Фуро — Фуро — артыкул Тхары (Mustela putorius furo) — прыручаная альбіносная форма тхара чорнага.

Біялогія Даўжыня цела самца — ад 48 да 80 см, а хвост — ад 13 да 19 см. Даўжыня цела самкі — ад 42 да 60 см, а хвост — 11-14 см. Палавы дымарфізм. Вага самца — ад 800 да звыш 2000 г. Вага самак — ад 600 да 1000 г. Розніца паміж летняй і зімовай вагой можа складаць да адной траціны ад агульнай вагі, хоць з узростам гэтая розніца памяншаецца.

Драпежны зубны апарат з 34 вострымі зубамі. Сярэдняя працягласць жыцця — 6-15 гадоў.

Размнажэнне Цечка ў самак адбываецца паміж снежнем і ліпенем, а гон у самцоў — цыклічна паміж сакавіком і жніўнем. Цяжарнасць — 40-42 дні, да 15 шчанюкоў у памёце, да трох памётаў за год. Шчанюкі нараджаюцца сляпымі і глухімі, важаць 6-12 грамаў, і расплюшваюць вочы ва ўзросце 5 тыдняў. Грудное выкормліванне заканчваецца ва ўзросце 3-6 тыдняў, а да 8 тыдняў у маладняку вырастаюць іклы, што дазваляе есці цвёрдую ежу. Палавая спеласць — ва ўзросце 6 месяцаў.

Рацыён Драпежнікі. Рацыён іх дзікіх продкаў складаецца пераважна з насякомых, земнаводных, дробных птушак і грызуноў. У заамазгазінах прадаюцца спецыяльныя кармы.

Паводзіны Фуро — жывёлы начныя, спяць 14-18 гадзін у суткі. Найбольш актыўныя на світанні і ў змярканні. У адрозненне ад сваіх продкаў, большасць фуро — сацыяльныя жывёлы. Тэрытарыяльныя жывёлы, любяць капаць, норы і спаць у закрытых памяшканнях. Як правіла, тхароў утрымліваюць у клетках (у лабараторных умовах у віварыях фуро ўтрымліваюць у клетках вышынёй не менш за 50 см і, у залежнасці ад масы цела, плошчай ад 0,15 да 0,6 м². Фуро вельмі прызвычайваюцца да месца пражывання, цяжка пераносяць пераезды, асабліва ў клетках-пераносках. Пажадана наяўнасць паілкі. Дзеля ўзбагачэння асяроддзя ў клетках змяшчаюць такія прадметы, як тунэлі, лесвіцы, гамакі або мячы. Абавязковая падсцілка, напаўняльнік, які таксама ўзбагачае асяроддзе фуро і значна палягчае ўборку клеткі. Акрамя таго, неабходны матэрыял для будаўніцтва гнязда — сена, салома або папера. Яшчэ ў сярэдзіне 20 стагоддзя паляўнічыя выкарыстоўвалі спецыяльныя скураныя чахлы-сумкі, якія перакідвалі праз плячо з дапамогай рамянёў, каб перанесці іх на паляўнічыя ўгоддзі. Фуро адчуваюць сябе найбольш камфортна ў дыяпазоне тэмператур 15-24 °C, але яны адносна добра адаптуюцца і да больш нізкіх тэмператур..

Як і многія іншыя драпежнікі, фуро маюць ванючыя анальныя залозы, вылучэнні якіх выкарыстоўваюцца для пазначэння сваёй тэрыторыі. Фуро таксама могуць выкарыстоўваць фекаліі і мачу дзеля той жа мэты. Ёсць паведамленні, што фуро могуць пазнаваць знаёмых асобін па гэтым паху, а таксама пол незнаёмых асобін.

Як і (іх родзічы) скунсы, фуро можа выкарыстоўваць свае анальныя залозы для вылучэння вадкасці з непрыемным пахам у сітуацыях хвалявання, здзіўлення або страху. Аднак пах значна слабейшы, чым у скунса, і лёгка рассейваецца. У многіх фуро, якія прадаюцца ў ЗША, анальныя залозвы ыдаляюць, але ў многіх частках свету (у тым ліку ў Еўропе) гэта лічыцца непатрэбным калецтвам.

