Баранавіцкае гета — яўрэйскае гета, якое было створана пад час Другой сусветнай вайны ў Баранавічах германскімі акупантамі.
Гісторыя Гета было створана амаль адразу пасля захопу гораду немцамі. 28 чэрвеня 1941 баранавіцкія яўрэі павінны былі перасяліцца ў раён Баранавічаў, празваны Сахалінам. Гета мела межы па вуліцах: Віленская (цяпер Гагарына), Наратовіча (цяпер Камсамольская), Царкоўная (цяпер Лісіна), Панятоўскага (цяпер Багдановіча), Ажэшкі. Уезд на тэрыторыю гета быў з вуліцы Віленскай па вуліцы Садовай (цяпер Міцкевіча). Усё гета было агароджана двума радамі калючага дроту.
На чалавека ў гета прызначаўся 1 м² жылой плошчы. Харчаванне (200 грамаў эрзац-хлебу на дзень і 1 кг крупы на месяц) выдавалася толькі працуючым.
У студзені 1941 ў гета знаходзілася больш за 15 000 яўрэяў з горада і ваколіцаў.
У баранавіцкі юдэнрат уваходзіла 26 асоб. На чале яго стаяў Аўсей Гіршавіч Ізыксон, паліцыяй гета кіраваў Наім Піневіч Вальтман. Сядзіба юдэнрат знаходзілася ў будынку па вуліцы Садовай, 10.
29 чэрвеня і 30 чэрвеня 1941 было расстраляна прыкладна па 500 і 300 яўрэяў на старых яўрэйскіх могілках (цяпер вул. Чарнышэўскага). 30 чэрвеня 1941 немцы адабралі 36 яўрэяў-дактароў быццам бы для лячэння савецкіх ваеннапалонных. І ў той самы дзень іх расстралялі.
9 ліпеня 1941 было паведамлена пра расстрэл 73 яўрэяў, якія супрацоўнічалі з камуністамі. У канцы ліпеня расстралялі яшчэ каля 70 чалавек інтэлігенцыі.
4 сакавіка 1942 быў праведзены масавы расстрэл жыхароў гета. Жывымі пакінулі толькі тых, хто мог працаваць. 3400 чалавек вывезлі да Зялёнага Моста за чыгункаю Баранавічы—Вільня і расстралялі. Забіты быў і старшыня гета Ізыксон.
17 снежня 1942 года пачалася поўная ліквідацыя Баранавіцкага гета. Яўрэі былі часткова знішчаны (6000 расстраляныя каля вёскі Грабавец), часткова перавезены ў Калдычэўскі лагер смерці. Падвалы ў будынках, дзе хаваліся людзі, закідваліся гранатамі, некаторыя дамы паліліся. На ўездзе ў горад з’явіліся таблічкі «Свабодна ад яўрэяў».
Летам 1942 у Баранавічы было прывезена некалькі тысяч яўрэяў з Чэхаславакіі, Аўстрыі і Германіі. Яны былі расстраляны недалёка ад горада ва ўрочышчы Гай.
Ушанаванне памяці
У 1992 годзе родныя і блізкія загінуўшых папрасілі дазволу на перазахаванне астанкаў загінуўшых у брацкай магіле на старых яўрэйскіх могілках, зруйнаваных у час вайны. У 1994 годзе на магіле быў адкрыты на сродкі яўрэйскага боку Мемарыяльны комплекс на магіле ахвяраў фашысцкага тэрору — вязняў Баранавіцкага гета.
Літаратура Шерман, Б. П. Барановичское гетто. Колдычевский лагерь смерти. Барановичи, 1997.
Спасылкі
Катэгорыя:Гета ў Беларусі Катэгорыя:З’явіліся ў 1941 годзе Катэгорыя:Зніклі ў 1942 годзе Катэгорыя:Гісторыя Баранавічаў