Іван Міхайлавіч Пратасе́ня (, в. Старцавічы (цяпер в. Знамя), Слуцкі раён — , Мінск) — беларускі мастак–графік і акварэліст.
Біяграфія У 1957 годзе скончыў Мінскае мастацкае вучылішча, вучыўся ў Л. Лейтмана і Я. Харытоненкі. У 1965 годзе скончыў Маскоўскі паліграфічны інстытут. 3 1958 года працаваў мастаком у Дзяржаўным камітэце па тэлебачанні і радыёвяшчанні, мастацкім рэдактарам выдавецтва «Ураджай», у 1972—1984 гг. — мастацкім рэдактарам выдавецтва «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя», у 1985—2000 гадах мастацкім рэдактарам у часопісе «Работніца і сялянка» (цяпер «Алеся»).
Член Беларускага саюза мастакоў з 1973 года.
Творчасць З 1964 года ўдзельнічаў у мастацкіх выстаўках.
Працаваў у акварэлі і кніжнай графіцы, займаўся мастацкім аздабленнем часопісаў. Значная частка станковых твораў прысвечаная выдатным асобам беларускай гісторыі, у т.л. пісьменнікам, беларускім помнікам архітэктуры, гістарычнай тэматыцы. Аўтар акварэльных пейзажаў, у т.л краявідаў Случчыны.
Творы вылучаюцца дакладнасцю малюнка, тонкім пачуццём колеру, змястоўнай і эмацыйнай напоўненасцю. Аўтар пейзажаў «Лагойшчына» (1969), «Навальніца над Нараччу» (1972), «Стары Браслаў» (1976), «Восень у Вязынцы» (1980), «Вечны кліч. Адвечнае» (1982), «Вячэрні звон» (1998) і інш. Сярод тэматычных карцін: «Мелодыя роднага края» (1969), «Случчына мая, мае бацькі» (1971), «Маці. Прысвячаецца Н. Ф. Купрыянавай і яе сынам» (1975), «Вяселле ў Падгор’і» (1978), «Набат 1863 г. К. Каліноўскі і Марыся» (1989), «Трывожныя сны ветэрана» (1995); трыпціх «Балада» (памяці А. Міцкевіча; 1998); партрэтаў П. Броўкі і «Думы Цёткі (Алаіза Пашкевіч)» (1976), «Кірыла Тураўскі» (1979), «Развітанне ў Ляўках Я. Коласа і Я. Купалы» (1982), «Кветкі Радзімы. Францыск Скарына» (1988), «Асветніца Ефрасіння Полацкая» (1990), «Партрэт бацькі» (1999).
Аўтар серый помнікаў старажытнай архітэктуры Беларусі (1979—1981), «Акорды роднай мелодыі» (2000), малюнкаў.
Творы І. Пратасені ўключаныя ў альбом «Слуцкая палітра»Слуцкая палитра / Сост. Серик Н. Г. — РИУ «Литература и Искусство». 2010. — 64 с. (2010).
У снежня 2010 года перадаў у дар Дзяржаўнаму музею гісторыі беларускай літаратуры шэраг сваіх графічных твораў.
Прызнанне Узнагароджаны Дыпломам імя Францыска Скарыны (1984).
Крыніцы
Літаратура
Піскун В. Паціна даўняга часу // «Культура», № 51 (971). 2010, 18—24 снежн. Слуцкая палитра / Сост. Серик Н. Г. — РИУ «Литература и Искусство». 2010. — 64 с. Ціткоўскі І. Юбілей мастака // «Інфа-Кур’ер». 2006, 2 лют.
Спасылкі «М. Багдановіч. А сэрца ўсё імкнецца да бацькоўскага края», 1981. Артыкул на сайце ГА «Беларускі саюз мастакоў»
Катэгорыя:Графікі Беларусі Катэгорыя:Графікі паводле алфавіта Катэгорыя:Мастакі Беларусі Катэгорыя:Акварэлісты Беларусі