Яўгенія Эргардаўна Пфляўмбаум (,  — 14 студзеня 1996, Мінск) — беларуская паэтэса.

Біяграфія Нарадзілася ў Мінску ў сям’і чыгуначніка-немца Эргарда Карлавіча Пфляўмбаўма і Алены Кандратаўны Лагун.

У 1930 годзе скончыла літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Актыўна ўдзельнічала ў літаратурна-грамадскім жыцці: спачатку была членам аб’яднання «Маладняк», потым — БелАПП, а пазней уваходзіла ў склад кіраўніцтва гэтых арганізацый. У 1930—1932 гг. працавала бібліёграфам Кніжнай палаты пры Дзяржаўнай бібліятэцы БССР, літсупрацоўнікам рэспубліканскай газеты «Звязда».

Улетку 1931 г. выйшла замуж за Максіма Лужаніна. У 1933 годзе, калі Лужанін быў рэпрэсаваны і сасланы на два гады ў сібірскі Марыінск, выправілася следам за мужам, каб быць з ім побач. Пфляўмбаум была вымушана прадаць ўсю сваю асабістую бібліятэку з унікальнымі выданнямі, каб набыць білет на цягнікУладзімер Арлоў. Яўгенія Пфляўмбаўм (1.11.1908, Менск — 13.1.1996, Менск. Пахаваная на могілках вёскі Паперня, Менскі раён). Радыё Свабода.. Пасля вызвалення мужа пераязджае разам з ім у Маскву, дзе ў 1935—1945 гг. працуе рэдактарам Абароннага дзяржаўнага выдавецтва («Оборонгиз»).

Падчас Вялікай Айчыннай вайны служыла ў супрацьпаветранай абароне Масквы. З 1945 года і да самай смерці жыла ў Мінску.

Член Саюза пісьменнікаў СССР з 1989 г.

Памерла 14 студзеня 1996 года. Пахаваная на могілках вёскі Паперня ў Мінскім раёне, дзе пазней поруч з ёю быў пахаваны Максім ЛужанінЛюдмила Рублевская. Прощальные портреты ноября. 11 ноября 2009 г..

Творчасць

Пачала выступаць у друку з 1924 г. у часопісах «Маладняк», «Полымя», у газетах «Савецкая Беларусь», «Звязда». У 1926 г. разам з З. Бандарынай і Н. Вішнеўскай выдала калектыўны зборнік «Вершы». Пасля вяртання з ссылкі Лужанін вырашае рабіць усё так, як патрабуе кіруючая партыя. Паэтэса не пагаджаецца з мужам, і амаль усё сваё жыццё піша ў стол, не спадзяючыся калі-небудзь пабачыць напісанае ў друкуГанна Севярынец. Каханне па-за падручнікам. Невядомая паэтка, жонка вядомага паэта. 16.02.2017. Velvet.

Перакладала з англійскай мовы творы Джорджа Байрана і Джэка Лондана, а таксама з рускай — Антона Чэхава і Максіма Горкага. Усе пераклады друкаваў Максім Лужанін.

Вершы Пфляўмбаўм хацеў надрукаваць паэт Аркадзь Куляшоў, які выпадкова прачытаў іх, калі наведаў Лужаніна. Але смерць Куляшова ў 1978 годзе адклала вяртанне паэтэсы ў друк. Толькі ў 1989 годзе выйшаў зборнік вершаў «Сувой жыцця» з прадмовай Анатоля Вярцінскага, а ў 1992 г. — кніга «На захадзе сонца».

Перад смерцю Пфляўмбаўм хацела выдаць трэцюю кнігу вершаў «Зімовае сонца». Але, нягледзячы на намаганні Лужаніна, які пасля смерці жонкі рыхтаваў зборнік да друку, кніга так і засталася нявыдадзенайАнатоль Вярцінскі. «Мой лёс круты, як лес густы…» // Дзеяслоў, № 6(25), 2006.

Ушанаванне памяці У гонар паэтэсы названае беларускае выдавецтва «Пфляўмбаўм», заснаванае Святланай Алексіевіч у 2019 годзе.

Бібліяграфія

Пфляумбаум Я. Сувой жыцця: Кн. паэзіі / Уклад., рэд. і прадм. А. Вярцінскі. — Мн.: Маст. літ., 1989. — 406 с.

Літаратура

Республика Беларусь : энциклопедия : [в 7 т.]. — Минск, 2008. — Т. 6. — С. 337.

Трус М. «Нас толькі двое…» [Максім Лужанін і Яўгенія Пфляўмбаўм] // Літаратура і мастацтва. ‒ 24.11.2023. — № 47 (5256). — С. 11.

Спасылкі Загадка жыцьця і творчасьці Яўгеніі Пфляўмбаўм // 31 кастрычніка 2021 Маўчанне Яўгеніі Пфляўмбаўм // 6 лістапада 2018

Катэгорыя:Члены Саюза пісьменнікаў СССР Катэгорыя:Паэтэсы Беларусі Катэгорыя:Беларускамоўныя паэты Катэгорыя:Сябры літаратурнага аб’яднання «Маладняк» Катэгорыя:Члены Беларускай асацыяцыі пралетарскіх пісьменнікаў Катэгорыя:Выпускнікі Мінскага беларускага педагагічнага тэхнікума