаманд з ліку айнзацгрупы B.
Для падтрымання парадку і дапамогі карным органам з ліку мясцовага насельніцтва ў ліпені 1941 года пачалося фарміраванне дапаможнай паліцыі — Службы парадку (). Яе колькасць разлічвалася зыходзячы з прапорцыі: адзін паліцай на 100 сельскіх жыхароў і адзін паліцай на 300 гараджан.
У чэрвені 1943 года прадстаўнік Слуцкай акругі Язэп Душэўскі ўвайшоў у склад створанай Вільгельмам Кубэ Беларускай рады даверу. У канцы таго ж года, з утварэннем Беларускай цэнтральнай рады (БЦР), яе намеснікам у акрузе стаў Іван Хіхлуша. Прадстаўнікі акругі прынялі актыўны ўдзел у палітычным жыцці напярэдадні эвакуацыі нямецкіх войскаў: 27 чэрвеня 1944 года 94 дэлегаты ад Слуцкай акругі прысутнічалі на Другім Усебеларускім кангрэсе ў Мінску.
Беларуская краёвая абарона У пачатку лютага 1944 года ў межах падрыхтоўкі да стварэння Беларускай краёвай абароны (БКА) Слуцк наведалі прэзідэнт БЦР Радаслаў Астроўскі, які сам з’яўляўся ўраджэнцам Случчыны і карыстаўся там папулярнасцю, і кіраўнік вайсковых спраў Францішак Кушаль. У горадзе адбылася сустрэча з гебітскамісарам і кіраўнікамі раёнаў. Усе кіраўнікі (за выключэннем капыльскага, які спасылаўся на моцны партызанскі рух у сваім раёне) запэўнілі ў магчымасці паспяховага правядзення мабілізацыі. На наступны дзень у перапоўненым будынку кінатэатра прайшоў сход мясцовага насельніцтва, якое з энтузіязмам падтрымала ідэю стварэння беларускага войска.
Падчас мабілізацыі, абвешчанай 10 сакавіка 1944 года, у Слуцкай акрузе было прызвана 3 982 чалавекі. З іх былі сфарміраваны пяць пяхотных і два сапёрныя батальёны БКА. Акруговым начальнікам БКА стаў былы кадравы афіцэр савецкай арміі падлейтэнант Сцяпан Шнэк. Нягледзячы на праблемы з абмундзіраваннем і ўзбраеннем, салдаты БКА неслі вартавую службу і ўдзельнічалі ў антыпартызанскіх аперацыях.
Халакост і карныя аперацыі
З першых дзён акупацыі на тэрыторыі акругі пачаўся тэрор супраць мясцовага насельніцтва і, у першую чаргу, супраць яўрэяў, якія да вайны складалі больш за траціну насельніцтва Слуцка. Ужо ў чэрвені-ліпені 1941 года ў лагеры ваеннапалонных у Слуцку (з верасня — шталаг № 341) паліцыя бяспекі праводзіла масавыя расстрэлы вайскоўцаў яўрэйскага паходжання.
У перыяд з ліпеня па кастрычнік 1941 года ў раённым цэнтры было створана Слуцкае гета, куды зганялі яўрэяў як з самога горада, так і з навакольных вёсак. Агульная колькасць вязняў дасягала 10 тысяч чалавек. Самай буйной карнай аперацыяй у гісторыі акругі стала акцыя 27—28 кастрычніка 1941 года, якую праводзілі падраздзяленні 11-га рэзервовага паліцэйскага батальёна і літоўскія калабарацыяністы. У выніку масавых забойстваў ва ўрочышчы Селішча было расстраляна каля 3—4 тысяч чалавек. Жорсткасць акцыі і знішчэнне кваліфікаваных рабочых выклікалі скандал нават у акупацыйнай адміністрацыі, прывёўшы да канфлікту паміж гебітскамісарам Г. Карлам і камандаваннем паліцыіСправаздача гебітскамісара Г. Карла ад 30 кастрычніка 1941 года (Nbg. Doc. 1104-PS); .
У лютым — сакавіку 1943 года на тэрыторыі акругі прайшла буйная карная аперацыя «Горнунг» (), скіраваная супраць партызан і мірнага насельніцтва. У выніку аперацыі было забіта 12 897 чалавек, узята ў палон у баях 2 219, а таксама канфіскавана каля 16,7 тысяч галоў жывёлы. Жорсткасць гэтай і падобных аперацый выклікала рэзкі пратэст з боку генеральнага камісара Вільгельма Кубэ, які ў жніўні 1943 года ў рапарце да Генрыха Лёзэ адзначаў, што нягледзячы на знішчэнне каля 11 тысяч чалавек у Слуцкай і Ганцавіцкай акругах, савецкі партызанскі рух там цалкам аднавіўся, а масавыя расстрэлы жанчын і дзяцей толькі адштурхоўваюць мясцовае насельніцтва ад супрацоўніцтва з нямецкімі ўладамі.
У 1942 годзе дзейнічала асобнае «Палявое» гета для непрацаздольных яўрэяў, якое сістэматычна знішчалася. Канчатковая ліквідацыя яўрэйскага насельніцтва акругі адбылася 8—9 лютага 1943 года пад кіраўніцтвам паліцыі бяспекі і СД, калі былі забіты апошнія 3 тысячы жыхароў гета. Акрамя яўрэяў, рэпрэсіям падвяргаліся і іншыя жыхары акругі: праз слуцкую турму прайшлі тысячы вязняў (каля 14 тысяч чалавек падвергліся катаванням, многія загінулі), практыкаваліся павешанні партызан і расстрэлы закладнікаў. Агулам за час існавання акругі ў яе межах было знішчана больш за 10 тысяч яўрэяў.
Крыніцы
Літаратура
Катэгорыя:Нямецкая акупацыя Беларусі (1941—1944) Катэгорыя:Генеральная акруга Беларусь Катэгорыя:Гісторыя Слуцка Катэгорыя:Гісторыя Слуцкага раёна Катэгорыя:З’явіліся ў 1941 годзе Катэгорыя:Зніклі ў 1944 годзе