Пры ўзбуджэнні фуро могуць выконваць т.зв. баявы танец, які ўключае серыю выпадковых скачкоў назад і ўбок, часта суправаджаемых распушанай поўсцю і ціхімі гукамі, падобнымі да хіхікання або квохтання. Нягледзячы на жвавасць, такая паводзіны не з’яўляецца праявай агрэсіі, а хутчэй хвалявання або запрашэння да гульні. Калі фуро раздражнёныя, трывожныя або напалоханыя, яны шыпяць або пішчаць.

Месца і перыяд прыручэння фуро невядомыя. Вядома, што гэта адбылося ў басейне Міжземнага мора. Наўрадці магчыма, гэтым месцам быў Егіпет, бо там няма лясоў і ў пірамідах і мастацтве яны не сустракаюцца. Больш верагодным здаецца, што менавіта еўрапейцы прыручылі фуро, бо яны былі вядомыя ў Рыме і Грэцыі.

Найстарэйшыя знойдзеныя рэшткі фуро датуюцца прыбл. 1500 г. да н.э., таму мяркуецца, што іх прыручэнне адбылося яшчэ раней.

Значэнне для чалавека Як і іншыя віды роду Mustela, фуро застаецца каштоўнай жывёлай, якую разводзяць дзеля футра. Таксама выкарыстоўваецца ў якасці лабараторнай жывёлы пры даследваннях касметыкі. Фуро спрадвеку выкарыстоўвалі дзеля палявання на трусоў, пацукоў. Іх разводзілі ў Еўропе яшчэ да таго, як свойскія каты набылі папулярнасць знішчальнікаў мышэй і палёвак. Верагодна, што на знакамітай карціне Леанарда да Вінчы «Дама з гарнастаем» намаляваны самец фуро (альбінос). З часоў Сярэднявечча фуро выкарыстоўваліся дзеля палявання на трусаў. Напрыклд, у Германіі, часцей усяго восенню (кастрычнік-лістапад) самца фуро, з бубенчыкам, на вяроўцы, запускалі у нару, каб ён выгнаў труса на паляўнічых.

Аўстралія — У Квінслендзе і Паўночнай тэрыторыі трымаць фуро у якасці хатніх гадаванцаў забаронена. У сталічнай тэрыторыі Аўстраліі патрабуецца ліцэнзія. Бразілія — Умова трымання — імплантацыя ідэнтыфікацыйнага мікрачыпа і стэрылізацыя жывёлы. Новая Зеландыя — Продаж, распаўсюджванне або развядзенне фуро забаронена з 2002 года, калі не выкананы пэўныя ўмовы. Партугалія — Трымаць фуро ў якасці хатніх жывёл незаконна. Фуро дазволена трымаць толькі для палявання, для іх утрымання патрабуецца ліцэнзія ад дзяржаўных уладаў. Злучаныя Штаты — Фуро былі забароненыя ў многіх штатах ЗША, але большасць гэтых законаў былі скасаваны ў 1980-х гадах. Фуро ўсё яшчэ пад забаронай у Каліфорніі. Тэрыторыя Пуэрта-Рыка мае падобныя правілы. Падобная сітуацыя назіраецца і ў некаторых гарадах, напр. Вашынгтон і Нью-Ёрк. Хатніх тхароў таксама забаронена ўвозіць на многія ваенныя базы. У некаторых месцах, у тым ліку ў Род-Айлендзе, для ўтрымання фуро патрабуецца дазвол. У штатах Ілінойс і Джорджыя не патрабуецца дазвол на ўтрыманне фуро, але для іх развядзення патрэбна ліцэнзія. Калісьці ў Даласе было забаронена трымаць тхароў, але дзеючыя правілы патрабуюць толькі вакцынацыі. Хатнія тхары забароненыя ў Вісконсіне, але мясцовыя ўлады выдаюць дазвол на іх імпарт. Японія — У прэфектуры Хакайда фуро павінны быць зарэгістраваны ў мясцовых уладах. У іншых прэфектурах абмежаванняў няма.

Крыніцы

Спасылкі

Катэгорыя:Жывёлы, апісаныя ў 1758 годзе Катэгорыя:Куніцавыя