Свята-Раства-Багародзіцкая царква — праваслаўны храм у в. Мураванка Шчучынскага раёна Гродзенскай вобласці Беларусі. Помнік абарончага дойлідства. Мае стылявыя адзнакі беларускай готыкі з элементамі рэнесансуАбарончы храм Раства Багародзіцы ў вёсцы Мураванка..

Гісторыя 250px|left|thumb|Мураванкаўская царква на малюнку В. Гразнова (1874) Доўгі час афіцыйнай датай будаўніцтва царквы лічыўся 1407 год. Пазней аналіз гістарычных дакументаў паказаў, што дата 1407 г. была сфальсіфікавана ў XVII стагоддзі. Больш дэталёвае вывучэнне помніка дало навукоўцам падставы меркаваць, што пабудавана ўмацаваная царква была дзесьці паміж 1516 і 1542 гг. Да гэтага часу мясцовасць будучага будаўніцтва ўжо насіла назву Мураванка дзякуючы адзінай умацаванай мураванай вежы, якая і была пазней перабудавана ў храм.

1524 год — пачатак будаўніцтва цаглянай царквы. 1656 год — у вайну з Масквою значна пацярпела.

У Паўночную вайну царква трапіла ў 1706 годзе пад гарматны абстрэл войскаў шведскага караля Карла XII, якія ішлі на Палтаву. У выніку абстрэлу царква панесла сур'ёзныя пашкоджанні. Пасля гэтага прыйшла ў запусценне і была адноўлена толькі ў сярэдзіне XIX стагоддзя.

1822, 1871—1872 гады — капітальныя рамонт будынка. 1920-я гады — дзейнічала як касцёл. 1988—1990 гады — вяртанне царквы вернікам.

Архітэктура злева|thumb|250px|План царквы (1874) Царква ў Мураванцы — адзін з выдатнейшых помнікаў абарончага храмабудаўніцтва ў Вялікім Княстве Літоўскім. Падобная да Свята-Міхайлаўскай царквы ў Сынкавічах, яна мае больш дасканалую структуру.

У плане царква нагадвае правільны прамавугольнік, блізкі да квадрата (15х13,5 м). Да ўсходняга фасада прымыкае адна апсіда амаль на ўсю шырыню царквы. Вежы храма круглыя; заходнія вежы маюць ў дыяметры каля 4,5 м, таўшчыня сцен — блізкая да 1,8 м, а першапачатковая вышыня — каля 14 м; усходнія вежы меншых памераў — дыяметр усяго 3 м, таўшчыня сцен — каля 1 м, вышыня амаль такая ж, як і ў заходніх. У вежах размяшчаюцца вітыя сходы, якія вядуць да байніц. Кожная байніца мела від даволі вялікага праёму перакрытага акруглай аркай, які паступова звужваецца да сярэдзіны. Над байніцай — невялікая адтуліна для назірання за праціўнікам. Раней у паўночнай і паўднёвай сценах мелася па 7 байніц, потым адна была закладзена, засталося толькі шэсць — па тры з кожнага боку. Галоўны ўваход у храм абараняла цяжкая рашотка-герса, якая спускалася на ланцугах з нішы над уваходам.

Унутраная прастора збудавання падзелена чатырма гранёнымі слупамі на тры нефы, якія перакрыты зоркавымі скляпеннямі. Гурты апошніх у перапляценнях утвараюць ромбы і трохкутнікі. Была знойдзена алтарная сцяна, што аддзяляла кафалікон ад алтарнай часткі. Паводле меркавання Г. Лаўрэцкага, што гэта сцяна таксама была невялікім умацаваннем. Паводле апісанняў гісторыкаў, да пачатку XIX стагоддзі ў храме па ўсім перыметры ішоў тайны ход. Акрамя таго, там знаходзілася мноства схованак, а пад будынкам размяшчаліся два склепы.

Фасады храма насычаны дэкаратыўнымі элементамі. Нішамі ўпрыгожаны не толькі сцены, але і вежы, апсіда. Усё збудаванне ахоплівае дэкаратыўны паясок — рад цэглы, пакладзенай пад вуглом. Спалучэнне цёмна-чырвонага фона сцяны з белымі паясамі і нішамі надае храму асаблівае хараство, таму яго фасады не выклікаюць уражання суровасці.

Галоўны заходні фасад выконвае ролю своеасаблівага дэкаратыўнага шчыта, падзеленага па гарызанталі на дзве часткі. Унізе — тры нішы складанай канструкцыі. У кожнай з іх — дзве меншых памераў. У верхняй частцы зроблена адна вялікая ніша з падвойнай аркай. Нягледзячы на відавочную прастату, такі дэкор вельмі гарманічна падзяляе паверхню шчыта і надае яму вытанчанасць. Гэтаму спрыяюць і бакавыя абрысы франтона з яго рытмічнымі вертыкальнымі павышэннямі і стромкімі схіламі. Размяшчэнне шчыта франтона паміж ніжэйшымі вуглавымі вежамі значна ўзмацняе вертыкальнасць усяго заходняга фасада. Афармленне фасада зроблена па прынцыпе паступовага нарастання дэкаратыўнасці.

Храм неаднойчы змяняўся, асабліва ў час капітальных рамонтаў у 1822 і 1871—1872 гг. Зніклі некаторыя характэрныя дэталі, якія стваралі непаўторны каларыт царквы-крэпасці. Аказалася замураванай частка байніц на галоўным і бакавых фасадах, зніклі байніцы з усходняга. Раскіданы лесвіцы алтарных вежаў, на адзін ярус надбудаваны заходнія вежы заходняга фасада. Зроблены новыя карнізы, пабудаваны прытвор. На вонкавых сценах з'явілася тынкоўка. Аднак, нягледзячы на істотныя змены, першапачатковы выгляд храма ў асноўным захаваўся. У час Вялікай Айчыннай вайны была пашкоджана, у канцы 1940 — пачатку 1950-х гг. адрамантаваны сцены, скляпенні, дах.

Галерэя

Літаратура

Горны А. Страсці вакол Мураванкі. Эпізод з гісторыі Маламажэйкаўскай Свята-Раства-Багародзіцкай царквы // Поколение. 2013. № 2. С. 45—47. Лаўрэш Л. Датаванне пабудовы царквы ў Малым Мажэйкаве // Białoruskie Zeszyty Historyczne № 40. Białystok, 2013. С. 226—232. Лаўрэш Л. Спіс вернікаў царквы ў Малым Мажэйкаве, 1829 г. // Лідскі Летапісец 3(75)–2016. С. 26–40. Лаўрэш Л. Маламажэйкаўская царква: гістарычны нарыс. — Гродна: "ЮрСаПрынт", 2017. - 114 с.: іл. Лаўрэш Л. Зноў пра святароў і царкву ў Малым Мажэйкаве // Лідскі Летапісец, 2020. 1(89). С. 21-31. Лаўрэш Л. Фундатар Маламажэйкаўскай царквы Шымка Мацкавіч і яго нашчадкі // Беларусь у кантэксце еўрапейскай гісторыі: асоба, грамадства, дзяржава : зб. навук. арт. / ГрДУ імя Янкі Купалы. Гродна : ГрДУ, 2021. С. 299-305. // на pawet.net

Спасылкі

Катэгорыя:Праваслаўныя храмы Шчучынскага раёна Катэгорыя:Мураванка (Шчучынскі раён) Катэгорыя:Збудаванні Беларусі ў гатычным стылі Катэгорыя:Храмы Гродзенскай і Ваўкавыскай епархіі