«Уваскрэсенне Хрыстова», Васкрэсенне Хрыстова і сашэствіе яго ў ад — помнік беларускай літаратуры канца XVIII ст.; ананімны вершаваны твор. Узнік пад непасрэдным уплывам украінскага твора «Вершы на Вялікдзень», напісаны ў стылі травесці, перайшоў у фальклор ў розных рэдакцыях.

Адзін з варыянтаў апублікаваны ў зборніку І.Насовіча «Беларускія песні» (1873 г.), другі — у рукапісным зборніку «Беларускія народныя легенды, быліны і песні сялян былога Себежскага павета Віцебскай губерні, 1882—1890 гг.».

Напісаны на рэлігійна-царкоўную тэматыку, але асвятляе з’явы ў жартоўнай, бурлескнай форме, адлюстроўвае асаблівасці жыцця і побыту беларускага сялянства XVIII ст. Аўтар у гумарыстычным тоне апісвае біблейскі сюжэт аб другім прышэсці Ісуса Хрыста, настанні суднага дня і царства боскага. Бііблейскія героі Адам, Ева, Самсон, кніжнік Майсей, мудрэц Саламон і іншыя пададзены ў тагачасных абставінах; сваёй мовай, паводзінамі, рысамі характару яны больш падобны да звычайных сялян. У творы выразна прасочваецца асоба аўтара, яго погляд на жыццё і светабудову. Ідэйны змест «Уваскрэсенне Хрыстова» і аўтарская канцэпцыя светаўспрымання надаюць твору антырэлігійны характар.

Крыніцы

Публікацыі Беларуская літаратура XIX ст.: Хрэстаматыя. — Мн., 1971.

Літаратура

Ахрыменка, П. П., Ларчанка, М. Р. Старажытная беларуская літаратура. — Мн., 1968. Лазарук, М. А. Станаўленне беларускай паэмы. — Мн., 1968.

Катэгорыя:Кнігі паводле алфавіта Катэгорыя:Беларуская літаратура XVIII стагоддзя Катэгорыя:Ананімныя творы Катэгорыя:Літаратурныя творы на старабеларускай мове Катэгорыя:Вершаваныя творы